Медыцынскае суправаджэнне дзіцячых садкоў пераходзіць да міністэрства аховы здароўя. 21.by

Медыцынскае суправаджэнне дзіцячых садкоў пераходзіць да міністэрства аховы здароўя

28.02.2012 09:26 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Медыцынскае суправаджэнне дзіцячых садкоў пераходзіць да Міністэрства аховы здароўя


З 1 сакавіка ўступае ў сілу Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб удасканаленні парадку аказання медыцынскай дапамогі навучэнцам". Згодна з гэтым дакументам, медыцынскія работнікі сістэмы адукацыі пераводзяцца ў штат тэрытарыяльных медыцынскіх устаноў. У найбольшай ступені гэтае змяненне закране сістэму дашкольнай адукацыі, бо на іншых узроўнях і да гэтага часу медыцынскае абслугоўванне навучэнцаў ажыццяўлялася пераважна па дагаворах з супрацоўнікамі медыцынскіх устаноў. Размова ідзе прыкладна аб трох тысячах медыцынскіх работнікаў: да іх, згодна з заканадаўствам, адносяцца медыцынскія сёстры, дыетсёстры, урачы і некаторыя іншыя работнікі.

З пытаннем, што зменіцца з 1 сакавіка ў медыцынскім абслугоўванні выхаванцаў дзіцячых садкоў, мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Галіны Макаранкавай:

— Фактычна пасля ўступлення ў сілу Указа прэзідэнта адбудзецца перадача функцый па медыцынскім суправаджэнні выхаванцаў дашкольных устаноў арганізацыям аховы здароўя. Медыцынскія работнікі ў поўным складзе павінны перайсці ў падпарадкаванне органаў аховы здароўя, але іх рабочым месцам застаюцца дашкольныя ўстановы. Узгоднена пазіцыя міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя — скарачэння штатнай колькасці быць не павінна. Наша сумесная задача — захаваць усё лепшае, што ёсць у медыцынскім суправаджэнні выхаванцаў дашкольных устаноў.

Ні для каго не сакрэт, што на працягу многіх гадоў існавала праблема медыцынскага абслугоўвання ва ўстановах дашкольнай адукацыі некаторых сельскіх рэгіёнаў. Яна звязана з двума фактарамі: па-першае, у большасці выпадкаў у дашкольнай установе не прадугледжана цэлай стаўкі медыцынскага работніка (як правіла, гэта 0,5, а часам, і 0,25 стаўкі). Знайсці ахвотных працаваць на такіх умовах вельмі складана. Да таго ж нельга скідваць з рахунку і дэфіцыт медыцынскіх кадраў у сельскіх рэгіёнах. А пасада ўрача ў штаце дзіцячага садзіка, як правіла, увогуле не прадугледжваецца. У многіх рэгіёнах ёсць праблемы з правядзеннем паглыбленых аглядаў і дыспансэрызацыяй выхаванцаў. Аб прабелах, якія маюцца ў прафілактычным наглядзе, можна меркаваць хоць бы па той акалічнасці, што калі дзеці пры пераходзе з садка ў школу трапляюць на кансультацыю да вузкіх спецыялістаў, у іх дыягнастуюцца ўжо хранічныя захворванні.

Раней існавала вельмі добрая практыка правядзення медыцынскімі ўстановамі дзён дыспансэрызацыі, калі вузкія спецыялісты выязджалі ва ўстановы адукацыі і на месцах праводзілі прафілактычныя агляды. Мяркую, што пры новай схеме медыцынскага суправаджэння трэба было б вярнуцца да такой практыкі.

У хуткім часе на месцах будуць распрацаваны палажэнні аб медыцынскім структурным падраздзяленні ў дашкольнай установе. У адпаведнасці з ім будуць прапісаны ў службовых інструкцыях канкрэтных медыцынскіх работнікаў іх абавязкі, функцыі і адказнасць. Але і з педагагічных работнікаў ніхто не знімае адказнасць за здароўе дзяцей і абавязак па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя. Кожны павінен якасна выконваць свае функцыі: медыцынскія работнікі — свае, а педагогі — свае. Здароўе дзяцей будзе залежаць ад нашага якаснага ўзаемадзеяння.

Пазіцыя міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя адзінадушная: умовы працы медыцынскіх работнікаў ва ўстановах адукацыі не павінны пагоршыцца. І ўсе функцыі медыцынскіх работнікаў, якія існуюць сёння, павінны быць захаваны, а ўрачэбнае суправаджэнне — удасканалена.

На што маюць права медыцынскія работнікі?

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі ў пісьмовым выглядзе павінны былі яшчэ за месяц папярэдзіць медыцынскіх работнікаў аб тым, што ім прапануецца даць згоду на перавод да другога наймальніка ў сувязі з перадачай ставак медыцынскіх работнікаў устаноў адукацыі ўстановам аховы здароўя. Разам з тым яшчэ не ўсе арганізацыі аховы здароўя накіравалі на адрас устаноў адукацыі запрашэнні на работу з указаннем прозвішча, пасады, заработнай платы і ўмоў, на якіх будзе прыняты работнік. Кіраўнікі тлумачаць гэта тым, што на дадзены момант у штатным раскладзе пакуль адсутнічаюць адпаведныя пасады.

