Магілеўчанка Валерыя Грыбусава: “Пасля перамогі ў конкурсе маладых выканаўцаў я змагу працаваць у аркестры Фінберга”. 21.by

Магілеўчанка Валерыя Грыбусава: “Пасля перамогі ў конкурсе маладых выканаўцаў я змагу працаваць у аркестры Фінберга”

08.06.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Чаму поп-музыка не мае шансаў у Маладзечне, фестываль доўжыцца два дні замест чатырох, і хто стаў лепшым маладым выканаўцам Беларусі? На гэтыя пытанні адказаў першы дзень Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2013”.

Трынаццаты па ліку конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні сабраў на сваёй сцэне спевакоў і спявачак з усіх кутаў Беларусі. Усяго выканаўцаў было 21.

Перамога сёлета накіравалася ў Магілёў. Менавіта гэты горад прадстаўляла ўладальніца гран-пры Валерыя Грыбусава. На конкурсе доўгавалосая бландынка выканала дзве песні – “Чырвоная ружа” і “Спі, малы сакол”.

– Я ў захапленні ад конкурса і адчуваю сябе вельмі шчаслівай! – падзялілася пачуццямі васемнаццацігадовая Валерыя. – Да таго ж я атрымала афіцыйную прапанову працаваць ў акадэмічным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Я хачу працаваць, хачу вучыцца і развівацца. Я змагар па натуры і не люблю стаяць на месцы. На рэпетыцыях я хвалявалася: для мяне гэта быў першы вопыт працы з аркестрам. Але потым, стоячы на сцэне, я адчувала яго падтрымку.

Перамога ў Валерыі – першая для яе ў гэтым годзе. Раней маладая спявачка ўжо чатыры разы станавілася ўладальніцай гран-пры міжнародных конкурсаў.

Першае месца сёлетняга конкурсу заняла Наталля Кірэенка, прадстаўніца Мінскай вобласці. Другое месца падзялілі паміж сабой Андрэй Чабан (Віцебская вобласць) і Ксенія Жук (Мінск). Трэцяе месца таксама засталося за двума спевакамі – Андрэем Цямчыкам (Брэсцкая вобласць) і Ягорам Шаранковым (Гомельская вобласць).

“Папса ў Маладзечне не мае шансаў”

Сваімі думкамі наконт чарговага фестываля і культурнага жыцця Маладзечаншчыны падзяліўся Рыгор Сарока, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Маладзечанскага каледжа імя М. К. Агінскага.


– Я не згодны з тым, што фестываль доўжыцца толькі два дні, – кажа спадар Рыгор. – Калі б у нас было чатыры дні, як раней, кожная вобласць мела б магчымасць прадставіць сябе. Мы б запрашалі больш артыстаў з усіх краін былога СССР. Важна, каб на фестывалі часцей гучалі новыя імёны, а абойма пастаянных выканаўцаў мянялася.

На другі канцэртны дзень госці фестываля пачуюць галасы выбітных выпускнікоў маладзечанскага музычнага каледжа.

Спецыяльна на музычнае свята з Фларэнцыі прыляцеў оперны спявак Уладзімір Александровіч, а з Масквы – тэнар Валянцін Сухадолец.

– У маладзечанцаў ужо выпрацаваўся цудоўны музыкальны густ, – заўважыў Рыгор Сарока. – Таму праекты, звязаныя з поп-музыкай, у нас проста не будуць мець поспеху. Маладзечна ўвогуле стаіць асабняком у культурным жыцці Беларусі. Што тут казаць – расійская опера літаральна нашпігаваная маладзечанцамі!

Гала-канцэрт беларускай эстраднай песні пройдзе заўтра ўвечары. Білеты на яго раскупілі ўжо тыдзень таму. Чакаецца, што на свята песні і паэзіі завітаюць Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і уладыка Веніямін.

“Ладзіць фестываль у чатыры дні проста не хапае сродкаў”


– Вынікі сённяшняга конкурсу проста выдатныя, – упэўнены Міхаіл Фінберг, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. – Гэта меркаванне не толькі маё, але і прафесійнага журы. Мы нават і не ведалі, што ў нас ёсць такія таленты! Галоўнае, што ўсе ўдзельнікі маладыя, што ўсе яны павярнуліся тварам да беларускай песні.

Міхаіл Фінберг падзяліўся з карэспандэнтамі “РГ” сваім меркаваннем наконт таго, чаму дваццацігадовы юбілей фестывальнага руху ў Маладзечне адзначаецца не ў чатыры, а ў два дні.

– Для таго, каб зрабіць сёлетні фестываль даўжэйшым, патрэбныя вялікія грошы, – адзначыў ён. – Ужо даўно не было ў Маладзечне свята песні і паэзіі ў чатыры дні. Мы ставімся да тых сродкаў, што маем, вельмі ашчадна. Многія сучасныя выканаўцы, нават выступаючы пад фанаграму, патрабуюць неверагодных грошай. Што ж казаць пра такі фестываль! Рабіць некалькі канцэртаў у адзін-два дні вельмі цяжка. Але мы робім гэта, каб зрабіць расходы мінімальнымі – нават плату за тую ж гасцініцу.

Аляксандра ПАРАХНЯ, Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму поп-музыка не мае шансаў у Маладзечне, фестываль доўжыцца два дні замест чатырох, і хто стаў лепшым маладым выканаўцам Беларусі? На гэтыя пытанні адказаў першы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика