Генерал Младзіч і палкоўнік Буданаў: розныя войны, розныя лёсы. 21.by

Генерал Младзіч і палкоўнік Буданаў: розныя войны, розныя лёсы

06.07.2010 13:50 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

11 ліпеня абвешчана Еўрапарламентам «Днём памяці генацыда ў Срэбраніцы». У гэты дзень 15 гадоў таму войска самаабвешчанай Рэспублікі Сербскай пад камандаваннем генерала Радка Младзіча завяршыла «вызваленне» мусульманскага анклава Срэбраніца.

Ахвярамі яе цягам некалькіх дзён сталі ад 7 да 10 тысяч мірных баснякоў — мужчын і падлеткаў.

Гэта стала самым крывавым эпізодам у гісторыі вайны 1992–95 гадоў у былой югаслаўскай рэспубліцы Боснія і Герцэгавіна. Усяго ў анклаве Срэбраніца падчас баснійскай вайны загінулі да 30 тысяч уцекачоў — і сербаў, і баснійскіх мусульман.

У 1993-м годзе ААН абвясціла гэты анклаў «зонай бяспекі». Сачыць за яе датрыманнем былі закліканы міжнародныя міратворчыя сілы. Але міратворчы кантынгент з Нідэрландаў, які адказваў за зону Срэбраніцы, фактычна не зрабіў нічога падчас наступу войска Младзіча. Галандскія салдаты заставаліся ў ролі назіральнікаў у часе этнічнай чысткі.

Міжнародны трыбунал Гаазе кваліфікуе масавыя расстрэлы ў Срэбраніцы як акт генацыду і ваеннае злачынства.

За яго былі асуджаны, у прыватнасці, сербскі наёмнік Дражан Эрдэмавіч (вызвалены праз тры з паловай гады) і генерал Радзіслаў Крсціч. У Гаазе, як вядома, адбываецца судовы працэс над былым прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай Радаванам Караджычам, які шмат гадоў хаваўся ад міжнароднага трыбунала, як перад тым — экс-презідэнт Сербіі Слабадан Мілошавіч. Ён памёр у турме ў Гаазе.

Караджычу, у прыватнасці, інкрымінуецца дырэктыва № 7, прынятая ў сакавіку 1995. Ён загадаў цалкам ізаляваць Срэбраніцу і Жэпу ў Босніі. У выніку блакады ад голаду памёрла шмат людзей, а галоўнае — дырэктыва аддаліла перспектыву мірнага пагаднення.

Сёлета ў ноч на 31 сакавіка Парламент Сербіі прыняў рэзалюцыю, у якім катэгарычна асуджаецца «злачынства супраць баснійскіх мусульман у ліпені 1995 года…як гэта кваліфікавана ў вызначэнні Міжнароднага суда ААН». Сербскі парламент таксама прынёс прабачэнні сем’ям загінулых.

Гэта адлюстроўвае агромністыя зрухі, якія адбыліся за апошнія гады ў сербскім грамадстве. Калі яшчэ гадоў дзесяць таму Караджыч і Младзіч (якога ўсё яшчэ шукаюць, каб даставіць у міжнародны трыбунал) большасцю сербаў успрымаліся як героі-патрыёты, сёння ў іх ужо амаль не засталося прыхільнікаў. Няма ў грамадстве, асабліва сярод моладзі, былой нянавісці да НАТО, авіяцыя якой бамбавала Сербію падчас вайны ў Косаве ў 1999-м, нянавісці да Захаду ў цэлым.

Курс Сербіі — на сяброўства ў Еўразвязе, якога засталося чакаць зусім нядоўга.

Тая ж перспектыва сёння і ў Босніі і Герцэгавіны. Там таксама ёсць свае ваенныя злачынцы-мусульмане. І іх таксама судзяць, альбо іх яшчэ чакае суд у Гаазе. Пакаранне за былыя злачынствы і пакаянне — неабходная ўмова для пераходу да міру і працвітання.

