Капыльская града вiтаць гасцей рада
22.05.2010
—
Разное
|
У рэгiёне ствараецца зялёны маршрут Капыльшчына – самабытны i жывапiсны куток нашай Радзiмы са сваёй багатай гiсторыяй i культурнымi традыцыямi заўжды быў цiкавым як для самiх капылян, нашых сучаснiкаў, так i для гасцей раёна. Прывабнаць гэтага краю расце дзякуючы новаму будаўнiцтву, добраўпарадкаванню населеных пунктаў, росту вытворчасцi. Але далейшае развiццё ставiць задачы максiмальна эфектыўнага выкарыстання энергетычнага, матэрыяльнага i чалавечага рэсурсаў. I ў пачатку гэтага года ў рамках рэалiзацыi сумеснага праекта Еўрапейскага саюза i Праграмы развiцця ААН «Устойлiвае развiццё на мясцовым узроўнi», т. зв. мясцовай абвесткi-21, раён выступiў з iнiцыятывай па стварэннi зялёнага маршруту «Мiжрэчча Мажы i Морачы». Такая магчымасць нададзена Капыльшчыне ў сувязi з перамогай у конкурсе, якi праводзяць згаданыя мiжнародныя iнстытуты. У якасцi прыярытэтных задач абвесткi-21 выбрана арыентацыя на беражлiвае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў, захаванне унiкальнай культуры i традыцый, а таксама садзейнiчанне развiццю турызму. Гэтаму ў поўнай меры i павiнен служыць маршрут «Мiжрэчча Мажы i Морачы», якi атрымаў яшчэ адну загадкавую назву «Залатое кольца». Тут разлiчваюць, што ўзбагачэнню турыстычнай прывабнасцi паспрыяе выкарыстанне ўсiх найбольш моцных бакоў патэнцыялу раёна. У прыватнасцi, такой яго геаграфiчнай адметнасцi, як наяўнасць Капыльскай грады, аднаго з адгалiнаванняў Мiнскага ўзвышша, помнiка археалогii – Замкавай гары ў Капылi, з-пад якой выцякае крынiчка. Сваё слова турысту могуць «сказаць» тры заказнiкi мясцовага значэння: гiдралагiчныя «Волка» i «Марачанскi», заалагiчны «Ракiтнiк», батанiчныя помнiкi прыроды рэспублiканскага значэння: каштан i клёны каля Бабоўнi, дуб каля Грозава, калiфарнiйскiя пiхты каля Чыжэвiчаў. Цiкавы i той факт, што праз раён працякае 28 малых рэчак, дзве з якiх упадаюць у Прыпяць. Багаты i разнастайны пералiк аб’ектаў матэрыяльнай спадчыны раёна. У дзяржаўны спiс помнiкаў гiсторыi i культуры ўнесена 39 найменняў, тады як нават знакамiты сваёй мiнуўшчынай Нясвiж змог прапанаваць толькi 28 аб’ектаў адпаведнага кшталту. У гэтым пералiку – каштоўнае сваёй архiтэктурай «Капыльскае прадмесце», якое ўяўляе сабой восем будынкаў старой забудовы ў цэнтры горада, Троiцкая царква другой паловы XVIII ст. у вёсцы Цялядавiчы, сядзiбна-паркавы комплекс таго ж часу ў вёсцы Макраны, якi належаў фундатару Чырвонага касцёла ў Мiнску Эдварду Вайнiловiчу, помнiк польскай паэтэсе С. Тшачкоўскай (Манькоўскай) у Бабоўнi i iнш. Дарэчы, Капыльшчына – радзiма больш чым 70 пiсьменнiкаў, вядомых вучоных, грамадскiх i палiтычных дзеячаў, у лiку якiх кiраўнiк першага рэвалюцыйнага ўрада Цiшка Гартны (Жылуновiч), Кузьма Чорны, Адам Русак, Алесь Адамовiч i iншыя. Тэрыторыя раёна, яе жыхары воляй лёсу не аднойчы аказвалiся ў цэнтры грамадскiх падзей, процiстаяння дзвюх палiтычных сiстэм. Праз гэтыя мясцiны да 1939 года праходзiла дзяржаўная гранiца памiж Краiнай Саветаў i Польшчай, а ў вёсцы Цiмкавiчы размяшчаўся 17-ы пагранатрад. Цяпер у мяцовай школе створаны яго музей. Увогуле, у раёне функцыянiруе шэраг унiкальных музейных кампазiцый, прадстаўленых шматлiкiмi арыгiнальнымi экспанатамi, якiя адлюстроўваюць асаблiвасцi гэтых мясцiн, расказваюць пра знакамiтых людзей розных часоў. У гэтым пералiку – гiсторыка-краязнаўчы музей, музей этнаграфii i фальклору, музей Героя Беларусi, генеральнага канструктара па аўтамабiльнай тэхнiцы М.С. Высоцкага, цэнтр ткацтва ў вёсцы Семежава, цэнтр традыцыйнай культуры ў вёсцы Мажа i iнш. Маршрут «Мiжрэчча Мажы i Морачы» праходзiць якраз i праз Семежава, заснаванае ў XV ст. Радзiвiламi i размешчанае на былым Кацярынiнскiм тракце. Вiзiтнай карткай паселiшча стаў калядны абрад «Цары», унесены ў спiс нематэрыяльнай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Разам з набыткамi ручнога ткацтва, мерамi па аднаўленнi i развiццi гэтага рамяства абрад «Цары» дапаможа турысту глыбей пранiкнуць у самабытны побыт беларусаў розных эпох. А ўсяго капыльскае «Залатое кольца» ахоплiвае 17 населеных пунктаў. Зразумела, арганiзацыя «Мiжрэчча...» запатрабуе новых iнiцыятыў, дапрацовак, далучэння свежых сiл з лiку недзяржаўных арганiзацый i г.д. з тым, каб падцягнуць да сучаснага ўзроўню прадпрыемствы гандлю, месцы адпачынку, прыдарожны сервiс i многае iншае. Але, як кажуць, былi б мэта i жаданне, а настойлiвасцi капылянам не займаць, асаблiва калi размова iдзе пра перспектывы, пра iмiдж роднай старонкi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Капыльшчыне ствараецца зялёны маршрут
|
|