«Крывія — наша Святая зямля». 21.by

«Крывія — наша Святая зямля»

19.10.2010 15:52 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гістарычнае месца беларускай нацыі заўсёды хвалявала розумы патрыётаў. У цяперашні час назіраецца прасоўванне ідэі балцка-славянскага паходжання беларусаў. На пытанні «Нашай Нівы» адказваў даследчык традыцыйнай беларускай культуры Аляксей Дзермант.

Наша Ніва: Якая этымалогія слова Крыўя? Адкуль яно паходзіць?

Аляксей Дзермант: Набольшая пераканаўчая этымалагічная версія звязвае паходжанне наймення крывічы і, адпаведна, зямлі якую яны насялялі — Крывіі, Крыўі з балцкімі словамі для азначэння святароў: krivis, kriwe, Krivė-Krivaitis. Гэтак, паводле аўтарытэтнага знайцы балта-славянскай даўніны Уладзіміра Тапарова, крывічы могуць усведамляцца як совеасаблівае племя святароў. Гэта ўскосна пацвярджаецца і тым, што абшар, населены крывічамі, гэта Вялікі еўрапейскі водападзел, тэрыторыя, адкуль бяруць пачатак найбуйнейшыя рэкі Усходняй Еўропы — Дзяпро, Дзвіна і Волга. У старажытнасці гэткія землі, скуль бяруць пачатак вялікія рэкі звычайна сакралізаваліся і ўважаліся з святыя. Такім чынам, Крывія — гэта нашая Святая зямля.

НН: Тэрыторыя рассялення крывічоў не ахоплівала ўсю Беларусь. Чаму пасля Вацлава Ластоўскага назву Крыўя атаясамляюць з Беларуссю?

АД: Удакладню — не ахоплівала ўсю сучасную Беларусь. Але ядравая частка былой крывіцкай тэрыторыі амаль дакладна адпавядае паўночны і паўночна-усходнім этнаграфічным і лінгвістычным межам беларускага народу. Здаецца, гэта невыпадкова. І тады атрымліваецца, што Крывіччына — гэта ці не большая палова той тэрыторыі, дзе пазней сфармаваліся беларусы. Гэта адна з прычынаў, паводле якіх Вацлаў Ластоўскі, мабыць, і культываваў гэтае найменне ў якасці нацыянальнага. Другая прычына — сімвалічная. Менавіта з Полацкага княства, князі якой у летапісах нават называліся крыўскімі бярэ пачатак дзяржаўная трыдыцыя, адметнасцю якой было імкненне да самастойнай і незалежнай палітыкі. Крыўя і сёння — гэта найперш вельмі істотны сімвал для нашай ідэнтычнасці. Гэта сакральныя перашапачаткі і найдаўнейшыя карані.

НН: Якія абшары распаўсюджвання гідронімаў і тапонімаў з асноваю крыв- крэв- ? Ці яднае гэтыя тэрыторыі аднолькавы моўны дыялект?

АД: Гідронімы і тапонімы з асновай крыў-, крэў- найбольш шчыльныя і цягнуцца кампактнай паласою ад Прусіі праз Усходнюю Літву, Беларусь, Усходнюю Латвію ажно да Пскоўшчыны. Гэта яшчэ адна сур’ёзная падстава бачыць у этнічнай гісторыі крывічоў «балцкі след». Але на гэтых тэрыторыях сёння пашыраныя розныя мовы — дзесці балцкія, дзесці славянскія. Між тым, даследаванні лінгвістаў сведчаць, што, прыкладам г. зв. «паўночнакрывіцкі» дыялект — вельмі архаічны і некаторыя ягоныя рысы цалкам адпавядаюць аналагічным рысам у дыялекатх балцкіх моваў. З гэтага вынікае выснова, што рэшткі былой крывіцкай мовы таксама з’яўляюцца індыкатарам колішняй балцкасці.

НН: Ці шмат балцкіх каранёў у сучаснай беларускай мове? Што агульнае ў дыялектах на памежных тэрыторыях сучасных Беларусі, Літвы і Латвіі?

АД: Агульную колькасць лексічных балтызмаў беларускай мовы яўна перавышае тыя некалькі соцень прыкладаў, што звычайна фігуруюць у лінгвістычнай літаратуры. На жаль, нашым балтызмам не надта пашчасціла, бо, па вялікім рахунку, ніхто з тутэйшых даследчыкаў не рабіў франтальнага даследавання гэтай тэмы. Ужо даўно наспела патрэба стварэння і выдання адмысловага «Слоўніка беларускіх балтызмаў», але бракуе спецыялістаў, абазнаных у тэме, здатных да ажыццяўлення гэтага буйнога і вельмі знакавага для Беларусі праекту. Таксама істотна зразумець, што ў нашай мове ёсць не толькі лексічныя балтызмы, то бок асобныя словы, але цэлыя сінтаксічныя канструкцыі балцкага паходжання кшталту ісці ў грыбы, пайсці вады і г.д., а таксама фанетычныя асаблівасці, якія ўзніклі ў выніку балцкага ўплыву. І ўсё гэта спадчына нашых балцкіх продкаў, якая праз стагоддзі захавалася гэткім вось чынам.

