Каля пасады лесніковай
06.11.2012
—
Разное
|
На радзіме Якуба Коласа на памяць чытаюць “Новую зямлю”, дзеляцца коласаўскім рэцэптам чаю з сена, расказваюць, як паэт “лячыўся” брудам, і даюць патрымаць у руках разец і ступку дзядзькі Антося “Каля пасады лесніковай// Цягнуўся гожаю падковай // Стары, высокі лес цяністы...” Э-э-э, думаю, пад’язджаючы да Акінчыц, дзе з’явіўся на свет маленькі Косцік Міцкевіч, не такімі вас бачыў будучы пясняр Беларусі! Стаіць драўляная лясная камора (сёння частка філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”), ды толькі не дрэвы вакол яе растуць — дамы. Акінчыцы ўжо сталі мікрараёнам Стоўбцаў. Затое на сядзібе Коласа час нібы прыпыніўся. На шляху да Рыма Можа таму, тут так натуральна і па-шчыраму цёпла, што працуюць у музеі не проста неабыякавыя да творчасці народнага паэта Беларусі людзі, але любячыя яго сваякі — стрыечны ўнук песняра Юрый Міхайлавіч Міцкевіч і яго жонка Сафія Пятроўна, якія бясконца могуць расказваць пра свайго і нашага Коласа. У гонар заўзятых захавальнікаў спадчыны мясцовыя жыхары нават дубкі назвалі, пасаджаныя ля музея ўнукам украінскага паэта Тараса Шаўчэнкі. “Юрка” з “Зоськай” шолахам пажоўклага лісця праводзяць да сходкаў хаты. А далей сенцы, кладоўка і адзіны жылы пакойчык. З печчу, ложкам, калаўротам, лапцямі на падлозе... — Усяго толькі музей. А такое пачуццё, быццам і сёння гэта жылая хата, якую проста на хвіліну-другую пакінулі гаспадары, — сустракаюць на парозе Сафія Пятроўна і Юрый Міхайлайвіч, ці дзядзька Юрка, як клічуць яго. — Прыблізна гэтак жа выглядала камора 130 год таму, — распавядае дзядзька Юрка, які так нагадвае сваімі рысамі знакамітага дзеда. — Камора стаяла на скрыжаванні дарог. Адна ішла са Стоўбцаў на Мікалаеўшчыну, а другая — так званы Кацярынінскі шлях, ці Кацярынка — з Пецярбурга да Рыма. Камора выконвала ролю мытні. Ляснік правяраў, што вязуць, куды. Тут, у Акінчыцах, у гэтай невялікай драўлянай каморы, і пачаў сваю службу бацька Коласа — вясной 1881 года. А праз годзік нарадзіўся... Косцік, трэці хлопчык у сям’і. Пры шляху шырокім, Восенню гнілою... — чытае на памяць дзядзька Юрка. — А гэта калыска нашага Косціка — асноўны экспанат музея, — паказвае дзядзька Юрка. — Амаль пяць месяцаў калыхаўся ў ёй будучы паэт. А пасля яго бацьку з сям’ёй перавялі ў родную Мікалаеўшчыну. Чай з сакрэтам Колас часта прыязджаў на радзіму. Але толькі да рэвалюцыі. Пасля родныя мясціны адышлі да Польшчы. — Апошні раз перад вайной быў тут у 1940 годзе, калі вёска Мікалаеўшчына выгарэла ў пажары. Сто двароў згарэла! Колас тады прывозіў архітэктараў, планіроўшчыкаў, дапамагаў чым мог. Пасля вайны быў некалькі разоў, — расказвае Юрый Міхайлавіч. — Тут, у Акінчыцах, жыў старэйшы брат Коласа Уладзя. Аднойчы, калі паэт ужо быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, заехаў з сябрамі-суправаджаючымі. Павячэралі са скваркай-чаркай. А раніцай госці папрасілі чаю зварыць. Але які тут чай на вёсцы! Не было таго сапраўднага чаю ва Уладзінай жонкі Любы. Колас бачыць — разгубілася нявестка. Ён і шэпча: “Ідзі ў гумно — сена ж ёсць! — назбірай трухі сянной з-пад нізу, запар у чугуне добра, працадзі і падавай на стол”. І дзівіліся ж усе: што за смак! А там жа кветачкі, зёлачкі... Колас пажартаваў яшчэ: “Гэта вам не абы-што — спецыяльны акінчыцкі чай!” А як смачна пісаў Колас пра ежу! Для Коласа, дарэчы, — і дзіцяці, і дарослага інтэлігентага чалавека, — не было лепшай стравы за прыгатаваную па матчыных рэцэптах. — Быў выпадак. Нанялі Коласу паварыху, каб яму гатавала, — расказвае дзядзька Юрка. — Яна і стала гатаваць яму ўсялякія французскія прысмакі. Колас сказаў ёй: “Ведаеш што, жанчынка, табе трэба ў рэстаране добрым працаваць, але не ў мяне”. І выпісаў з Мікалаеўшчыны сястру сваю Міхаліну. Яна гатавала тое, што і маці некалі. Бліны, мачанку, каўбасу хатнюю... Асабліва Колас дранікі любіў. Апошні раз наведаўся пясняр на радзіму вясной 1956 года. Колас быў ужо цяжка хворы. Вельмі балелі яму рукі. І вось пачуў ён ад некага рэцэпт — трэба з роднай зямлі, дзе нарадзіўся, узяць бруду чорнага, нагрэць і парыць у ім рукі. І паехаў ён па той бруд на вялікім ЗіЛе, ды заграз у балоце. — Народ сабраўся з усёй Мікалаеўшчыны, — расказвае Юрый Міхайлавіч. — Пхалі, пхалі... Ды толькі машына яшчэ больш загразла. Пабеглі да лесніка па каня, прывязалі да яго ЗіЛ, Колас узяў лейцы, паляпаў каня: “Но, малы!” І конь лёгка выцягнуў тую машыну. Тазік для варэння Сёння на Стаўбцоўшчыне можна не толькі пачуць цікавыя гісторыі пра паэта, але і дакрануцца ў прамым сэнсе слова да спадчыны песняра. Да стогадовых ліп, якія паэт, прывёзшы з лесу разам з дзядзькам Антосем, пасадзіў у Смольні. Да самавара, за якім Колас піў чай з Купалам — той восем кіламетраў пратэпаў ад чыгуначнай станцыі, ідучы да сябра. Да меднага тазіка, у якім маці варыла для Косціка і іншых дзяцей варэнне. Нездарма сюды прыязджаюць не толькі з Беларусі — з усяго свету. І з Таліна, і з Парыжа, і з Пекіна... Аўтографы ў кнізе водгукаў музея пакінулі прэм’ер-міністр Азербайджана, шэйх Дубая, пасол Венесуэлы і многія іншыя. Колас зрабіў Стаўбцоўшчыну па-сапраўднаму турыстычнай мясцовасцю. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На радзіме Якуба Коласа на памяць чытаюць “Новую зямлю”, дзеляцца коласаўскім рэцэптам чаю з сена, расказваюць, як паэт “лячыўся” брудам, і даюць патрымаць у... |
|