Зусім інакш выглядае сітуацыя ў Расіі. Там сёлета ўвесну, дарэчы, адзначалася таксама знамянальная дата — 10 гадоў таму было абвешчана пра заканчэнне паўнамаштабнай баявой аперацыі ў Чачні. Другая Чачэнская вайна, якая распачалася ўвосені 1999-га, як вядома, афіцыйна называлася «контртэрарыстычнай аперацыяй».

Праўда, пасля ўзяцця федэральнымі войскамі Грознага, Сержень-Юрта, Шатоя і абвяшчэння генералам Трошавым заканчэння «паўнамаштабнай аперацыі» ў 2000-м былі яшчэ бітва за сяло Камсамольскае, гібель пермскага АМОНа (каля сарака чалавек). У лютым 2002 года прэзідэнт Пуцін у сваім пасланні Федэральнаму Сходу заявіць пра заканчэнне «ваеннай стадыі канфлікта ў Чачні». Пасля гэтага будуць падрыў Дома ўрада ў Грозным, падрыў ваеннага шпіталя ў Маздоку, рэйд Гелаева ў Дагестан, забойства ў тэракце кіраўніка адміністрацыі Чачні Ахмада Кадырава, рэйд баявікоў у Інгушэцію. У 2006 годзе (ужо ў трэці раз) у Маскве заўяляюць пра завяршэнне контртэрарыстычнай аперацыі. У тым жа годзе адбываецца захоп баявікамі Нальчыка.

У гэтым пераліку не згаданыя трагедыя ў тэатры на Дуброўцы ў Маскве, шматлікія тэаракты ў маскоўскім метро, на чыгунцы, тэрарыстычныя нападзенні на прадстаўнікоў улады ў Інгушэціі, Дагестане, па ўсім Паўночным Каўказе.

Цяжка пазбавіцца адчування, што вайна там працягваецца.

У кожным выпадку, дагэтуль не была дадзена належная ацэнка вынікам не толькі другой, але і першай Чачэнскай войнаў. Федэральныя сілы сабе ў заслугу ставяць забойства законна абранага прэзідэнта Ічкерыі Масхадава, Басаева, Бараева, Хатаба, іншых тэрарыстаў. Але яны дагэтуль чыняць перашкоды ў расследаванні ваенных злачынстваў з боку федэральных сілаў, пра якія ёсць шмат сведчанняў і пра якія цвердзяць праваабаронцы. Дагэтуль няма дакладных лічбаў ахвяраў гэтых войнаў — як сярод вайскоўцаў, так і сярод мірнага насельніцтва.

Аднаго з найбольш адыёзных злачынцаў — палкоўніка Буданава, які закатаваў, а потым загадаў салдатам згвалтаваць чачэнскую дзяўчыну, нядаўна выпусцілі на волю.

Зразумела, усё гэта не дае падставаў расійскім уладам урачыста адзначаць якія б то ні было даты, звязаныя з чачэнскай вайной.

Нядаўна здарылася, можна сказаць, беспрэцэдэнтная падзея. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю аб сітуацыі з правамі чалавека на Паўночным Каўказе. Упершыню Расія не пярэчыла прыняццю падобнай рэазлюцыі. У рэзалюцыі гаворыцца аб неабходнасці аб’ектыўнага расследавання шматлікіх выкраданняў, катаванняў і забойстваў людзей, крытыкуюцца расійскія метады барацьбы з узброенымі ісламістамі. Адзначаецца і тое, што ўлады Чачні стварылі і падтрымліваюць «атмасферу страху». «Персаналізацыя ўлады» у рэзалюцыі называецца ганебнай з’явай. Характэрна, аднак, што сама гэтая ўладная персона — Рамзан Кадыраў — не названа. Гэтага дэлегацыя Расіі ў ПАСЕ не магла дапусціць. А парламенцкая асамблея і не настойвала.

Для Савета Еўропы сітуацыя на Паўночным Каўказе — гэта ўнутраная справа Расіі.
Віталь Тарас

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика