Жупраны: у доме састарэлых пахне кветкамі (+шмат фота і відэа)
11.06.2013
—
Разное
|
Зыгмунд Люля вялікі майстар да песень. Адну з іх ён склаў у гонар сацыяльнага работніка жупранскага аддзялення для састарэлых і інвалідаў Ядвігі Садоўскай. Калі вы хочаце пабачыць агідную старасць з бруднай бялізнай і раз’ядаючым скуру смуродам, то вам дакладна не ў Жупраны. Калі вы хочаце пабачыць годную старасць з рознакаляровымі шпалерамі і букетам кветак ў кожным пакоі, то вам якраз у Жупраны. Тут вам яшчэ праспяваюць прыпеўкі, складуць пра вас песню і, калі пашанцуе, нават падораць самаробныя рукавіцы і шкарпэткі. Пра што гавораць старыя людзі У кожнага жыхара аддзялення свая гісторыя, якую ён гатовы даверыць удзячным вушам. Жанчына, якая ела ў суседзяў з-за фобіі агню У першым пакоі нас сустракае 80-гадовая Алена Шукеловіч. Яна з ахвотай праспявала прыпеўкі адна за адной. А потым, як успамінала іншыя, падыходзіла і спявала яшчэ. Аднак жанчына ніколі не хадзіла ў школу: сям’я жыла бедна, дзяўчынцы не было ў што абуцца. На пытанне, аб чым шкадуе ў жыцці, жанчына адказвае: – А што ж я перараблю ўжо? Ужо ж нічога не пераробіш... У жанчыны фобія агню, таму яна ніколі не распальвала печ. Калі не засталося нікога са сваякоў, хто б клапаціўся пра яе, жанчына мерзла дома, а суседзі кармілі яе гарачым. Як пячы сапраўдную бабку Яе суседка Галіна Любчанка – майстар рукадзелля, вяжа шкарпэткі і рукавіцы, умее вышываць. Яна ўпэўненая, што ў кожнага ёсць свой талент. А сама ўсё жыццё адпрацавала поварам. Галіна Францаўна распавяла, што мала хто ўмее пячы сапраўдную бабку. А рабіць яе трэба так: надзерці бульбу з дзвюма цыбулінамі, уліць кубак сырадою, пасаліць і пячы на патэльні. Ніякае мяса туды не класці. А ўжо да бабкі падрыхтаваць яшчэ падліву – ці з таматам, ці з іншымі складнікамі. – У мяне ёсць добры дом, але ж тут догляд. Дзеці мае ў Англіі, ім трэба жыць, яны маладыя. А я ўжо на зыходзе, таму тут, – каментуе жанчына. Галіна Францаўна прыгадвае, што неяк унук спытаўся, што добрага для яе зрабіў муж. Яна адказвае і цяпер: – Дваіх дзяцей мне падарыў. Пра скупога пана і чарвякоў у хлебе 83-гадовы Зыгмунд Люля ў дзевяць год пачаў пасвіць кароў у пана Альхімовіча на цяперашняй Смаргоншчыне. Пан быў вельмі скупы. – На бэлькі складаў саланіну на будучае, а пастуху – шыш. Вацлаў Гайковіч, зяць пана, кажа мне, каб пільнаваў, як гаспадар паедзе на кірмаш. Я падгледзеў, дзе той схаваў ключы, і палезлі мы красці сала. Скралі мы крыху, пайшлі на поле, з’елі. А хлеба няможна было браць, ён нават на дачку крычаў, каб многа хлеба не ела. А другім разам мы сабраліся паесці, узялі хлеба. Як разрэзаў я – а там вермішэлі поўна, такі хлеб стары. Разумееш, што гэта? Не хачу гадзіць, гаварыць дрэннае. Там той саланіны мо тона была, так і пагніла потым. Зыгмунд Іванавіч памятае, як некаторыя перажывалі вайну, а іншыя паміралі. Пазней Зыгмунд Іванавіч навучыўся ў свайго швагра каваць. А яшчэ ён складае песні пра сваіх знаёмых. Ёсць свая песня для Ядвігі Садоўскай, а пакуль мы былі ў мужчыны, ён склаў песні і пра нас. Гаспадар з адной рукой 45-гадовага Пецю Ланеўскага тут называюць залатым чалавекам. А ён пра аддзяленне кажа: “Гэта мая хата”. Ён інвалід-калясачнік з дзяцінства. У яго працуе толькі адна рука. Мужчына сам змайстраваў сабе накаленнікі, якія дазваляюць яму перамяшчацца на каленях. Пеця не можа без працы. Ён сам пафарбаваў агароджу, падмятае двор і дапамагае работнікам аддзялення ва ўсім. Час ад часу ездзіць да рэчкі Ашмянкі ці ў клуб на канцэрт. Ён назіраў, як іншыя гуляюць у шахматы і шашкі, і навучыўся гуляць сам. Але чытаць не ўмее: інваліду было складана вучыцца. – Трэба змірыцца і жыць, як атрымліваецца, – гэтаму навучыла Пецю жыццё. “Сем год прайшло, а я кожны дзень плачу” У 81-гадовай Ліды Мароз дачка жыве ў Італіі, а сын у інтэрнаце ў Гродна. Яна