Як прайшоў V міжнародны кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі”
14.08.2012
—
Разное
|
Што там сёння ў трэндах рэстараннай кулінарыі? Сушы, гаспача, піца? А як наконт беларускай экзотыкі? Мяса, запечанага ў хлебе, кашы ў гарбузе ці печаных бабоў? Стравы простыя, вясковыя, родам з Моталя Іванаўскага раёна, а як па-каралеўску гучаць! Дарэчы, няма чаго здзіўляцца — у палескага мястэчка доўгая і даўняя гісторыя (у выхадныя Моталь адсвяткаваў 590-годдзе) і ў ёй ёсць месца нават каралям. Нейкі час вёска належала італьянскай герцагіні, польскай каралеве і вялікай княгіні літоўскай Боне Сфорца, якая атрымала Моталь у падарунак ад мужа Сігізмунда I Старога. Такому падарунку можна было толькі пазайздросціць. Спакон веку вёска славіцца шчырымі гасціннымі людзьмі, майстрамі на ўсе рукі. Яны і жнуць, і ткуць, і печы кладуць, і кажушкі, лепшыя ў акрузе, вырабляюць. Але не падсілкаваўшыся хіба будзеш добра працаваць?! “Без сала і каўбасы не пацягнеш касы,” — упэўнены маталяне, не перастаючы здзіўляць гасцей кулінарнага фестывалю дзедаўскімі прысмакамі і наватарскімі “разыначкамі”. Адведаць мотальскіх прысмакаў сёння прыязджаюць не толькі з розных беларускіх мясцін, але і з замежжа. Сёлета фэст так добра прапіярылі, што звесткі пра яго даляцелі і да Масквы, і да Кіева. Таму людзей на пятым фестывалі было — не злічыць. Адкуль толькі ні прыехалі паслухаць каларытнай мясцовай гаворкі, якая ў Моталі гучыць з вуснаў і старых, і малых, пакаштаваць мотальскай кулінарнай экзотыкі ды павучыцца ў маталян працавітасці і прадпрымальнасці. Дзе яшчэ сустрэнеш, каб у адной вёсцы, няхай і на чатыры з паловай тысячы жыхароў, былі адразу рыбны цэх, тры пякарні і столькі ж каўбасных цэхаў. І што цікава: мясцовыя бізнесмены не проста зарабляюць грошы, яны працягваюць дзедаўскую справу. Так, у 30-я гады ў Моталі была свая каўбасная вытворчасць у Стэфана Мінюка. А сёння яго праўнук Андрэй са сваёй жонкай і дзецьмі трымаюць фермерскую гаспадарку “Мінюка”, дзе па старадаўніх хатніх рэцэптах — абавязкова з натуральнымі часначком, перцам ды каляндрай — вырабляюць каўбасы і іншую мясную прадукцыю. Да прыкладу, зельц у натуральнай абалонцы, квашаніну са свіных галоў і сальцісон па-вясковаму. Іх падворак на фестывалі — заўсёды самы вялікі... і фантазійны. Летась тут здзіўлялі гасцей паўлінам з мясной нарэзкі і царквой, пабудаванай з сала, сёлета — каўбасным васьміногам, дракончыкам, зробленым з салямі і, не паверыце, партрэтам Моны Лізы. Рэпрадукцыя карціны Да Вінчы выканана не з чаго іншага, як з кавалачкаў сала, паляндвіцы і каўбасы. Сапраўднае мастацтва! — Мы не стаім на месцы. Ні ў вытворчасці, ні ў фестывальных ідэях. Вось рабочыя прапанавалі карціну сёлета зрабіць. Падумаў: а чаму б і не. Атрымалася, — расказвае Андрэй Іванавіч. Калі папрасіла гаспадара падрабязней расказаць аб прадукцыі, той толькі ўсміхнуўся: — маўляў, што тут расказваць. Есці трэба! Дарэчы, трапіўшы да гасцінных маталян, наесціся можна пад завязку. Ну як адмовіцца ад бульбяных клёцак са скваркамі, аладак з морквы і кабачкоў, рысавай кашы ў гаршку?! Да таго ж гаспадынькі з Моталя і суседніх вёсак так шчыра запрашаюць да сваіх багата накрытых сталоў: “Пробуйтэ на здороўе!” Асабіста мяне зацікавіла патэльня, прыкрытая цестам-шапкай. “Шапку” прыпадымаеш — а там духмяная бужаніна. — Сёння ёсць у наc і рукаў для запякання, і фольга. А раней не было гэтага нічога. Дык мяса загортвалі ў цеста — каб вільгаць не выпаралася. Ставілі ў печ — і праз гадзінку мяса гатова, — расказвае мясцовая кулінарка Ірына Янушчык. — Атрымліваецца яно мяккае, сакавітае. Вельмі зручная страва — і гарніру ніякага не трэба. Проста адломіш кавалачак цеста. — А ў нашай мясцовасці шчэ клёцкі надта любяць. Картопэльныя. Пробуйтэ, — прапануе другая гаспадыня Соф’я Шапялюк, падносячы маленькія бульбяныя шарыкі з поліўкай. Смаката. Нібы растаюць у роце. Папрасіла гаспадыню падзяліцца рэцэптам. — А сэкрэты мы не выдоем, — нечакана адказвае Соф’я. — Ды смэюся! Для госцей нам нічога не жалко: картопля трэцца, выжымаецца, добавляецца сыль. Одварваюцца клёцкі у водзе. Засмажваюцца шкварэчкамі з цыбулей і кропчыкам. І укусна! “Укусная”, як бачым, не толькі мясцовая кухня, але і гаворка. Праўду казаў адзін з аўтараў кнiгi “Народная кухня маталян” гісторык Тадэвуш Навагродскі: “Моталь — сапраўдны кландайк для этнографаў. Тут усё жывое — мова, абрады, традыцыі. Пабудзеш дзень-два, і самому ўжо хочацца “говорыты по-мотольскі”. Убачыш мясцовыя тканыя абрусы ці вышытыя ручнікі — і сабе ў хату захочаш набыць такія ж. Пакаштуеш мотальскай экзотыкі — і абавязкова возьмеш на заўвагу які-небудзь рэцэпцік. Тым больш тут такія стравы можна падгледзець, што ні ў якай кулінарнай кніжцы не прачытаеш ды ў вялікіх рэстаранах не пакаштуеш”.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адведаць мотальскіх прысмакаў сёння прыязджаюць не толькі з розных беларускіх мясцін, але і з замежжа...
|
|