Сляды ад цэнзурнага сіта на Быкаве сцерлі. 21.by

Сляды ад цэнзурнага сіта на Быкаве сцерлі

17.03.2014 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Вокладка кнігі, на якой змешчаны малюнак з нататніка самога Быкава. На старонках аповесці выкрасленыя раней цэнзурай элементы будуць пазначаныя шэрым колерам і значком з нажнічкамі.

Як катавалі беларускую літаратуру, як катавалі Быкаўскае слова, распавядае маладзечанскі краязнаўца пісьменнік Міхась Казлоўскі.

Гэтай вясной у беларускіх кнігарнях з’явіцца “адмытая” аповесць Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”. Адмененыя 200 правак, унесеныя савецкай цэнзурай.

Перавыданнем аповесці займаўся даследчык творчасці пісьменніка Сяргей Шапран. Унікальны чарнавік, той самы першапачатковы аўтарскі варыянт, яму перадалі сыны Быкава. Гэтыя запісы яны знайшлі ў гарадзенскай кватэры, дзе некалі жыў пісьменнік.

Пра цярністы шлях аповесці да чытача, пра яе катаванні цэнзарамі “Рэгіянальная газета” размаўляла з маладзечанскім краязнаўцам пісьменнікам Міхасём Казлоўскім:


Эксперт у беларускай літаратуры, краязнаўца, пісьменнік Міхась Казлоўскі распавядае пра цэнзуру ў творчасці Васіля Быкава і іншых беларускіх пісьменнікаў.

– Так ужо складваецца, што вартыя ўвагі творы прыходзяць да чытача тады, калі на месцы галоўнага рэдактара сядзіць не проста таленавіты чалавек, але чалавек канкрэтнай пазіцыі, грамадзянскай у тым ліку. Адстойваць такія творы вельмі складана і цяжка, асабліва, калі яны з’яўляюцца ў пэўны час і апярэджваюць гэты час.

Дык вось Быкаву ў гэтым выпадку пашанцавала, бо тады пасаду галоўнага рэдактара ў часопісе “Маладосць” займаў Пімен Панчанка, вядомы паэт і смелы ў сваіх паводзінах чалавек.

Аповесць пабачыла свет у часопісе “Маладосць” у №№7, 8 за 1965 год.

Пазней аповесць надрукавалі ў Маскве ў часопісе “Новый мир” у №№1,2 за 1966 год. Галоўным рэдактарам быў тады Аляксандр Твардоўскі.

– І гэта рэдкі выпадак, калі аповесць Быкава выйшла спачатку ў Мінску, а пазней у Маскве. Дарэчы, па сутнасці, з таго часу свае аповесці Васіль Быкаў пачаў перакладаць сам на рускую мову, бо папярэднія пераклады яго не задавальнялі.

Гэта ж тады з’явіўся ў беларускім літаратурным асяродку жарт, што некаторыя рускія літаратары, думаючы, што яны добра ведаюць беларускую мову, перакладалі літаральна так: у канюшыне стракаталі конікі, як “в конюшне ржали лошадки”.

А асобным выданнем аповесць пабачыла свет у пачатку 80-х гадоў у чатырохтомным зборы твораў пісьменніка ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дзе дырэктарам быў Міхал Дубянецкі.

– Міхал Фёдаравіч быў чалавек разумны, прагрэсіўных поглядаў, – распавядае Міхась Казлоўскі. – Яму прыйшлося праявіць волю, прыняць сапраўдны бой, каб аповесць нарэшце выйшла ў выглядзе збораў твораў Быкава,  бо гэтае пытанне вырашалася на ўзроўні ЦК КПСС.


Васіль Быкаў. 1964 год. Фота Уладзіміра Крука.

Асобнай кнігай аповесць выйшла на эміграцыі

Упершыню аповесць  “Мёртвым не баліць” выйшла асобным выданнем не ў Беларусі, а на эміграцыі. І здарылася тое дзесьці у канцы 60-х гадоў.

Дакладна ўстанавіць дату выхаду немагчыма, бо на кнізе няма ніякіх выходных дадзеных, толькі на вокладцы – малюнак з падбітым нямецкім танкам і белым па чырвоным надпісам “Мёртвым не баліць”.

Праўда, цяпер стала вядома, што яе выдаўцом быў беларускі эмігранцкі дзеяч Мікола Прускі. Гэта псеўданім, а сапраўднае прозвішча Мікола Сардэчанка, пляменнік Якуба Коласа па матчынай лініі.

Да таго ж, твор, па ўсім бачна, перакладаўся з рускай мовы, бо ў тэксце ёсць словы, якія ў той час не сустракаліся ў беларускай літаратурнай мове, ды і ў творчасці Васіля Быкава. Прыкладам “слухаўка”, “шыкоўная”, “унікнуць”, іншыя.

У чым соль тэксту

У аповесці галоўны герой – былы франтавік, малодшы лейтэнант Васілевіч – прыязджае ў гатэль. У часе размоў узнікае палеміка, і ён у адным з прысутных пазнае былога смершаўца, чалавека са спецорганаў, які ў аповесці адыграў не самую лепшую ролю ў лёсе некаторых салдат. Прозвішча яго – Сахно.

– Безумоўна, для таго часу аповесць была вельмі смелая, – лічыць Міхась Казлоўскі. – Смелая не ў тым, што яна нешта ачарняла, як любілі гаварыць тагачасныя кіраўнікі. Аповесць проста паказала, што не ўсё ў жыцці так адназначна. Не ўсё чорнае з’яўляецца чорным, не ўсё белае з’яўляецца белым.

“Кіраўнікам” ад літаратуры не вельмі хацелася, каб у тэксце былі такія неадназначныя характарыстыкі некаторых прадстаўнікоў тагачаснай савецкай арміі і спецорганаў.


Старонкі будучай кнігі. Усе "адмытыя" цэнзарскія праўкі паказаныя маркерам ды нажнічкамі. Фота labadzenka.by.


“Уся наша літаратура скалечаная”

Фактычна ўсе творы Быкава выходзілі вельмі цяжка, з перашкодамі. Гэта датычыцца не толькі “Мёртвым не баліць”, але і такім аповесцям, як “Праклятая вышыня”, “Яго батальён” ды іншым.

– І ўвогуле, уся наша літаратура, як ніякая іншая, напэўна, з літаратур былога Саюза, была сцэнзураваная. І гэта залежала не толькі ад уласна цэнзараў, але і ад асабістых чалавечых якас­цяў тых людзей, якія мелі дачыненне да выхаду гэтых твораў. Таму некаторыя кнігі прайшлі такія цэнзурныя скарачэнні, што нават цяжка гаварыць пра іх першапачатковы змест.

У якасці прыкладу можна прывесці дзённік Барыса Сачанкі, які адшукала дачка пісьменніка. У ім празаік піша, якія рэдактарскія і цэнзарскія скарачэнні перацярпеў раман Аркадзя Чарнышэвіча “Засценак Малінаўка”, страціўшы, па сутнасці, свой аўтарскі выгляд.

– Уся наша літаратура скалечаная, зламаная, – кажа Міхась Казлоўскі. – Бо яна  пісалася не заўсёды так, як жадалі самі аўтары. Асабліва гэта датычыцца 30-х, 40-х, 50-х гадоў. І ўвогуле, над усёй нашай літаратурай вісеў дамоклаў меч. Бясконцы дамоклаў меч Галоўліта,  перастрахоўшчыкаў ад літаратуры, якія ўмешваліся ў тэксты нават геніяльных, не пабаюся гэтага слова, пісьменнікаў.

Усё можна зрабіць, калі ёсць запатрабаванасць

На думку Міхася Казлоўскага, каб расставіць у нашай літаратуры ўсё на свае месцы, вызначыць сапраўдную вартасць твораў, трэба яшчэ раз прачытаць усё напісанае. Пры гэтым пастарацца даверыцца уласнаму густу, інтуіцыі і душы.

– Бо

трагедыя нашай літаратуры заключаецца ў тым, што яна непрачытаная. Я пастараўся б яшчэ раз перагледзець усе творы нашых пісьменнікаў і перавыдаць усё лепшае з іхняй спадчыны.

Але разумею, што гэта пакуль што нерэальна, ды і не запатрабавана грамадствам. Усё можна зрабіць, калі ёсць запатрабаванасць. Некаторыя лічаць, што таго ці іншага пісьменніка нельга перавыдаць, бо яго творы не вытрымалі выпрабаванняў часу. Я ж лічу, што такое меркаванне памылковае.

Кожны сапраўдны пісьменнік заслугоўвае таго, каб яго творы пабачылі свет. Каб творчасць ацэньвалася не толькі прафесійнымі літаратарамі, а яшчэ і паспалітымі чытачамі. Бо яны таксама павінны вызначаць усё лепшае ў літаратуры.

Іншая справа, што гэта была б элітная літаратура, разлічаная на людзей з густам, з разуменнем, з талентам і, самае галоўнае, з памяццю. Таму што без памяці няма будучыні.

Замовіць кнігу можна на блогу Глеба Лабадзенкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як катавалі беларускую літаратуру, як катавалі Быкаўскае слова, распавядае маладзечанскі краязнаўца пісьменнік Міхась Казлоўскі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика