Папярэднія вынікі заляцанняў Аляксандра Рыгоравіча да заходніх крэдытораў
18.11.2010 22:01
—
Разное
|
Галоўны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка праігнараваў сённяшнюю рэгістрацыю прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду ў РБ. Ну сапраўды, навошта яму, ледзь не маршалу і амаль самадзяржаўцу ўсяе Беларусі, таўкацца ў натоўпе нейкіх там Дык няхай бы яны, разумеючы неабгрунтаванасць сваіх патрабаванняў і нікчэмнасць сваіх памкненняў, стаялі і ціхенька маўчалі. Але ж не, яны яшчэ і нешта там вякаць будуць, крытыкаваць… І іх трэба будзе слухаць. Слухаць і нервавацца. Адвык жа Аляксандр Рыгоравіч за апошнія гады ад публічнай крытыкі, на дадатак сказанай проста ў вочы і перад падначалянымі. Ну і потым расейскае тэлебачэнне ўсе гэтыя нервовыя пакусванні вусоў пакажа і ў чарговы раз паздзекваецца. А гэтыя гадкія Вова і Дзіма смяяцца будуць. — Адным словам — не. І не прасіце. Ні за якія Еўропы і Захады. Не пайду, — мог заявіць сваім палітдарадцам Так яно было ці не так невядома, але Аляксандр Рыгоравіч сёння займаўся надзвычай важнымі дзяржаўнымі справамі — наведваннем Парку высокіх тэхналогій. Ну, а што? Тэхналогіі справа важная. Без іх мы анікуды. Дзеля справедлівасці трэба зазначыць, што рэгістрацыю — гэтую важную з пункту гледжання выбарчай кампаніі падзею — праігнаравалі і некаторыя апазіцыйныя кандыдаты. Уладзімір Някляеў сустракаўся ў Варшаве з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім, а Віталь Рымашэўскі паехаў у далёкае замежжа знаёміць французаў і іншых галандцаў з сітуацыяй у РБ. Што ж. Каму што баліць… Тыя ж, хто прыйшоў на ўрачыстае ўручэнне кандыдацкіх пасведчанняў, маглі толькі выліць сваю фрустрацыю на няшчасную Лідзію Міхайлаўну Ярмошыну. Калі хто не ведае — так завуць нязменную старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі. Яраслаў Раманчук, напрыклад, з езуіцкай усмешкай (а як жа ж, вядома — паляк і каталік — і не саромеецца ж, гадзіна!) уручыў Лідзіі Міхайлаўне кніжку пра Парыж. Усе ж ведаюць, што яна надта хоча паехаць у сталіцу Францыі, а яе туды не пушчаюць. У «чорны спіс» занеслі. Візы не даюць… А гэты яшчэ і здзекваецца. Ці так сапраўдны джэнтэльмен паступае з дамай, хай сабе і бальзакаўскіх гадоў? А Павал Севярынец, нават не кандыдат, а толькі давераная асоба кандыдата, які больш важным чым рэгістрацыя на пасаду кандыдата ў прэзідэнты палічыў мазольную працу языкам у нейкіх там страсбургах ці ландонах, а таксама выпендрываецца. Паказвае сваю маральную перавагу. Нават рукі Лідзіі Міхайлаўне не падаў. А яшчэ веруючы чалавек, называецца! А Алесь Міхалевіч? Малады, а сам туды. Пра дачку свайго кіраўніка штабу ўзгадаў. Бачыш яго: «Дзеці — гэта тое, што нас аб’ядноўвае». Што ўдумаў, хітруга. Да Колі яе сватае! Маўляў калі не на выбарах, то ў выпадку дынастыйнага шлюбу, але ва ўладу мы войдзем. Не б Лідзіі Міхайлаўне нейкага кавалера падсватаць, але як што добрае зрабіць, то мы ў кусты. Ну і ўсе астатнія не лепшыя. Адзін усіх клоўнамі абзывае, другі краіну дыктатурай — хоць Аляксандр Рыгоравіч не так даўно усім патлумачыў, называць яго дыктатарам можа толькі ненармальны чалавек. Зразумела, што гэтая лібералізацыя разам з дэмакратызацыяй толькі прадстаўленне. Дзеля заходнікаў. Каб потым грошы далі. Але ўсё адно прыемна. І так, падвядзем папярэднія вынікі заляцанняў Аляксандра Рыгоравіча да заходніх крэдытораў. Зарэгістраваны 10 кандыдатаў. Найбольш ў гісторыі Беларусі. Будуць тэледэбаты, на дадатак у «жывым эфіры». Міліцыя і надалей будзе выконваць ролю маці Тарэзы і слёзна абяцае не паддавацца на правакацыі і нікога не лупцаваць падчас перадвыбарчай кампаніі. Словам цырк, прабачце, разгул дэмакратыі працягваецца. З нецярплівасцю чакаю, куды прывядзе Аляксандра Рыгоравіча, а за ім і ўсю краіну гэтая крывая дэмакратычнай мары. Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Піша Андрэй Пачобут.
|
|