Гігін: Пачатак вялікай дружбы. 21.by

Гігін: Пачатак вялікай дружбы

08.12.2010 17:09 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 1942 г. у сусветны пракат выйшаў фільм «Касабланка», якому была прызначаны лёс легенды Галівуду. Многія дыялогі, цэлыя сцэны з гэтай карціны разышліся на цытаты. Але самай знакамітай стала фраза, вымаўленая ў самым фінале стужкі: «Я думаю, гэта паслужыць пачаткам вялікай дружбы». Другое жыццё гэтаму выказванню даў Эмір Кустурыца, уставіўшы яе ў свой фільм «Чорная котка, белы кот». Фраза з галівудскага блокбастэра як ніколі дарэчы для апісання цяперашняга стану беларуска-амерыканскіх адносін.

Праўда, галоўнымі героямі гэтым разам з’яўляюцца не Хамфры Богарт і Інгрыд Бергман, а Сяргей Мартынаў і Хілары Клінтан, а месца дзеяння перанеслася з мараканскай Касабланкі ў казахскую Астану.

Прызнаюся шчыра, калі ў пачатку гэтага года я пачуў ад пасла Казахстана ў Беларусі Анатоля Смірнова аб амбіцыйных планах яго краіны адзначыць сваё старшынства ў АБСЕ грандыёзным самітам кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў ў Астане, то палічыў гэтую мэту амаль неажыццяўляльнай. Бо такія сустрэчы не праводзіліся цэлых 11 гадоў! Тым не менш, казахі здолелі ажыццявіць задуманае, за што ім і асабліва прэзідэнту Нурсултану Назарбаеву асобны рэспект!

Аднак яшчэ больш складанай задачай было знайсці кансэнсус для прыняцця выніковай дэкларацыі прадстаўнічага форуму. Але і гэтай нялёгкай справе (гэта ж трэба — узгадніць пазіцыі 56 дзяржаваў!) далі рады казахскія дыпламаты. Безумоўна, пасля саміту ў Астане Казахстан падняў свой аўтарытэт у сусветнай супольнасці на больш высокую прыступку.

Для Беларусі адным з найважнейшых дасягненняў сустрэчы ў Астане стала сумесная заява ЗША і Беларусі аб ядзернай бяспецы і правах чалавека. Няма ніякіх сумневаў у тым, што гэта сур’ёзны прарыў у развіцці двухбаковых адносін, сапраўдная дыпламатычная сенсацыя з шэрагу прычын.

Па-першае, сама заяву вытрыманая ў вельмі прыязным тоне. Няма ніякага раздражнення, узаемных папрокаў. Злучаныя Штаты адмовіліся ад вялікадзяржаўнай і пыхлівай мовы ультыматумаў, на якой зазвычай размаўлялі з Беларуссю цягам доўгіх гадоў. А словы ўхвалы і падтрымкі з боку ЗША ў адрас нашай краіны на маёй памяці наогул прагучалі ўпершыню.

Па-другое, такія заявы не з’яўляюцца раптоўна. Такім чынам, папярэдне была праведзеная значная праца дыпламатаў абедзвюх краін. І пры гэтым ніводнай уцечкі! Гэта відавочнае сведчанне новага фармату адносін Беларусі і ЗША — фармату даверу і супрацоўніцтва (ужо прабачце за казённы тон, але лепш не скажаш!).

Заява літаральна «нашпігаваная» станоўчымі сігналамі, якія пазначаюць карэннае змяненне беларуска-амерыканскага дыялогу.

Напрыклад, ухвала з боку ЗША праекту будаўніцтва беларускай АЭС — справа амаль небывалая. Вядома, як насцярожана ставіцца Вашынгтон да такіх ініцыятываў, падтрымліваючы толькі тыя, якія зыходзяць ад прыязных краін.

Не менш важнае і адрасаванае Беларусі афіцыйнае запрашэнне ўзяць удзел у Саміце па ядзернай бяспецы, які пройдзе ў Рэспубліцы Карэя ў 2012 г. І ўсё гэта на фоне словаў аб сумесных намаганнях па ўмацаванні глабальнага супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

А чаго вартая фінальная частка заявы, у якой гаворыцца аб станоўчых кроках Беларусі ў правядзенні выбараў?!

І гэта пасля славутага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» і іншых актаў, акцый, праектаў і ініцыятываў, якія раней адкрыта падтрымлiваліся з-за акіяну з адной мэтай — дамагчыся змены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі! Цяпер пра гэта няма і гаворкі.

Дасягнуты вынік мае вялікае значэнне не толькі для беларускай, але і для амерыканскай дыпламатыі, у тым ліку для Хілары Клінтан асабіста. Бо за амаль два гады знаходжання ў Белым доме адміністрацыя Барака Абамы наўрад ці можа пахваліцца нейкімі істотнымі дасягненнямі на міжнароднай арэне. У яе замежнапалітычны актыў варта запісаць хіба што дамову СНУ-3, падпісаную ў красавіку 2010 г. паміж ЗША і Расіяй у Празе. Ды і тое, ратыфікацыя гэтага дакумента пастаўленая пад сумнеў у сувязі з перамогай рэспубліканцаў на прамежкавых выбарах у Кангрэс. Чарговы правал мірнага працэсу на Блізкім Усходзе, зневажальныя ваенныя і палітычныя паразы ў Афганістане, нязломны Іран, чый ўплыў ўсё больш узмацняецца ў суседнім Іраку, абвастрэнне сітуацыі на Карэйскім паўвостраве, якая спрычыніла далейшае падзенне аўтарытэту ЗША ў Лацінскай Амерыцы, нарэшце, аглушальны скандал з уцечкамі сакрэтнай інфармацыі, выкладзенай на сайце WikiLeaks, — усё гэта далёка не найлепшы багаж, з якім вашынгтонскія дэмакраты падышлі да сярэдзіны тэрміну свайго прэзідэнта. Таму сумесная заява з Беларуссю стала зусім не лішнім плюсам у залік адміністрацыі Абамы.

Безумоўна, прыняты ў Астане дакумент стаў сур’ёзным расчараваннем для тых сілаў, якія шчыра лічылі, што ў Аляксандра Лукашэнкі не атрымаецца дыялог з Захадам.

Так, на працягу некалькіх апошніх месяцаў значна палепшыліся адносіны Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза. У рамках гэтай інтэграцыйнай супольнасці ўзнікла нават своеасаблівая група сяброў Беларусі, да якіх смела можна аднесці Германію, Літву, Італію, а з нядаўняга часу — яшчэ і Польшчу. Але шматлікія скептыкі (зрэшты, будзем казаць наўпрост — нядобразычліўцы нашай краіны) спадзяваліся, што пазіцыя Вашынгтона будзе нашмат больш цвёрдай. Як бачым, усё наадварот. Змена тону адносін паміж Вашынгтонам і Мінскам будзе толькі вітацца ў еўрапейскіх сталіцах. Сустрэча ў Астане дасць магчымасць еўрапейцам больш упэўнена і дынамічна развіваць свой дыялог з Рэспублікай Беларусь.

Вядома, сёй-той паспрабуе злавіць у сумеснай заяве антырасійскія ноткі — маўляў, Беларусь павярнулася на Захад. Але гэта будзе перадузятая і павярхоўная ацэнка. Для Расіі паляпшэнне адносін паміж Рэспублікай Беларусь і ЗША, Захадам у цэлым выгаднае не менш, чым для нашай краіны. Калі кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі хоча бачыць сваю дзяржаву сапраўды сусветнай звышдзяржавай, якую паважаюць, а не толькі баяцца, то статус яе саюзнікаў адыгрывае вялікую ролю. Таму прарыў штучнай ізаляцыі Беларусі з боку Захаду толькі на руку Маскве. Рост аўтарытэту найбліжэйшага саюзніка будзе спрыяць умацаванню пазіцый самой Расіі. Тым больш што на апошнім саміце «Расія-НАТА», які адбыўся 20 лістапада ў Лісабоне, пазначылася збліжэнне Расійскай Федэрацыі з еўраатлантычнай супольнасьцю. Так што цяперашні курс беларускай дыпламатыі не толькі не супярэчыць расійскай замежнай палітыцы, але нават наадварот — ідзе з ёй паралельным курсам.

Праўда, ёсць ўсё ж і тыя, што прайгралі ад распачатага прыязнага беларуска-амерыканскага дыялогу. Гэта прадстаўнікі т.зв. «беларускай апазіцыі». На працягу многіх гадоў яны падсілкоўваліся перш за ўсё тым, што гулялі на супярэчнасцях паміж Беларуссю і Захадам. Больш за тое, самі энергічна стваралі негатыўныя стэрэатыпы аб нашай краіне за мяжой. Адкрыты і сумленны дыялог афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, Еўрасаюза і ЗША разбурае гэты трывалы палітычны бізнэс, названы «беларускай апазіцыяй». Наколькі смешна і недарэчна цяпер гучаць дзяжурныя заявы аб тым, што нашу краіну «не прымаюць у цывілізаваным свеце». Спадары Саннікаў, Някляеў etc.! Трэба больш аператыўна рэагаваць на змены палітычнай кан’юнктуры, у тым ліку і на міжнароднай арэне. Ну ці хаця б часам глядзець навіны!

Той факт, што сумесная заява — падзея неардынарная і яркае сведчанне змены адносін паміж Беларуссю і ЗША, пацвердзіла і Наталля Пяткевіч, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У сваім нядаўнім інтэрв’ю яна падкрэсліла, што зусім не Беларусь была ініцыятарам замарожанага стану ўзаемаадносін з ЕС і ЗША. «Апошнія некалькі гадоў гэта паказалі, і нашы замежныя партнёры, і ЕС, і ЗША, зразумелі, што канфрантацыя і байкот ні да чога не прывядуць. Усё роўна натуральным чынам свет павінен развівацца, і трэба знаходзіць пункты судакранання, а яны ў нас ёсць, — адзначыла яна. — Я думаю, што нашы заходнія партнёры маглі пераканацца ў тым, што Беларусь — надзейны, сумленны і прыстойны контрагент, з якім можна дамаўляцца».

Вядома, Беларусь і ЗША яшчэ толькі ў пачатку шляху нармалізацыі двухбаковых адносін. Многае яшчэ трэба зрабіць. Але імклівасць і дынамізм распачатага дыялогу даюць надзею на тое, што мы сапраўды знаходзімся ў пачатку вялікай дружбы або прынамсі партнёрства.

Падзяліцца навіной: 
Вадзім Гігін, belta.by

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Сумесная заява Беларусі і ЗША — сур'ёзны прарыў у развіцці двухбаковых адносін»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика