Ці шкодны для здароўя рэнтген, якім мытнікі скануюць легкавікі на мяжы?
04.12.2012 11:04
—
Новости Здоровья
|
Ці шкодны для здароўя рэнтген, якім мытнікі скануюць легкавікі на мяжы? Фото: bymedia.net “У нядзелю, 2 снежня, я праходзіў мяжу праз “зялёны канал” на пункце пропуску “Брэст-Тэрэспаль”. Усё афармленне прайшоў даволі хутка, - апавядае Віталь. - Але перад самым шлагбаўмам на выездзе з Беларусі стаяў супрацоўнік мытні. Ён выбарачна разварочваў машыны назад: “Трэба прайсці дадатковае сканаванне”. Там стаяла вялікая белая машына, падобная на фуру, пад яе трэба было загнаць адразу некалькі легкавікоў. Вадзіцелям і пасажырам падчас гэтага сканавання трэба было далёка адыходзіць і стаяць: была шыльда наконт радыяцыі”. З такой працэдурай дагляду, паводле слоў Віталя, многія аўтааматары сутыкнуліся ўпершыню, таму да мытнікаў узніклі пытанні. “Некаторыя людзі запатрабавалі дакументы на гэта абсталяванне, прасілі патлумачыць, наколькі гэта бяспечна для здароўя. Прасілі прынесці дазіметр, каб праверыць свае машыны на радыяцыю. Адзін з кіроўцаў папрасіў мытніка, каб той сам сеў у яго легкавік і ад’ехаў ад месца, дзе праводзілася сканаванне. Той адмовіўся. Тады людзі запатрабавалі старэйшага па званні. Мне давялося з’ехаць, і развязкі я не дачакаўся. Але шмат у каго ў машыне ляжалі памперсы, прадукты і іншыя рэчы. Незразумела, ці можна усё гэта выкарыстоўваць пасля сканавання”. Пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі любое слова кшталту “радыяцыя” ці “рэнтген” многіх звычайных беларусаў палохае. Таму звязваемся са службовымі асобамі Дзяржаўнага мытнага камітэта, цікавімся той самай “вялікай белай машынай”, якая сканавала легкавікі. “Гэта інспекцыйна-даглядчы комплекс - англійскае абсталяванне. Ён дзейнічае згодна з прынцыпам рэнтгенаўскага абсталявання, - адказвае на пытанне Віктар Верамяюк, намеснік начальніка Брэсцкай мытні па пытаннях развіцця інфраструктуры. - Усё бяспечна, мы такія працэдуры праводзім па ўсёй зоне дзеяння мытні. У Заходняй Еўропе ІДК карыстаюцца не толькі ў пунктах пропуску. Вы можаце ехаць, перасяклі мяжу - і па маршрутах руху ёсць спецыяльныя стаянкі, дзе могуць “прасвяціць” і грузавыя, і легкавыя аўто”. Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага мытнага камітэта Ігара Пяшко, пытанне бяспекі пракантралявалі эксперты з МАГАТЭ. “Абсталяванне сертыфікаванае і ўсталяванае, з усімі санітарнымі нормамі, - тлумачыць Ігар Дзмітрыевіч. - Ніякіх праблемаў з выпраменьваннем няма. Такое ж абсталяванне з 1999 года выкарыстоўваецца ў Заходняй Еўропе. У тым ліку яно прадугледжана для агляду легкавых аўтамабіляў. У аэрапорце, калі правяраюць багаж, працуе такое ж абсталяванне. Чалавек, чый аўтамабіль правяраюць пры дапамозе ІДК, знаходзіцца па-за зонай яго работы". "Еўрарадыё": Звычайны грамадзянін, які ніколі раней не сутыкаўся з ІДК і пабойваецца, - ці мае ён права азнаёміцца з дакументацыяй на гэта абсталяванне? Ігар Пяшко: “Натуральна, мае. Чаму вы задаяце такое пытанне? Вы як грамадзянін маеце такое права. Але калі чалавек не хоча, каб агляд праводзілі пры дапамозе ІДК, ён можа папрасіць, каб аўтамабіль праверылі ў боксе паглыбленага агляду”. "Еўрарадыё": Па словах людзей, якія перасякалі мяжу, ім дакументы на месцы не паказалі. Ігар Пяшко: “Калі людзі жадаюць азнаёміцца з дакументамі, то могуць звярнуцца ў Брэсцкую мытню ці ў Дзяржаўны мытны камітэт, адкажам на ўсе пытанні”. Калі раней на пунктах пропуску пераважна сканавалі фуры, то цяпер ёсць шанцы, што і ваш легкавік прапусцяць праз “баявое хрышчэнне” рэнтгенам". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пунктах пропуску аўтамабілі "свецяць" наконт кантрабанды. Прынцып ― як з чамаданамі ў аэрапортах.
|
|