КІРУЮЧАЯ МЕНШАСЦЬ
05.06.2012 13:18
—
Разное
|
У большасці постсавецкіх грамадстваў разумных, думаючых, ідэалагічна незашораных людзей звычайна маецца ад 20 да 35 працэнтаў. Астатняе насельніцтва знаходзіцца пад уладай прапагандысцкай машыны аўтакратаў, а сваё жыццё зводзіць да працы, ежы, сексу, сну, да рабскага выканання каманд зверху. Раскладка ў Беларусі выглядае гэтак жа: памяркоўная, маларухомая маса людзей, кволая, неарганізаваная апазіцыя і правячы клан чыноўнікаў, які сцвярджае, што выконвае волю большасці. Але на практыцы атрымліваецца, што грамадства падпарадкоўваецца кіруючай меншасці, якая паралізуе нармальнае, свабоднае жыццё народа, яго развіццё ў бок прагрэсу. У маляўнічым кутку Сербіі ёсць пабудаваная па ініцыятыве знакамітага кінарэжысёра Э. Кустурыцы вёска, дзе прадстаўлены ўнікальныя ўзоры нацыянальнага драўлянага дойлідства. Сярод размешчаных тут эскспанатаў маюцца скульптуры.Запамінаецца твор, які адлюстроўвае даўно вядомую «прамыўку мазгоў». Той, хто дарваўся да ручкі «барабана» ў галаве падапечнага і круціць яго, можа закласці ў свядомасць усё, што заўгодна. Прапагандысцкая апрацоўка, замбіраванне насельніцтва ў Беларусі па актыўнасці і абсурднасці не саступаюць тым, якія праводзяцца ў Паўночнай Карэі. Але апрацаваць усіх не ўдаецца, слаба, ды гучыць крытычная думка. Толькі кіруючая меншасць не слухае голас народа. Так атрымалася з будаўніцтвам гасцінічнага комплексу ў сталічным парку 40-годдзя Кастрычніка. Нягледзячы на пратэсты, пікеты, месца адпачынку тысяч людзей разбурана. Ніхто не растлумачыў насельніцтву, чаму гаспадарчы аб’ект (гасцініца якраз такім аб’ектам з’яўляецца!) павінен стаяць на месцы парка, на маляўнічым зямельным участку, які прыгожа агінае рака Свіслач? У Мінску ж ёсць іншыя пляцоўкі для такой будоўлі! Але гэты доказ не дапамог. А як жа, «высочайше решили», значыць не адступім, пакажам, хто галоўны ў дзяржаве! Вось і выходзіць, што гаспадаром у Беларусі з’яўляецца не народ, як дэкларуе Канстытуцыя, а кіруючая меншасць. Яна выяўляе свой валюнтарызм як у сталіцы, так і па рэспубліцы. Мне здаецца, што ў пытаннях забудовы павінен спрацоўваць справядлівы закон: нельга бяздумна рушыць спадчыну, псаваць эклектыкай старую архітэктуру, шкодзіць натуральнай або рукатворнай прыродзе. Не вы, саноўныя пустадомкі, узводзілі непаўторныя будынкі, храмы, закладвалі цяністыя алеі паркаў, садзілі дрэвы ў скверах, а таму не разбурайце, не высякайце! Выдатны прыклад беражлівых адносін да архітэктурных помнікаў, да «зялёных сяброў», калі захоўваецца любая патрэбная дробязь, падае найпрыгажэйшы ў свеце горад Лондан і яго жыхары. У іх трэба вучыцца! Кіруючая меншасць самаўпэўнена лічыць, што дзяржава належыць ёй, што распараджацца можна так, як у галаву ўзбрыдзе. Не тактычны, а стратэгічны катастрафізм падобных паводзін заключаецца ў тым, што чыноўнікі, якія прымаюць разбуральныя рашэнні, гламурна марафецяць абліччы гарадоў і вёсак, выкачваюць грошы з усяго жывога, што яшчэ ёсць і варушыцца, самі жыць на «абноўленай» зямлі не збіраюцца. Нядаўна СМІ крыху прыадкрылі таямніцы «міжнародных» кадравых перамяшчэнняў. Многія чыноўнікі, якія кіравалі ў Беларусі, «злінялі» ў Маскву, Санкт-Пецярбург, драбнейшыя гарады Расіі, у іншыя суседнія краіны. Гэта тычыцца і архітэктурных начальнікаў. А ў самых прасунутых чыноўнікаў, у якіх дзяржаўная казна пад рукой, маецца магчымасць (на пенсіі або не чакаючы яе!) спакойна пакінуць «горача любімую сінявокую» і атабарыцца на экзатычных «берагах і выспах». З гэтай прычыны ў звычайных людзей, якім давядзецца тут жыць і расціць дзяцей, унукаў, праўнукаў, узнікаюць пытанні: на