Забойца схаваў ахвяру пад цэментам. Адзінага падазронага шукаюць
10.08.2010 11:32
—
ЧП
|
24-гадовы Сяргей Кажура паспеў кінуцца наўцёкі да таго, як да яго завітала міліцыя
20-гадовая Алена, супрацоўніца турыстычнай фірмы з Вілейскага раёна, знікла 1 чэрвеня. Выйшла з вясковай хаты, якую яна здымала, і не вярнулася. Сваякі напісалі заяву ў міліцыю, дзяўчыну пачалі актыўна шукаць. Падключылі нават сродкі масавай інфармацыі, фотаздымкі Алены надрукавалі на папулярных інфармацыйных інтэрнэт-сайтах. Міліцыя прапрацоўвала ўсе магчымыя версіі. Перш-наперш праверылі, каму Алена магла тэлефанаваць увечары напярэдадні знікнення. Так выйшлі на дваіх мужчын, якія маглі мець дачыненне да справы. У міліцыянераў былі падставы падазраваць аднаго з іх — Сяргея Кажуру. Ён жыў у гэтай жа вёсцы і часта наведваўся да Алены госцем. Кажура выставіў легенду, згодна з якой дзяўчына ўвогуле з'ехала з вёскі. І пэўны час гэта версія гучала праўдападобна. Кажуру дапытвалі з дапамогай тэхнічных сродкаў, але той трымаўся спакойна, нічым сябе не выдаваў. Ён дзейнічаў звышасцярожна, як кажуць, разлічваў кожны свой крок. Але аднойчы ўсё ж выдаў сябе ў тэлефоннай размове. Міліцыянеры тут жа выехалі ў вёску, дзе жыў падазроны. Пачалі абшукваць тэрыторыю ля хаты яго бабулі. І ў гаражы натыкнуліся на дзікую знаходку: труп Алены быў засыпаны зямлёй і заліты цэментам. Сам падазроны кінуўся наўцёкі яшчэ да прыезду міліцыі, зразумеў, што зрабіў памылку. Ён перастаў выходзіць на сувязь са сваякамі. Міліцыя рабіла ўсё магчымае, каб затрымаць Кажуру, але падазроны пакуль знаходзіцца на волі. — Заведзена крымінальная справа па артыкуле 139 (забойства). Прычыну смерці дзяўчыны называць пакуль не будзем — вынікі ўсіх належных экспертыз пакуль не гатовыя. Вядзецца следства, — паведаміў Сяргей БОРДАК, следчы па асабліва важных справах пракуратуры Мінскай вобласці. — Адносінаў паміж імі не было ніякіх. У інтэрнэце пісалі пра тое, што ён Алену згвалціў, гэта няпраўда, — распавядае Алена Мікалаеўна, начальніца забітай дзяўчыны. — Каля года ён заходзіў да яе як прыяцель. І аднойчы пабачыў дарагі ноўтбук... Зарэзаў яе і забраў гэты камп'ютар. Банальнае, страшнае забойства... Знаёмыя Алены распавядалі, што дзяўчына была вельмі мілым чалавекам, больш за ўсё на свеце любіла жывёл. І да людзей ставілася з дабрынёй і даверам, не ўяўляючы, што ў прыяцелі могуць набівацца сапраўдныя вылюдкі. ПРЫКМЕТЫ ПАДАЗРОНАГА Ва ўчыненні наўмыснага забойства (частка 1артыкула 139) падазраецца 24-гадовы Кажура Сяргей Пятровіч. Нарадзіўся і жыў у Маладзечне. На выгляд 23-24 гады, рост 175-177 сантыметраў, хударлявага целаскладу, валасы прамыя, русыя. Упраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама просіць усіх грамадзян, якім вядома пра месцазнаходжанне Сяргея Кажуры, паведаміць па тэлефонах у Мінску — (017)229 04 11, 229 04 03, 229 05 90, па мабільным тэлефоне на нумар +375 29 665 10 06 альбо ў найбліжэйшы орган унутраных спраў па тэлефоне 102. Канфідэнцыяльнасць і ўзнагароджанне гарантаваныя. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міліцыя прапрацоўвала ўсе магчымыя версіі. Перш-наперш праверылі, каму Алена магла тэлефанаваць увечары напярэдадні знікнення. Так выйшлі на дваіх мужчын, якія... |
|