— Некаторыя медыцынскія работнікі звяртаюцца ў прафсаюзныя органы па прававую кансультацыю ў сувязі з тым, што арганізацыі аховы здароўя адмаўляюцца прымаць іх на работу без тлумачэння прычын, — расказала журналісту "Звязды" галоўны прававы інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса МАНЮК. — Іншым работнікам адмаўляюць у прыёме на работу ў сувязі з тым, што ў іх няма неабходнай медыцынскай адукацыі, напрыклад, такой катэгорыі работнікаў, як дыетсёстры. Пэўныя праблемы ёсць у медыцынскіх сёстраў басейнаў і ЛФК. У сувязі з гэтым мы лічым неабходным растлумачыць работнікам іх правы і абавязкі.

1. Звальненне пераводам

Медыцынскія работнікі, якія маюць неабходную адукацыю і пагадзіліся на перавод у арганізацыі аховы здароўя, а тыя, у сваю чаргу, гатовы прыняць іх на работу ў парадку пераводу, павінны падаць заяўку ў пісьмовай форме наймальніку, у якога яны працуюць, аб згодзе на перавод, гэта значыць, на звальненне ў парадку пераводу да іншага наймальніка.

Разам з тым трэба мець на ўвазе, што калі ініцыятыва аб звальненні пераводам да іншага наймальніка сыходзіць ад наймальніка, з якім работнік знаходзіцца ў працоўных зносінах, то перавод магчымы толькі са згоды работніка.

Канчатковы разлік з работнікам наймальнік павінен зрабіць у дзень звальнення, гэта значыць, выдаць работніку ўсе выплаты, што належаць. Пры затрымцы разлікаў работнік мае права спагнаць з наймальніка сярэдні заробак за кожны дзень пратэрміноўкі, а ў выпадку нявыплаты часткі сумы — прапарцыянальна нявыплачаным пры разліку грашовым сумам.

2. Кантракт ці працоўны дагавор?

Пры вырашэнні пытання аб тым, які від працоўнага дагавора заключаць з запрошаным работнікам (кантракт або працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін ) трэба мець на ўвазе наступнае: калі пісьмовае запрашэнне на работу не змяшчала ўмовы аб заключэнні кантракта, наймальнік не мае права патрабаваць яго заключэння. Акрамя таго, прыняты ў парадку пераводу работнік мае права на прадастаўленне яму працоўнага водпуску да завяршэння шасцімесячнага тэрміну работы ў новага наймальніка. Пры гэтым прадастаўленне работніку водпуску па яго жаданні з'яўляецца абавязкам, а не правам наймальніка.

3. Калі медыцынскія работнікі не пагаджаюцца на перавод да іншага наймальніка...

Тыя медыцынскія работнікі, якія не пагадзіліся на перавод, павінны быць папярэджаны за два месяцы ў пісьмовым выглядзе, што будуць звольнены па скарачэнні штату.

Скасаванне працоўнага дагавора дапускаецца, калі немагчыма перавесці работніка з яго згоды на іншую работу, у тым ліку і з перанавучаннем (пункт 1 артыкула 42 Працоўнага кодэкса). Пры скасаванні працоўнага дагавора (кантракта) наймальнік абавязаны не менш чым за два месяца да звальнення (калі больш працяглыя тэрміны не прадугледжаны ў працоўным дагаворы, пагадненні) пісьмова папярэдзіць работніка.

Наймальнік мае права са згоды работніка замяніць папярэджанне аб будучым вызваленні выплатай кампенсацыі ў памеры двухмесячнага сярэдняга заробку. Калі ініцыятыва ў дасягненні такога пагаднення зыходзіць ад наймальніка ўжо пасля атрымання работнікам папярэджання, кампенсацыя выплачваецца прапарцыянальна часу, што застаўся да заканчэння двухмесячнага тэрміну папярэджання.

Да заканчэння тэрміну папярэджання звальненне работніка без яго згоды не дапускаецца. Да таго ж у перыяд дзеяння тэрміну папярэджання работніку павінны прадастаўляць адзін вольны дзень у тыдзень без захавання заработнай платы для вырашэння пытання аб самастойным працаўладкаванні ў іншых наймальнікаў.

Калі работнік адмовіўся ад прапанаваных вакансій, то пры звальненні, згодна з пунктам 1 артыкула 42 Працоўнага кодэкса, яму выплачваецца выхадная дапамога ў памеры трохразовага сярэднямесячнага заробку. Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што дамоўленасць паміж наймальнікам і работнікам аб замене папярэджання аб будучым звальненні выплатай кампенсацыі ў памеры двухмесячнага заробку ні ў якім разе не адмяняе выплату выхадной дапамогі ў памеры не менш за двухтыднёвы сярэдні заробак.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 1 сакавіка ўступае ў сілу Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб удасканаленні парадку аказання медыцынскай дапамогі навучэнцам". Згодна з гэтым дакументам,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика