Былы вілейскі і новы маладзечанскі пракурор Уладзімір Дубоўскі: “Людзі заслугоўваюць павагі”. 21.by

Былы вілейскі і новы маладзечанскі пракурор Уладзімір Дубоўскі: “Людзі заслугоўваюць павагі”

14.11.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Ужо месяц у Маладзечне і раёне новы пракурор – Уладзімір Дубоўскі. Адкуль ён прыйшоў? Як глядзіць на людзей праз прызму 18 гадоў пракурорскай працы? Аб чым ён марыў? Пра гэта і не толькі ў размове з “РГ” распавёў Уладзімір Дубоўскі.

– Ці змянілася што за час вашай працы пракурорам Вілейскага раёна?

– Пачну з таго, што засталося тым самым.

Калі прыехаў у Вілейку, то першае, на што звярнуў увагу, – людзі і іх ментальнасць. Яна адрозніваецца ад жыхароў іншых гарадоў, у якіх давялося працаваць. Калі ёсць сапраўдныя беларусы, то яны недзе ў гэтым рэгіёне.

Тутэйшыя жыхары не пойдуць у пракуратуру ці суд з нейкай дробяззю. Людзі сапраўды памяркоўныя. Яны ідуць толькі тады, калі ёсць праблема. За сем гадоў я ўпэўніўся, што ў гэтым краі цудоўныя жыхары, і яны не змяніліся.

А калі гаварыць пра тое, што змянілася, то сам горад Вілейка і раён. З’явіліся новыя прыгожыя дамы,  вуліцы сталі больш чыстымі. Але жыццё ідзе, і лёс закінуў мяне ў Маладзечанскі раён. Я ўжо быў тут раней і пра горад склалася пэўнае ўражанне. Гэта сапраўды горад сонца. І ён мне падабаецца.

Вядома, немалаважным фактарам быў калектыў, у які я прыйшоў. Гэта адзін з лепшых калектываў у абласной пракуратуры. Добра, што тут ёсць людзі з досведам, якія дапамагаюць маладым супрацоўнікам.

– З чаго вы пачалі працу ў Маладзечанскім раёне?

– Мяркую, што тут няма асаблівасцей, бо пачаў рабіць тое, што і рабіў бы любы чалавек на новай рабоце, якая б яна ні была: знаёмства з людзьмі, з калектывам. Гэта аснова, вакол якой будуецца праца.

– Ці ёсць тое, што хочаце змяніць?

– Час пакажа. Нейкіх радыкальных крокаў рабіць не буду, бо, па-першае, каб іх рабіць, трэба ва ўсім дэталёва разбірацца. А па-другое, я не бачу таго, што варта было б радыкальна мяняць, ды ад самага пачатку працы. Грунтоўны фундамент закладзены маім папярэднікам Робертам Зубаіравым. Таму пакуль што задача – захаваць і прымножыць тое, што ёсць.

– Чаму вы некалі абралі пракурорскі шлях?

– Жаданне дапамагаць людзям. Калі скончыў школу, то вырашыў стаць інжынерам. Нас такіх было шасцёра, і ўсе мы паехалі паступаць у Мінск. Паступілі. Потым пайшоў у армію, зразумеўшы, што інжынерыя – не для мяне. Пасля вырашыў, што хачу служыць закону. Работа не простая, яна патрабуе пэўных чалавечых якасцяў. У першую чаргу, спачування людзям і разумення іх праблем. Часам пракуратуру называюць карным органам, але я з гэтым не пагаджуся. Па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наша асноўная задача – абарона законных правоў і інтарэсаў грамадзян. Таму людзі да нас ідуць па дапамогу.

– Чаму для атрымання адукацыі вы абралі Украіну?

– Я паступаў у навучальную ўстанову ў 1991 годзе. Тады яшчэ існаваў СССР і былі спецыялізаваныя савецкія саюзныя ВНУ па накіраванні пракуратуры тагачаснай БССР. Я паехаў у Харкаўскі юрыдычны інстытут імя Дзяржынскага. Там на следча-пракурорскім факультэце, дзе навучалі пракурораў і следчых для ўсяго Саюза, былі і дзве так званыя беларускія групы, недзе чалавек 40. А ў сувязі з тым, што СССР распаўся, мне давялося скончыць ужо перайменаваную Нацыянальную ўкраінскую акадэмію імя Яраслава Мудрага. Таму гэта быў не выбар краіны, а выбар вывучэння пракурорскай справы.

– А кім вы хацелі быць у дзяцінстве?

– Я лічу, што для любога чалавека, тым больш для хлопчыка, прыклад бацькі вызначальны. Ён у мяне быў навуковы супрацоўнік і займаўся земляробствам. З дзяцінства за ім назіраў, і мне здавалася, што па яго слядах і пайду. Атрымалася інакш, але я аб гэтым не шкадую.

– Права на што вы лічыце самым важным для чалавека?

– Права на жыццё, яно недатыкальнае.

– З якімі справамі даводзілася працаваць?

– Улічваючы, што быў кіраўніком пракуратуры раёна, то праз мае рукі праходзіла ўся работа: гэта і крымінальныя справы, і назіранне за рашэннямі суда, і звароты грамадзян. Работа пракурора ў тым, каб ведаць і разумець усе накірункі працы пракуратуры і правільна яе арганізаваць.

– Ці ёсць нейкая справа, якая найбольш запомнілася за час вашай працы?

– Ёсць справы, якія праз некаторы час пачынаюць выклікаць усмешку. Ёсць справы, якія проста надоўга застаюцца ў памяці, таму што як бы там ні было, даводзіцца самому перажываць нейкія моманты, хочаш ці не хочаш. Каб працаваць добрасумленна, трэба шмат што праз сябе прапускаць. Вядома, прасцей узгадваць моманты, ад якіх на твары з’яўляецца ўсмешка.

Некалі выязджалі на выклік, казалі, што чалавек загінуў, а калі прыязджалі, ён раптам ажываў.

– Як вы вызначыце ўзровень базавых прававых ведаў жыхароў нашага рэгіёна?

– Узровень сярэдні, можа, нават крыху ніжэй за сярэдні. Адназначна павінен быць вышэйшы.

Узровень ведаў часам вызначае справы і ўчынкі чалавека. Калі чалавек дасканала ведае свае правы, ён адчувае сябе нашмат вальней. На жаль, многім ведання бракуе.

Часам непаўнагадовыя забываюць пра тое, што ў іх ёсць правы і абавязкі, забываюць і іх бацькі. Веданне сваіх правоў – аснова прававой дзяржавы. Тады і людзей прасцей абараняць.

– Якой вы бачыце Вілейшчыну пасля сямі гадоў працы пракурорам?

– Вілейскі раён ніколі не быў праблемным. Але і нельга сказаць, што ён быў спакойным. Маладзечанскі раён таксама можа і не больш праблемны, проста вялікі. Насельніцтва ў тры разы больш, чым на Вілейшчыне.

– Ці не змяніліся адносіны да людзей, ведаючы, якімі яны часам могуць быць?

– Маё цвёрдае перакананне, што людзей трэба любіць.

Некаторыя рэчы нельга апраўдаць, але можна па-чалавечы зразумець. Калі гэта разуменне ёсць, то на чалавека пачынаеш глядзець іншымі вачыма. Людзі заслугоўваюць павагі і з павагай трэба ставіцца да кожнага. Не важна, хто ён сёння. Безліч прыкладаў, калі людзі, аступіўшыся, раскайваюцца, ствараюць сем’і, добра жывуць і добра дзяцей выхоўваюць. Калі ў чалавеку спачатку бачыць негатыў і ставіць на ім кляймо, то так далёка не з’едзеш.

У людзях трэба шукаць добрае. Нават у тых, хто парушыў закон і здзейсніў злачынства. Тады ёсць шанец зразумець іх і дапамагчы. Яны жывуць побач з намі і ходзяць па адных і тых жа вуліцах з нашымі дзецьмі. Таму і задача наша, у першую чаргу, такім людзям дапамагчы.

Даведка “РГ”. Уладзімір Дубоўскі. Нарадзіўся 25 сакавіка 1970 года ў вёсцы Горкі Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. У 1996 годзе скончыў Нацыянальную юрыдычную акадэмію Украіны імя Яраслава Мудрага па спецыяльнасці правазнаўства. Працуе ў органах пракуратуры ад 1996 года. Спачатку памочнікам пракурора горада Жодзіна, потым старшым памочнікам пракурора горада Жодзіна, намеснікам пракурора Смалявіцкага раёна. Пасля пракурорам Вілейскага раёна. Цяпер займае пасаду пракурора Маладзечанскага раёна.

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо месяц у Маладзечне і раёне новы пракурор – Уладзімір Дубоўскі. Адкуль ён прыйшоў? Як глядзіць на людзей праз прызму 18 гадоў пракурорскай працы? Аб чым ён марыў?...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика