Янотаў бачыце? Не? Значыць пра анамаліі ў надвор’і гаварыць рана.
17.01.2014
—
Разное
|
Анамальна цёплае надвор’е ў студзені змяніліся рэзкім пахаладаннем. Усё гэта выклікае шмат размоў і хваляванняў. Што гэта: анамаліі і катаклізмы? Ці значыць гэта, што ў маі можа выпасці снег і загіне ўвесь ураджай? Ці пара біць трывогу і рыхтавацца да глабальнага пацяплення? Вячаслаў Лапко, начальнік вілейскай гідраметэастанцыі, каментуе гэта так: – Такой зімы не было амаль 40 гадоў. Канешне, гэта анамалія. Клімат мяняецца. І на стане людзей, і на стане прыроды адбіваецца. І гэта нядобра. Надвор’е, якое прыйшло ў пачатку гэтага тыдня, нарэшце, можна лічыць пачаткам зімы. Па ўсіх прагнозах, зіма ўсталюецца на Беларусі. Але ненадоўга. У хуткім часе нас зноў чакаюць адлігі. Аднак спецыялістаў па сельскай гаспадарцы такое надвор’е трывожыць. Канешне, у сярэдзіне студзеня яшчэ рана гаварыць пра ўраджай гэтага года, але ў цэлым становішча для азімых не з лепшых. Такое надвор’е для раслін не самае лепшае Распавядае намеснік старшыні СВК “ Гудагай” Андрэй Вінча: –Ужо цяпер збожжавыя і рапс пачалі вегетацыю. І гэта блага. Блага таксама і тое, што на цёплую, незамерзлую зямлю выпаў снег. Гэта пагражае раслінам выправаннем. Ім проста пад снежным покрывам робіцца горача, і яны пачынаюць прарастаць. Якраз у мінулым годзе такое і было. Снег лёг у сакавіку на ўжо цёплую глебу, ад гэтага ўраджай значна пацярпеў. Тое самае можна сказаць і пра зваротную сітуацыю: калі надыходзяць вялікія маразы, а снежнага покрыву няма, то расліны непазбежна вымярзаюць. – Якія расліны найбольш адчувальныя да рэзкіх змен у надвор’і? – Самая адчувальная расліна – гэта рапс. Адзін раз на тры гады ў нас рапс вымярзае. Самая ўстойлівая – гэта жыта. Яшчэ шмат чаго залежыць ад глебы. Калі вы з восені падкармілі яе фосфарам і каліем, то вашым раслінам перазімаваць будзе лягчэй. – А як захаваць расліны ад выправання ці вымярзання? – Калі ў вас участак метр на метр, парады даваць проста. Калі ляжа снег, а на вуліцы амаль нулявая тэмпература, проста прыбярыце снег, каб расліны не пацелі. А калі ўдарыць мароз – закрыйце плёнкай. Іншая справа, калі засеяная вялікая плошча. Тут толькі спадзяванне на лепшае. Усё ў прыродзе адбываецца своечасова Эколагі, у адрозненне ад аграномаў, лічаць, што трывогу біць не трэба. – Ніякай анамаліі ў прыродзе няма. Усё калісьці было: і снег у Егіпце, і Ніагарскі вадаспад замярзаў. Перыяды пацяплення змяняюцца перыядамі пахаладання. Але, як не дзіўна, на Вадохрышча ўсё роўна маразы. Захочаш нырнуць у палонку – і на табе, мінус 20, – гаворыць начальнік Маладзечанскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў. У адным з гістарычных дакументаў я калісьці прачытаў, што Радзівілы ў Калінінградскім краі прадавалі сваю маёмасць, у якой былі і вінаграднікі. Клімат калінінградскі падобны да беларускага. Калі тады рос вінаград, ці не цяплейшымі былі зімы? – А ці запомніліся вам цёплыя зімы, акрамя сёлетняй? – У 1997 або 1998 годзе, я дакладна памятаю, бярозавы сок пачалі нарыхтоўваць 27 лютага. Цяпер я таксама назіраю за прыродай: ні дрэвы не распускаюцца, ні звяры не прачынаюцца. Вось яноты. Гэта прыродныя барометры. Вы бачылі, каб яны хадзілі па Маладзечне? Не? Значыць, спяць. І яшчэ прывяду прыклад мінулагодні. Памятаеце, снег сышоў толькі ў красавіку, сельгасработы пачаліся толькі ў канцы красавіка. А на свята 9 Мая сады ўжо цвілі. Так што, усё прыйдзе своечасова. Няма падстаў для хваляванняў. А як надвор’е ў свеце? Зіма 2013 – 2014 года здзіўляе жыхароў усяго свету. 14 снежня сапраўднай сенсацыяй прагучала тое, што ў Афрыцы выпаў снег, дакладней, не толькі ў Афрыцы. Спачатку прыходзілі паведамленні, што снег выпаў у Ізраілі і Іарданіі. А потым ужо ўвесь свет абляцелі фотаздымкі, на якіх знакамітага егіпецкага Сфінкса прыцерушыла снегам. Апошні раз снег у Егіпце выпаў у 1901 годзе ( 112 год таму), а гэта значыць, што шматлікія егіпцяне першы раз у жыцці пабачылі снег. Літаральна праз месяц, з другой часткі свету, Паўночнай Амерыкі, прыйшло сенсацыйнае паведамленне, што замерз Ніагарскі вадаспад. Па праўдзе сказаць, і гэта здаралася не адзін раз. Аднак поўнасцю вада спынялася толькі раз – 29 сакавіка(!) 1848 года. І то, праз тое, што ледзяныя глыбы перашкаджалі плыні ракі. Апошнія звесткі пра замерзшы вадаспад адносяцца да 1932 года. І вось у 2014 годзе, праз 82 гады, вадаспад зноў замерз. Вада не перастала цячы, але вадаспад быў больш падобны на пірожнае безе, якое зверху паліваюць малочнай глазурай. Снег і моцныя маразы сталі сапраўдным стыхійным бедствам для жыхароў амерыканскага кантыненту. Тэмпература паветра ў Штатах апускалася ніжэй за 40 градусаў, снежны покрыў у некаторых раёнах дасягаў адзнакі ў 120 сантыметраў. Прырода зноў і зноў прымушае спецыялістаў ламаць галаву: глабальнае гэта пацяпленне ці нешта іншае. А нам застаецца спадзявацца, што сюрпрызы, што рыхтуе нам прырода, будуць толькі прыемнымі. Наталля ТУР. Фота Наталлі ТУР, pikabu.ru, www.dp.ru, www.chaspik.spb.ru. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анамальна цёплае надвор’е ў студзені змяніліся рэзкім пахаладаннем. Усё гэта выклікае шмат размоў і хваляванняў. Што гэта: анамаліі і катаклізмы? Ці значыць гэта,...
|
|