якія краіны, на каго працуе кіруючае «перакаці-поле», чаму на першым месцы ў «народных слуг» стаяць шкурніцкія інтарэсы, бо патрыятычная балбатня імгненна памірае, як толькі ў іншым месцы ім прапаноўваюць большую торбу з грашыма? Сапраўды, нават першакласнікі смяюцца над заклапочанымі ўзняццем патрыятызму начальнікамі, якія самі паказваюць падапечным абсалютна адваротнае: здзекуюцца з роднай мовы, не ведаюць ні гісторыі, ні культуры, ні традыцый народа. Розныя варагі, пустадомкі прыходзяць, кіруюць, рабуюць, а затым «без жалю і слёз расстання» пакідаюць Беларусь. Ёсць адзіны сродак выпраўлення ганебнага становішча — гэта адкрытыя, сумленныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Нядаўна беларусы і расіяне з белай зайздрасцю назіралі, як адкрыта, напружана, канкурэнтна, у вострых дэбатах праходзіла выбарчая кампанія ў Францыі, як цывілізаваным шляхам перадавалася ўлада, без пампезнасці адбывалася інагурацыя. А ў нашых краях нічога падобнага няма. Праўда, у суседзяў пасля публічнага нахабства тандэма, які прысмактаўся да ўлады, перад выбарамі, хоць дохлая, але была інтрыга. Акрамя таго, кіраўнікі Расіі агучылі праекты рэфармавання палітычнай і эканамічна-сацыяльнай сістэмы краіны, паабяцалі «избавиться от проходимцев», гнаць у каршэнь тых, хто дыскрэдытуе ўладу, асудзілі правакацыйныя дзеянні «мерзавцев в масках», прытым як з боку радыкалаў, так і спецслужбаў. Надзея на дэмакратызацыю, на паляпшэнне сітуацыі слабая, але ёсць хоць заявы, разумныя словы. У Беларусі захоўваецца і ахоўваецца сілавікамі «палітычны жалезабетон» — аўтарытарызм, цынічнае выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу. Выканаўчыя органы падмялі пад сябе і жорстка кантралююць дзве астатніх галіны ўлады: заканадаўчую і судовую, ідзе прэсаванне суб’ектаў па ўсім спектры гаспадарання. Але і ў нас спее вялікая стомленасць грамадства ад адной і той жа кіруючай меншасці… Чаму хваля народнага пратэсту не зніжаецца, коціцца па свеце? Адказ дала ўдзельніца мільённай маніфестацыі ў Іспаніі: «Таму што багатыя за час крызісу сталі багацейшымі, а бедныя яшчэ бяднейшымі». А як паводзіць сябе «кіруючая меншасць» у маштабах свету? Міжнародныя структуры, пачынаючы з Савета бяспекі ААН і канчаючы спартыўнымі, не працуюць на карысць праўды, справядлівасці і, урэшце, здаровага сэнсу, бо пачалі арыентавацца на вузкія інтарэсы груп або асобных дзяржаў, укручвацца ў палітычную і звычайную грашовую камерцыю. А той, хто пагруз у меркантылізме, шкурніцтве сам, ніколі не зможа ўціхамірыць, паставіць на месца нахабных, хамаватых дыктатараў, што і адбываецца. Таму, акрамя зацягнутага тузання ў эканамічнай дэградацыі, людская супольнасць спаўзае ў крызіс свабод і правоў чалавека. Калі амплітуды эканамічнай і маральна-этычнай дэградацыі накладуцца, супадуць, то ў свеце можна чакаць не лакальных, а больш маштабных сацыяльных выбухаў… Вяртаючыся да Беларусі, хачу сказаць, што ўсё ўпіраецца не столькі ў запалоханае насельніцтва і апазіцыю, якой бы слабай, раз’яднанай яна ні была, колькі ў кіруючую меншасць, якая папулісцкімі спосабамі аднойчы прарвалася да ўлады і цяпер, ігнаруючы выбарчыя законы, маральныя нормы, сілай яе ўтрымлівае. Вельмі падабаецца ўзурпатарам адразу ў «адным стакане» мець усё: неабмежаваны кантроль над бяспраўным народам, вялікія грошы, салідную нерухомасць і, хоць сумніцельную, негатыўную, але вядомасць у свеце. Сяргей ЗАКОННІКАЎ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У большасці постсавецкіх грамадстваў разумных, думаючых, ідэалагічна незашораных людзей звычайна маецца ад 20 да 35 працэнтаў. Астатняе насельніцтва знаходзіцца...
|
|