Святы Валянцін. 21.by

Святы Валянцін

08.02.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Апякун “хворых на каханне”

Святар Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Дзень святога Валянціна мае вялікую папулярнасць у сучасным свеце. З гэтым днём звязана шмат супярэчлівых традыцый. Кім жа быў святы Валянцін і як мы яго ўшаноўваем?

Пра Валянціна захавалася вельмі мала звестак. Магчыма быць, таму ўзніклі надуманыя версіі яго жыцця, якія былі дастасаваныя да самых розных жаданняў. Валянцін быў біскупам у італьянскім горадзе Тэрні. Інфармацыя пра яго дзейнасць, якая дайшла да нашага часу, няпоўная і неадназначная. У “Рымскім Мартыралогу” пад датай 14 лютага Валянцін узгадваецца двойчы: як рымскі святар, а таксама як біскуп Тэрні пад Рымам. Мяркуюць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра адну і тую ж асобу, якую ўшаноўваюць і ў Рыме, і ў Тэрні. У часы пераследу хрысціянаў Валянцін дапамагаў зняволеным за веру. Прыкладна ў 269 годзе прыняў мучаніцкую смерць, пра акалічнасці якой нічога не вядома. Іншыя крыніцы падаюць, што ў часы святога Валянціна Рымская імперыя была ўцягнута ў крывавыя войны, а мужчыны не жадалі ісці ў войска. Імператар зрабіў выснову, што прычынай такіх паводзінаў было нежаданне мужчын пакідаць сваіх нявест і жонак. Таму ён адмяніў усе запланаваныя заручыны і шлюбы. Валянцін дапамагаў парам, якія жадалі ажаніцца, і рабіў гэта патаемна. Аднак яго злавілі і прысудзілі да пакарання смерцю. Ужо ў V стагоддзі ўспамін святога Валянціна адзначаўся 14 лютага, у меркаваны дзень яго смерці. У Беларусі касцёл у Смалявічах носіць імя святога Валянціна.

Недахоп інфармацыі пра Валянціна не перашкодзіў хуткаму распаўсюджванню яго культу. Папа Рымскі Юлій І пабудаваў базіліку на месцы пахавання святога. Здаўна гэта было шырока вядомае месца для пілігрымак.

“Рымскі Мартыралог” падае шматлікія апісанні цудоўных аздараўленняў, здзейсненых праз святога Валянціна. Гэта паспрыяла таму, што яго заступніцтва просяць хворыя, асабліва пры эпілепсіі і пры частых стратах прытомнасці. На абразах яго прадстаўляюць як біскупа, часцей за ўсё ў атачэнні калек, эпілептыкаў або з пеўнем ці як рымскага святара, апранутага ў арнат, з келіхам у левай руцэ і з мячом у правай.

Святы лічыцца апекуном “хворых на каханне”. Папулярнасць дня ўзгаданага святога ўзрасла, калі ў 496 годзе Папа Гелазій І, прагнучы пераадолець язычніцкую традыцыю святкавання “луперкаліяў” — свята на ўшанаванне бога плоднасці Фаўна (Луперка) — замяніў яго бліжэйшым па літургічным календары святам мучаніка Валянціна. У 1496 годзе Папа Аляксандр VI абвясціў святога Валянціна апекуном закаханых. Найбольш урачыста гэты дзень адзначаецца на радзіме святога Валянціна. Кожны год у бліжэйшую да 14 лютага нядзелю ў катэдры ў Тэрні адбываецца Свята Заручынаў. Сотні заручаных пар, часам з розных бакоў свету, збіраюцца каля грабніцы святога Валянціна і абяцаюць адзін аднаму захоўваць каханне і ўстрыманасць да шлюбу.

Дзень святога Валянціна з цягам часу страціў сваё першаснае хрысціянскае значэнне, а гісторыя ўспаміну святога мучаніка была забыта. Цяпер гэта чарговы паспяховы камерцыйны праект, які часта прыводзіць да таго, што маладыя людзі пачынаюць празмерна выстаўляць напаказ свае пачуцці і нішчаць узнёсласць сваіх інтымных пачуццяў. Пра Дзень святога Валянціна хрысціянскае асяроддзе пачынае казаць як пра дзень тых пар, якія ўзялі шлюб і імкнуцца любіць і шанаваць адзін аднаго да самай смерці, а не толькі на працягу аднаго дня ці некалькіх тыдняў. Некаторыя ўвогуле абмінаюць увагай гэты дзень, тым больш што з 1980 года 14 лютага ў Каталіцкім Касцёле ў Еўропе пачалі адзначаць свята двух братоў — Кірыла і Мяфодзія, паколькі менавіта 14 лютага ў Рыме святы Кірыл памёр на руках свайго брата.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апякун “хворых на каханне”
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика