Краіна сонца і ружовых фламінга
08.02.2013
—
Разное
|
У Беларусі добра ведаюць пра нашых землякоў — нястомных падарожнікаў на чале з ветэранам айчыннага альпінізму, галоўным інжынерам Інстытута зваркі НАН Беларусі Леанідам Галубоўскім. Кожны год гэты няўрымслівы вандроўнік ладзіць са сваімі сябрамі звыклы рыштунак, каб выбрацца ў блізкі, а дакладней, далёкі свет. Дзе толькі ён не быў за апошнія гады: Каўказ, Памір, Цянь-Шань, Арарат, Гімалаі, Тыбет… А мінулагодняй восенню з лёгкім ветрам выбраўся з такімі ж апантанымі марай вандроўнікамі — Нінай і Сяргеем Каняевымі, Вольгай Шчурок, Аляксандрам Калачовым і Ігарам Цераевым — ажно ў Паўднёвую Амерыку, Чылі, каб прайсці маршрутамі нашага слыннага земляка Ігната Дамейкі. У 2012 годзе мінула 210 гадоў, як ён нарадзіўся ў маёнтку Мядзведка, што літаральна ў двух кроках ад мястэчка Мір (зараз Карэліцкі раён Гродзеншчыны). Дарэчы будзе нагадаць, што беларус Ігнат Дамейка — знакаміты навуковец-мінеролаг, атрымаў інжынерную адукацыю ў горнай школе ў Парыжы, доўгі час працаваў рэктарам універсітэта ў Сант’яга, быў прызнаны нацыянальным героем Чылі. Ігнат Дамейка ўпершыню наладзіў шырокае вывучэнне геалогіі і мінералогіі ў Чылі, усталяваў у краіне метрычную сістэму, напісаў падручнікі па фізіцы і мінералогіі. Дзень пахавання Дамейкі быў у Чылі днём нацыянальнай жалобы. У гонар гэтага чалавека быў зроблены памятны медаль, яго імем названы адзін з гарадоў, горны ланцуг у Андах, адкрыты ім мінерал — дамейкіт — і знойдзены і апісаны від фіялкі. У доме, дзе жыў Дамейка, створаны музей, а ў Сант’яга яму пастаўлены помнік. Вось такі наш зямляк! Як распавёў пры сустрэчы Леанід Галубоўскі, золкім лістападаўскім ранкам выправіліся нашы падарожнікі ў Чылі, каб прайсці па маршрутах славутага суайчынніка. Пералёт быў, як і ўсе доўгія пералёты, стамляючым. Адно, бы ў старым анекдоце, пацешыла — перасадка ў Парыжы. Тым не менш праз некаторы час вандроўнікі ўжо сыходзілі з трапа ў аэрапорце ста-ліцы Чылі Сант’яга-дэ-Чылі — самага, як кажуць, бяспечнага мегаполіса ў Лацінскай Амерыцы. І адразу — безліч розных кветак, лагоднае надвор’е, а таксама неверагодна яркае сонца, якое такім у нашых шыротах бывае незаўсёды. Сонца над галавой, і ніякага спадзявання на цень, але ж у гэтай краіне жывуць — магчыма, хтосьці здзівіцца! — сапраўдныя пінгвіны і ружовыя фламінга. Нічога дзіўнага — побач экватар. Здаецца, змяніўся каляндар, бо гэта веснавы дзень, але не, усё так і павінна быць тут. Адначасова прыйшлі і першыя страты: мытня канфіскавала з чамаданаў вандроўнікаў амаль увесь НЗ — каўбасы і сала. Але частку сябры ўсё ж правезлі «па-партызанску», на сабе, пад вопраткай. Хто ж ведаў, што гэткага дабра там хапае, і кошт больш прывабны. Яшчэ ў Мінску па Інтэрнэце забраніравалі месцы ў гатэлі. Уладкаваліся камфортна і танна: мала дзе ў якой краіне знойдзеце месца з усімі выгодамі і нават са сняданкам за 11 долараў у суткі. Кажуць, першыя ўражанні — самыя трапныя і шчырыя. Падарожнікі параўналі: у Мінску, бясспрэчна, утульна і чыста, а вуліцы Сант’яга заварожваюць: з цудоўнымі палацамі, шматлікімі помнікамі даўніны — нібы крыштальная люстра, і камунальнікаў з мяцёлкамі нідзе нябачна. Пачаставаліся добра ў маленькай кавярні. Што казаць, — ласы кавалак: не толькі смачна, але і танна. — Дарэчы, калі ў іх порцыя — гэта палова курыцы, то зразумела, чаму там так многа людзей, якія гатовы прытрымлівацца любой дыеты дзеля таго, каб скінуць лішнія кілаграмы, — усміхаецца Галубоўскі. У горадзе і на ўзбярэжжы — веладарожкі, у парках — шмат трэнажораў, дзе, напэўна, займаюцца местачкоўцы, — спорт у чы-лійцаў быў заўжды ў пашане. Бясспрэчна, перш за ўсё вандроўнікі адправіліся ва ўніверсітэт Сант’яга, дзе з любоўю і павагай створаны мемарыяльны комплекс памяці нашага земляка Дамейкі. Прыемна было ім бачыць ягоны бюст пры ўваходзе ў будынак. Супрацоўнікі і студэнты, даведаўшыся пра пачэсную місію, аднесліся да візіту з разуменнем і суправодзілі ў Ганаровы пакой. Там экспануюцца мармуровы бюст «дона Ігнасіа», частка тагачаснай мэблі з кабінета рэктара Дамейкі, кнігі і розныя навуковыя прылады, якімі карыстаўся наш зямляк. Наведала група Галубоўскага і могілкі, дзе ён пахаваны, заклала тут капсулу з зямлёй з роднай Мядзведкі. Крыўдна было глядзець: на пастаменце надпісы па-іспанску, а вось на яго роднай мове і няма. Вядомая справа, нашы вандроўнікі аставілі надпіс па-беларуску і сфатаграфаваліся на фоне нашага дзяржаўнага сцяга. Пасля знаёмства з Сант’яга аўтобусамі яны рушылі на поўнач Чылі, да мяжы з Перу. Наведалі падарожнікі таксама знакамітую пустыню Атакама — адно з самых засушлівых месцаў на планеце. Каменная пустыня, нежывая ад спякоты, з’яўляецца радзімай велізарнай колькасці разнавіднасцей кактусаў. Тамтэйшы Сан-Педра-дэ-Атакама — ці не самы гарачы горад Чылі. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што тут з пазамінулага стагоддзя, а дакладней 1870 года, не ўпала ніводнай кроплі дажджу. І Даліна Месяца ў іх ёсць, гэта нацыянальны парк, дзе за тысячы гадоў прырода зрабіла паверхню вельмі падобнай на фантастычныя пейзажы спадарожніка Зямлі. Нашых вандроўнікаў гэта ака-лічнасць зацікавіла яшчэ і таму, што менавіта тут праводзіў свае навуковыя даследаванні Ігнат Дамейка. І недарэмна. Развіццё Чылі на шмат гадоў прадвызначала спачатку здабыча салетры і медзі, затым — вугаля і срэбра. Чылі — найбуйнейшы ў свеце экспарцёр медзі. У гэтым таксама ёсць унёсак нашага слыннага земляка. Адны з самых буйных разведаных руднікоў у свеце размешчаны на поўначы чылійскай пустыні Атакама, на вышыні больш за 3000 метраў над узроўнем мора. У гістарычным горадзе Ла-Серэна нашы землякі з вялікім хваляваннем пабывалі ва ўніверсітэце імя Дамейкі і аднайменным музеі мінералогіі. Усцешаныя сустрэчай з нечаканымі гасцямі, яго супрацоўнікі зрабілі ганаровую экскурсію, з вялікай ахвотай дэманстравалі сапраўдныя каштоўнасці чылійскай зямлі, якія сталі яе набыткам дзякуючы ведам і намаганням беларуса Дамейкі. Прарэктар мясцовага ўніверсітэта, звяртаючыся да падарожнікаў, адзначыў, што вельмі прыемна ўсведамляць той факт, што «не спасавалі перад далёкай дарогай, знайшлі час ушанаваць памяць вашага і (ён таксама падкрэсліў) нашага Дамейкі». У якасці выключэння беларусам дазволілі зрабіць фотаздымкі, што звычайна ў музеях забаронена. Тут таксама ўсталяваны бюст Дамейкі, мемарыяльная дошка ў яго гонар, ды яшчэ сімвалічны «помнік» знакамітаму геолагу — ваганетка з рудой. — Ведаеце, — Галубоўскі зняў акуляры, падзьмухаў на шкельцы, — там сапраўды памятаюць і шануюць Дамейку і шчыра рады землякам нацыянальнага героя Чылі. Таму вельмі хацелася б, каб і ў нашай краіне, на радзіме спадара Дамейкі, пра яго памяталі не толькі як беларуса, закінутага лёсам і часам на далекую чужыну, але і выдатнага навукоўца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусы прайшлі ў Чылі маршрутамі земляка Ігната Дамейкі
|
|