НН: Ці праўда, што арфаэпіка і вымаўленне беларускай мовы балцкага паходжання? У прыватнасці, дзеканне, яканне?

АД: Так, сярод вядомых лінгвістаў тэорыя пра паходжанне асноўных адметных рысаў беларускай мовы: дзекання, цекання, акання, якання ў выніку ўплыву тутэйшых балцкіх дыялектаў вельмі пашыраная і ўважаецца за абгрунтаваную. Крыху жартаўліва можна нават сказаць, што беларусы размаўляць па-славянску з балцкім акцэнтам.

НН: Традыцыйныя пахаванні на тэрыторыі Беларусі з насыпамі-валатоўкамі маюць больш славянскае ці балцкае паходжанне?

АД: На тэрыторыі Беларусі, асабліва на захадзе і поўначы ў XI — XIII, а нават і пазней, можна сустрэць курганы, у якіх масава сустракаюцца рэчы, што інтрэпрэтуюцца як балцкія, у іншых курганах знаходзяць змяшаны рэчавы інвентар. Археолагі часта вызначаюць этнічную атрыбуцыю пахавальных помнікаў паводле рэчавага інветара, які там знаходзіць. Мне гэтая метадалогія не здаецца надта карэктнай. Ёсць выпадкі, асабліва ў сітуацыі міжкультурнага ўзаемадзення, калі матэрыяльная культура і нават пахавальная традыцыя не можа надзейна сведчыць пра тое, якую этнічную свядомасць мелі людзі, пахаваныя ў курганах і якой мовай або нават мовамі яны гутарылі. Тут патрэбен больш далікатны падыход, калі этнічнасць разглядаецца комплексна, з улікам самых розных чыннікаў.

НН: Ці падмацавана навукова думка, што сучасныя беларусы з’яўляюцца нашчадкамі легендарных гіпербарэйцаў? Што Вы мяркуеце на гэты конт?

АД: Ёсць самыя розныя інтэпрэтацыі наконт таго які рэальны прататып мелі гіпербарэйцы, вядомыя ў антычных аўтараў як насельнікі поўначы. Прынамсі, версія пра тое, што народы на поўнач ад скіфаў ды па той бок Карпатаў акурат маглі быць гэтымі набожнымі гіпербарэйцамі, здаецца досыць пераканаўчай. Некаторыя дследчыкі звязваюць іх з даўнімі балтамі, што засялялі гэтя паўночныя абшары, ну, а магчымае паходжанне наймення крывічоў таксама напрошваецца, каб быць разгледжаным у звязку з гэтай праблемай.

НН: Як адбывалася змешванне балтаў і славянаў?

АД: З увагі на найноўныя тэндэнцыі ў навуцы, тэорыя пра масавае славянскае рассяленне, міграцыю, пагатоў каланізацыю тэрыторыі будучай Беларусі выглядае сумнеўна. Хаця б таму, што антрапалагічныя і генетычныя матэрыялы сведчаць пра пераемнасць генафонду беларусаў з часоў якія задоўга папярэднічалі меркаванаму рассяленню славянаў. Саму праблему балта-славянскага ўзаемадзеяння варта разглядаць у іншай перспектыве. Трэба ўлічваць, што працэс моўнай славянізацыі імаверна меў прычынай не толькі перасяленні, якія зноў паўтару, не былі настолькі масавымі, але і ўнутраную эвалюцыю тутэйшых балцкіх дыялектаў, а таксама зважаць на палітычна-рэлігійны чыннік, калі славянскія гаворкі, а разам з ёю і ідэнтычнасць ішла поруч з княскай дружынай і Царквою. У пэўным сэнсе славянізацыя працягваецца і сёння — у форме русіфікацыі, тады як беларушчына захоўвае сляды нашай даславянскай спадчыны.

НН: Ці браты па крыві беларусы і рускія?

АД: Гэтае пытанне мне здаецца не надта карэктным, бо на яго нельга адказаць адназначна. Калі параўноўваць фізічнае аблічча беларусаў і расійцаў як гэта робяць антраполагі, то, безумоўна, ёсць значныя адрозненні. Напрыклад, асноўная частка беларусаў ёсць паўночнымі еўрапеоідамі і далучаецца да рэгіянальнага тыпу балтыйскай расы. Тады як жыхары Цэнтральнай Расіі займаюць прамежкавае становішча паміж паўночнымі і паўднёвымі еўрапеоідамі, а таксама маюць уралоідныя прыкметы.

Разам з тым, генетычная карта выглядае троху інакш. Амаль на усёй тэрыторыі Усходняй Еўропы пераважаюць пэўныя генетычныя тыпы — гаплагрупы, якія зусім не супадаюць з этнічнымі межамі і адрозніваюць нас ад жыхароў Заходняй Еўропы. Але справа ў тым, што гэтыя гаплагрупы маглі сфармавацца задоўга да якіх-кольвек этнічных супольнасцяў і нават расаў, таму аўтаматычна звязваць іх з праблемамі этнагенезу не выпадае.

НН: Што мяркуеце пра тэзу аб адзіным народзе беларусаў, украінцаў і расійцаў?

АД: Лічу, што гэта гістарыяграфічны міф, які мае наперш ідэалагічнае паходжанне і прызначэнне. Ані ў старажытнасці, ані ў сучаснасці такога народа з адзінай мовай, саманазвай і свядомасцю ніколі не існавала.

НН: З 1721 году, дзякуючы Пятру І, назву «русіны» забралі сабе тагачасныя маскавіты. Як ставіцца да гэтага? Ці мусім мы цяпер адракацца русінскага паходжання на карысць літвінізму?

АД: Ад нашай «рускай» спадчыны ні ў якім разе адмаўляцца не трэба. Трэба проста правільна яе зразумець, інтэрпрэтаваць і ўспрымаць. Пачнем з таго, што сама «русь» мае скандынаўскае паходжанне і яе з’яўленне тут, гісторыя Полацка, лучыць нас з рэгіёнам Балтыйскага мора, па-другое «русінства» таксама трэба ўспрымаць у літоўскім кантэксце як гэта было ў ВКЛ, а не проіцпастаўляць яму, як гэта сёння робяць некаторыя гісторыкі з пэўнымі ідэалагічнымі мэтамі. Робячы стаўку на «русінства» як генеральную лінію радаводу беларусаў яны проста ігнаруюць усё тое, што не ўпісваецца ў іхную славянска-праваслаўную рэдакцыю гэтага чынніку. А што рабіць з крывічамі, радзімічамі, ятвягамі, якія былі да «русі»? Навошта маргіналізаваць літоўскую традыцыю, калі яна панавала ў ВКЛ? Я разумею логіку, паводле якой «русінская» генеалогія разглядаецца як больш адпаведная сучаснаму стану нацыянальнай свядомасці беларусаў, але папраўдзе дзейсная стратэгія нацыябудаўніцтва дзеля каб дасягнуць жаданых вынікаў не павінна арыентавацца на аморфную масу, якой лёгка маніпуляваць, але ствараць трывалую ды гістарычна абгрунтаваную гіерархію ідэнтычнасці, дзе знойдзецца месцам усім складнікам.

НН: Наколькі мэтазгодным у сучаснасці звязваць своеасаблівыя беларускія традыцыі (Каляды, Камаедзіца, Саракі, пахаванне стралы) з рэлігійнасцю?

АД: Першапачаткова ўсе гэтыя святы мелі рэлігійны сэнс і культавы бок. Яны былі звязаныя з традыцыйным этнічным Космасам і былі кропкамі, якія забяспечвалі яго гарманічнае існаванне. У гэтым была сутнасць святаў. Цяперашні секулярызаваны чалавек нічога не хоча чуць пра рэлігійны сэнс, ён патрабуе прафанных забаваў і відовішчаў. Тады яму трэба ісці ў цырк. Ну, а той, хто хоча далучыцца да сваёй этнічнай традыцыі, мусіць навучыцца разумець яе, у тым ліку і тую надзычай цікавую ды старажытную рэлігійна-касмалагічную філасофію і тэалогію, якую яна змяшчае.

НН: Кім Вы лічыце сябе больш: філосафам, гісторыкам ці этнакультуролагам?

АД: Мае прафесійная ідэнтычнасць — філосаф. Але праз тое, што мае навуковя зацікаўленні шчыльна звязаныя з нашай Традыцыяй, то без грунтоўнага ведання гісторыі, народнай культуры, хаця б пачатковай лінгвістычнай адукацыі ніяк не абысціся, таму я мушу вольна арыентавацца і ў гэтых абсягах. Агулам, мой даследчыцкі досвед паказвае, што найбольш цікавыя ды ўражвальныя вынікі атрымліваеш менавіта на скрыжаванні пэўных дысцыплінаў.

Аляксей Дзермант (нарадзіўся ў 1979 годзе ў Мінску) — філосаф, даследчык традыцыйнай культуры. Сябра Цэнтру этнакасмалогіі «KRYŬJA», укладальнік альманаху «DRUVIS», рэдактар парталу kryuja.org. Сфера навуковых зацікаўленняў — беларуская і балцкая міфалогія, праблемы этнагенезу беларусаў, палітычная і этнічная гісторыя Беларусі, філасофія традыцыяналізму.

Падзяліцца навіной: 
Гутарыў ЮМ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гутарка з даследчыкам традыцыйнай культуры Аляксеем Дзермантам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика