«Мы кожны дзень на парахавой бочцы»
12.07.2010
—
Разное
|
Газета «Народная воля» адзначае 15-годдзе. Напярэдадні гэтай святочнай даты яе галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч у інтэрв’ю «Салідарнасці» раскрыў сакрэт даўгалецця свайго выдання і расказаў, якую карысць ён прыносіць людзям ва ўладзе і чаму лічыць сваіх супрацоўнікаў ненармальнымі. — Падзяліцеся сакрэтам: як вам удаецца выжываць у сённяшніх умовах?
— У такіх умовах выжываць могуць толькі ненармальныя людзі. Самаахвярныя фанаты. У “Народнай Волі” толькі такія і працуюць. Інакш мы б не змаглі столькі праіснаваць. — А што ўвогуле было самае цяжкае за гэтыя 15 гадоў? — Мне лепш адказаць на пытанне: што было самае лёгкае? Бо лёгка не было ніколі. Гэта 15 гадоў выжывання, 15 гадоў змагання за жыццё — нават не за працу, не за творчасць, а за жыццё! Мы кожны дзень на парахавой бочцы. Хто нам можа адказаць, што будзе заўтра-паслязаўтра? З газетай, з кожным з нас, з нашымі чытачамі? І тым не менш мы працуем. Працуем насуперак здароваму сэнсу. Мне нават самому не верыцца, што мы праіснавалі так доўга. Дзе можна пабачыць, каб у цывілізаванай краіне газета выдавалася ў такіх умовах? Мы прайшлі праз тры выгнанні, тры “эміграцыі”. Па некалькі гадоў друкаваліся ў Літве, потым апошнія чатыры гады ў Смаленску... Нармальная газета не павінна выдавацца ў такіх умовах. Але даводзіцца так працаваць, і мы працуем. — А які нумар для вас стаў самым запамінальным? — Першы і сённяшні (гутарка адбылася ў пятніцу – А.З.). Калі я ўзяў у рукі першы нумар, то адчуў, што стварыў новую газету, якая называецца “Народная воля”. Гледзячы на сённяшні нумар, калі мінула 15 гадоў, адчуваеш пачуццё гонару: мы прайшлі ўсе цяжкасці, усе выпрабаванні. Газета не спыніла сваё існаванне ні на адзін дзень. Вы ж ведаеце, колькі газет прыхлопнула ўлада за апошнія гады? Мы, дзякуй Богу, вытрымалі. І ўсё дзякуючы таму, што ў “Народнай волі” працуюць самаахвярныя людзі. — А ці адчуваеце вы аддачу ад сваіх чытачоў? — Калі б не было чытачоў, не было нашых падпісчыкаў, дык навошта я выдаваў бы газету? Няўжо ж вы думаеце, што я выдаю “Народную волю” для Лукашэнкі? Мы робім газету Беларусі для грамадзян Беларусі. І гэта наш стойкі трамплін. Ведаеце, у якіх умовах мы распаўсюджвалі газету, калі друкаваліся ў Смаленску? Пералічваючы свае кроўныя грошы праз банкі, каб надрукавацца, і адпраўлялі газеты ў канвертах, як звычайныя лісты. Дзякуй Богу, што ёсць людзі, якім патрэбна свабоднае слова, людзі, якім патрэбна дэмакратыя, якім патрэбна Беларусь. Дзеля іх і працуем. Я неаднаразова казаў і магу гэта паўтарыць сёння: мы не служым нейкім партыям ці рухам, мы служым грамадзянам Беларусі, самой Беларусі. — Аднак, мяркуючы па тых перашкодах, што ствараюць вам улады, у “Народнай волі” ёсць пастаянныя чытачы і ў высокіх кабінетах?.. — Так, людзі чытаюць. І няхай. Думаю, мы карысць прыносім, як для той часткі грамадства, якая б’ецца за дэмакратыю, так і для тых, хто працуе сёння ва ўладзе. Аднолькава расплюшчваем вочы і тым і другім. Ужо бачым, што нельга абмяжоўвацца тым накладам, які друкуецца. — Чым вы больш за ўсё ганарыцеся ў сваёй працы? — Я ганаруся нашымі чытачамі і тымі людзьмі, якія працуюць побач са мной, – вось што трымае нас на гэтым свеце. фото Крынiца: Анастасія Зелянкова, Салідарнасць
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
|
|