працавала на льнокамбінаце ў Оршы, выйшла замуж, восем год працавала на цаліне. Пасля пераехала ў Ашмяны, да сваякоў мужа, працавала на мясакамбінаце ў забойным цэху. – А цяпер муж памёр. Яшчэ адзін сынок памёр, – праз плач кажа жанчына. – 47 гадоў было. Пяць аперацый у Бараўлянах. Сем год, як яго няма, а я плачу кожны дзень. Такі прыгожы. Каб не бачыла хоць, як ён мучыўся. Усё пачалося ад зуба. Кажу, каб ішоў да зубнога. Ён ўсё адкладваў, а аказалася, што каля зуба мудрасці ракавая пухліна. На хаду худзеў... Пра ўмовы жанчына распавядае сама, не дачакаўшыся пытання: – Тут усе харошыя, па два разы на дзень падлогу мыюць. Здаецца, што там ужо мыць? Пад шпалеры шторы падабралі. А які Віталь Іванавіч, такі спакойны, паважлівы, ласкавы! І Ядвіга Баляславаўна збегае, куды папросіш, вельмі добрая жанчына. У мяне кватэра ў Ашмянах на замку. Я туды не хачу. А што я там буду рабіць? Галавой аб сцены біцца? Як працуе аддзяленне Пра працу аддзялення нам распавялі загадчык аддзялення Віталь Мачэль і санітарны работнік Ядвіга Садоўская. Раней у будынку быў школьны інтэрнат. У 2008 годзе адкрылі аддзяленне кругласутачнага знаходжання састарэлых людзей і інвалідаў. У аддзяленні 27 пастаяльцаў, 10 з іх мужчын. Пяць чалавек, якім за 80 год. Ёсць некалькі чалавек з саміх Ашмянаў, але пераважна сюды пераязджаюць людзі з вёскі, якім ужо цяжка даглядаць гаспадарку. Іх абслугоўвае 16 чалавек: загадчык, сацыяльны работнік, медсястра, рабочыя па будынку і мыцці, раздатчыцы, повары, сем санітарак. Шточацвер прыходзіць псіхолаг і праводзіць індывідуальныя заняткі. Гэта надзвычай важна для пажылых: яны часта гавораць тое, што ўжо гаварылі не раз. Любяць успамінаць, як ім добра жылося, якімі яны былі гаспадарамі. – Тут людзям прасцей з бытавымі ўмовамі, – упэўненая сацыяльны работнік. – Нават загаворыш з кімсьці – і ўжо лягчэй. А з кім яны на хутары пагавораць? Раніцай тут прачынаюцца а 6-7 гадзіне. Снедаюць. Потым праходзяць патрэбныя працэдуры. У дзень мужчыны і жанчыны займаюцца тым, чым ім хочацца: гуляюць у шахматы і шашкі, вяжуць, чытаюць, дапамагаюць на ўчастку і ў агародзе. Кожнае свята адзначаюць некалькі разоў: прыходзяць з канцэртамі і выхаванцы садка, і школы, і музычнай школы, заўсёды дапамагае клуб. У некаторых ёсць мабільныя тэлефоны, а вось інтэрнэта пастаяльцы не маюць, але і патрэбы ў ім не адчуваюць. У аддзяленне могуць трапіць пенсіянеры, якія жывуць адны і маюць неабходнасць у доглядзе. У Жупранах даглядаюць таксама і інвалідаў. Ад чэрвеня пастаяльцы плацяць за пражыванне 85% пенсіі (раней плацілі 80%). Калі ў чалавека ёсць дзеці, то яны мусяць плаціць поўную суму – кошт пераразлічваецца штомесяц, цяпер складае прыкладна 2,4 мільёна рублёў. Пра тых, каму можа спатрэбіцца догляд у аддзяленні, збірае звесткі тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання, яны ж збіраюць неабходныя дакументы. Калі чалавек згодны, яго накіроўваюць у дом састарэлых. Дагавор складаюць на шэсць месяцаў, а потым яго прадаўжаюць. Калі чалавек хоча, ён можа перазімаваць у аддзяленні, а на лета перабрацца дадому. У любы час можна напісаць заяву і да пяці дзён пабыць у сваякоў. – Чалавек да добрага прызвычайваецца хутка, – адзначае санітарны работнік Ядвіга Садоўская. – Тут памыюць, накормяць, цёпла. А паспрабуй пацягай дровы зімой! Пытаемся, ці здараліся ў аддзяленні рамантычныя гісторыі. – Такога, каб улюбляліся ці жаніліся, то не было. Такі ўзрост, што ўжо налюбіліся. Але ёсць такія, што сябруюць між сабой, знаходзяць агульнае, пра што можна пагаварыць. Зоя ХРУЦКАЯ. Фота Аляксандры ПАРАХНІ, Аляксандра МАНЦЭВІЧА, Зоі ХРУЦКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі вы хочаце пабачыць агідную старасць з бруднай бялізнай і раз’ядаючым скуру смуродам, то вам дакладна не ў Жупраны. Калі вы хочаце пабачыць годную старасць з... |
|