Трохногі… пасажыр. 21.by

Трохногі… пасажыр

26.05.2010 12:12 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэспандэнт не атрымаў заданне, ён вымушаны ў гарадскім транспарце ездзіць з кійком. Я ўжо больш‑менш аклімалася пасля аварыі. На рэабілітацыю езджу ў грамадскім транспарце. Праўда, пакуль што кульгаю з кійком. І вось гэты непрыемны факт якраз прымусіў звярнуць асаблівую ўвагу на стаўленне да кульгавых пасажыраў.

Падымацца па прыступках трамвая, акрамя кійка, мне дапамагаюць парэнчы. Дзякуй таму, хто іх прыдумаў! Далей шукаю вачыма пустое месца. Калі такога няма, апускаю вочы і моцна трымаюся за парэнчы. Дзяўчына, ля якой стаю, заўважыла мой кіёк, схамянулася, ускочыла:

— Сядайце, калі ласка.

Хлопцы па суседстве толькі павялі вачыма.

У наступны раз месца мне зноў саступіла дзяўчына. І яшчэ ў наступны — немаладая жанчына. Гэта, напэўна, гендарная салідарнасць спрацоўвае, як і ў выпадку з цяжарнымі.

Жанчыны часцей і ахвотней саступаюць крэслы, бо ўяўляюць сябе на маім месцы. Незразумела, чаму мужчыны лічаць сябе застрахаванымі ад пералому нагі.

Ну, ды бог з імі! Не такія ўжо і дрэнныя мужыкі — здараецца, і яны саступаюць месцы.

Стараюся заходзіць у пярэднія ці сярэднія дзверы, каб пасажыры, якія сядзяць, бачылі мяне і загадзя прымалі рашэнне. Бо калі ўваходзіць у заднія дзверы, рызыкую быць незаў‑ важанай і праехаць, стоячы на зламанай назе. Стаяць‑то яно нястрашна. Маё становішча пагаршаецца, калі транспартны сродак пачынае рухацца і раскачвацца. Калі надараецца ўваходзіць у апошнія дзверы, я наўмысна спыняюся ля крэсла з маладым чалавекам і спадзяюся на рэакцыю. Рэакцыя бывае не заўсёды. Стаю ля школьніка, юнак старэйшых класаў. Стараецца не паварочваць галавы, не глядзець у мой бок. Пазяхае.

Ні разу мне не саступалі месца школьнікі.

А здаецца, гэта менавіта там, у першай навучальнай установе, прывіваюць павагу і шанаванне. Можа, ён адумаецца, калі вырасце, можа, не дай бог, калі сам трапіць у такую сітуацыю. А можа і не адумаецца. Можа, перавядзецца пакаленне, якое саступае месца ў транспарце.

— Дастаткова аднаго квітка, дзяўчыне не набывайце, — кажа кандуктар майму спадарожніку, уважліва разглядаючы кіёк.

Гэты кандуктар — мужчына. Тут ужо не гендарная салідарнасць, проста чалавечыя адносіны. Я тады падзякавала кандуктару ў трамваі. А зараз прылюдна перадаю яму вялікі дзякуй!

Езджу ў транспарце, у асноўным, калі людзі на працы. Народу ў трамваі няшмат, і, хутчэй за ўсё, знойдзецца пустое месца ці той, хто яго прапануе.

А вось у гадзіну пік быццам трапляеш у іншую краіну з іншымі людзьмі. Стомленыя едуць з працы ўрачы і кухары, бухгалтары і эканамісты, выхавацелькі і настаўнікі, праграмісты і журналісты, рабочыя з завода і студэнты. І кожны з іх, як і я, чакае, калі ж хто‑небудзь выйдзе і вызваліцца месца.

Тут толькі натуральны адбор. Усе ў аднолькавым становішчы. Мой кіёк блытаецца між шматлікіх ног пасажыраў. Тыя, што сядзяць, зларадна пасміхаюцца з тых, хто стаіць, і моляцца, каб на наступным прыпынку не ўвайшла нямоглая бабулька. І каб ужо дакладна не заўважыць прысутнасць нямоглых у транспарце, утыкаюцца хто ў газету, хто ў тэлефон, хто старанна разглядае гузікі на сваім пінжаку, быццам тут іх з роду не было, а пакуль ён працаваў, нехта прышыў. Я не вытрымліваю натуральны адбор, бо не магу так спрытна падскокваць да нарэшце вызваленага месца. Абавязкова апярэдзіць хто‑небудзь больш стомлены. Я ўжо і не спрабую. Бараню свой кій, каб яго не знеслі — як‑небудзь даеду.

Яшчэ адна несправядлівая заканамернасць, якую заўважыла, — мне больш ахвотна саступаюць месца, чым бабулькам. Не, я не лыпаю вачамі, ды і выглядаю куды больш бадзёрай за бабулю, якая толькі што ўвайшла і мітусіцца паміж занятымі крэсламі.

Правераны прыём — сядзячыя пасажыры ўтыкаюцца ў газеты, тэлефоны, знянацку прышытыя гузікі і не заўважаюць старой.

Я не вытрымліваю і гучна запрашаю:

— Ідзіце прысядзьце.

Узрадаваная бабка бяжыць ледзь не з іншага канца аўтобуса, заўважае мой кіёк і мяняецца ў твары.

— А нашто мне месца саступаеш, калі ў самой ножка баліць? Не буду я садзіцца!

— Не, сядайце, я хутка выходжу, ды і маладзейшая я, вытрымаю.

Пакуль мы спрачаемся, на прыпынку ўваходзіць усё такі ж сталеючы школьнік і завальваецца ў наша непадзеленае крэсла, нават не здымаючы заплечнік.

Мы з бабуляй слупянеем. Сядзячыя пасажыры ажыўляюцца, сумленне прачынаецца, і нас абедзвюх усаджваюць.

— Вось вам аднаразовы білецік, а гэта — талон для дзяўчыны, можаце не прабіваць, няхай на іншую паездку застанецца. Цяпер, напэўна, часта прыходзіцца доктара наведваць, хоць крыху зэканоміце.

На гэты раз да майго спадарожніка з жаданнем хоць неяк дапамагчы і паўдзельнічаць звяртаецца кандуктар‑жанчына. І гэта таксама не гендарная салідарнасць, я ўпэўненая. У нашай краіне жывуць неабыякававыя, добрыя і міласэрныя людзі. Проста яны часта стамляюцца на працы і забываюць вучыць дзяцей спачуванню і павазе.


Таццяна Салдаценка, Звязда

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт не атрымаў заданне, ён вымушаны ў гарадскім транспарце ездзіць з кійком
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика