Успаміны паэткі Ганны Новік “З перажытага” (заканчэнне)
14.04.2014
—
Разное
|
Фота з архіва Мікалая СУДНІКОВІЧА. Працягваем знаёміцца з вытрымкамі з успамінаў паэтэсы Ганны Новік, якой 25 сакавіка споўнілася б 100 год. З білетам у Вільню дапамог вучань Пад канец сёмага класа арганізавалася экскурсія ў Вільню. Білет каштаваў сем злотых, і я не магла паехаць. Колькі разоў пасылалі за мной дзяўчат. Мне не хацелася прызнацца, што ў мяне няма сямі злотых. Я знаходзіла прычыны. Урэшце прыйшоў мой вучань Антэк, паклаў у кішэню сем злотых. Адчуваючы да яго сімпатыю, я не адмовілася. Трэба сказаць, што ён быў адметны сярод вучняў ростам і вопраткай. За тры дні нашага знаходжання ў Вільні я бачыла ў ім сябра, гатовага мне дапамагчы ў любы час. Як жылі пры Польшчы У кожнай гміне быў пастарунак паліцыі – у ёй камендант і 6-8 паліцаяў. Усе парадкі ў вёсках наводзілі паліцэйскія, глядзелі за санітарнай гігіенай. У кожным двары павінна была быць бочка з вадой і вешка (венік на высокай жэрдцы) для тушэння пажараў. Калі выганяць у поле жывёлу, неабходна было адразу сабраць увесь памёт, ачысціць вуліцу і двары. Сялянскі побыт заставаўся ранейшым: былі жорны, ступы з таўкачамі, у якіх таўклі крупы з ячменю (панцак). У кожнай вёсцы было шмат краўцоў, шаўцоў, бондараў, былі ганчары, бо ўвесь малочны посуд быў з гліны. Гаршкі ўсе былі гліняныя, міскі – таксама, лыжкі драўляныя. Асвятленнем была лучына або капцюшка, пры ёй пралі вечарамі і ткалі па меры магчымасці. Кожная жанчына, акрамя гэтай работы, павінна была ўмець шыць, ткаць і круціць паясы. У гарадах было шмат беспрацоўных, якія атрымлівалі грашовую дапамогу, а ў вёсках – шмат жабракоў. Зямельныя надзелы ў сялян былі ўсе шнуравыя і за маёй памяццю ўжо дзяліліся не ўздоўж, а ўпоперак кавалкамі, бо ўздоўж атрымліваліся вельмі вузкія, па іх нельга было праехаць з канём. Польскія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў вайне за Беларусь, атрымалі лепшыя землі і называліся асаднікамі. Асаднікі не паспявалі апрацоўваць зямлю сваёй сілай і наймалі сялян. Жанчына – маці ў сям’і – мела права толькі на сёмую частку маёмасці, а дзяўчаты – ніякіх правоў. Так хацела вучыцца, што пайшла па даведку да ксяндза Вось у гэты час я закончыла польскую сямігодку, вельмі спадзеючыся, што паступлю ў гімназію. Аднак вучоба ў гімназіі каштавала вельмі дорага, і я звярнулася ў Віленскую ўніяцкую, дзе часамі прымалі бясплатна. Але туды бралі каталікоў, а маё праваслаўнае веравызнанне не падыходзіла. Я звярнулася з просьбай да куранецкага ксяндза, каб ён падрыхтаваў мяне каталічкай. Падрыхтоўка ішла нядоўга, бо я добра валодала польскай мовай, і па нейкім часе ён мне выдаў даведку, што я прыняла каталіцкую рэлігію. Даведку я паслала ў гімназію, але мне адказалі, што дзеці сялян маюць апошняе права. Я не траціла надзеі. Па лацінскай мове рыхтавалася самастойна, па нямецкай таксама. Але тое, што я належала да падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыі, прымушала мяне сумнявацца. Сумненні мае спраўдзіліся – за намі пачалі сачыць паліцаі. Кожную беларускую пастаноўку – мы іх ставілі часта – наведвала паліцыя. Мы свядома ставілі іх бясплатна, хоць і кватэру для гэтай справы атрымлівалі таксама дарма. Я працягвала сваю адукацыю, бо не было да каго звярнуцца па дапамогу, усе польскія настаўнікі насцярожана адносіліся да мяне. У лагеры для беспрацоўнай моладзі Так мая адукацыя спынілася на 7 класах аж да 1936 года. У 1935 годзе я напісала заяву ў Міністэрства працы аб прыёме мяне куды-небудзь на работу, бо мне вельмі не хацелася вяртацца на падзёншчыну. Мне прыйшлі дакументы, у якіх было накіраванне ў Варшаву ў лагер працы для беспрацоўнай моладзі, і чыгуначны білет. Так у пачатку 1935 года я апынулася ў Варшаве. Гэты лагер працы ўтрымліваў 200 дзяўчат па розных спецыяльнасцях. Тут была кравецкая майстэрня, шавецкая, трыкатажная, пашывачная, кухня, пральня. У лагеры быў агарод, на якім таксама працавалі дзяўчаты. Быў усяго адзін мужчына – начны вартаўнік. У лагеры выходзіў часопіс, які называўся “Юнак”. Я змяшчала там свае вершы. Беспрацоўе пазнала так, як яно ёсць. Да нашай кухні ў час абеду падыходзілі сотні беспрацоўных бацькоў, дзяцей, чакаючы астаткаў ад нашага стала, і так даволі беднага. Плацілі нам па пяць злотых у месяц, з іх палову давалі на рукі, а палову клалі на ашчадкніжку, якую выдавалі пры выездзе з лагера. Культасветную работу вялі рэгулярна. Вечары ля вогнішча называліся “акадэміяй”. У мужчынскім лагеры, які размяшчаўся ў 30 кіламетрах ад нас, раз у месяц арганізоўваліся танцы і тады па нас прысылалі машыну. Толькі кожную нядзелю мы павінны былі хадзіць у касцёл і стаяць там у страі, пакуль ішла імша. Таксама строем мы ішлі туды і вярталіся. Была вялікая бібліятэка, выпісваліся газеты, часопісы, быў Дом культуры, які зваўся “Святліца”. Арышт Зіма ў лагеры пачалася з таго, што і да нас завітала беспрацоўе. Не прывезлі матэрыялу ў пашывачную, нітак у трыкатажную. Тое, што вырасла ў агародзе, мы даядалі, і невядома было, што будзе заўтра. За ўвесь год з дому я не атрымала ні аднаго пісьма, а тут раптам прыйшло пісьмо ад бацькі: “Вяртайся дадому, сястра захварэла на эпілепсію”. Я ведала, што гэта за хвароба, і ўяўляла сабе сястру хворай і бездапаможнай. Да гэтага часу прыехала з міністэрства начальства, сабрала нас на пляцы і аб’явіла, што лагер закрываецца. Так я зноў апынулася дома. Зімой 1936 года мы зноў актывізаваліся і распачалі падпольную работу: праводзілі агітацыю супраць хутароў, ставілі беларускія п’есы, выпускалі часопіс і праводзілі свае сходы. Хутка мы даведаліся, што нас збіраюцца арыштаваць. Задумаліся: чакаць нам арышту ці ўцякаць праз мяжу ў Савецкі Саюз. Мы рашылі ўцякаць. 25 чэрвеня 1936 года арганізавалася 12 хлопцаў і я, нанялі пераводчыка з Кастык і пайшлі за мяжу. Наша спроба нам не ўдалася, і мы вярнуліся. На другі дзень на досвітку нас усіх арыштавалі і прывезлі ў куранецкую паліцыю на допыт. Тры дні мяне трымалі на допыце. На сняданне далі мне хлеба і селядца, памясцілі ў асобную камеру, дзе стаяла адна цвёрдая кушэтка. Я паснедала гэтым хлебам з селядцом. Апоўдні мяне пачала стамляць дзікая смага. Кожны допыт пачынаўся па-свойму. Пыталіся, хто пасылаў за граніцу, з якога месца, з якім заданнем. А так, як мяне ніхто не пасылаў, я не магла нічога сказаць. Я чула праз сцены крыкі хлопцаў, якіх білі, адчувала вінаватасць перад імі. Прысудзілі два гады і 8 месяцаў зняволення На трэці дзень арышту мяне прывезлі ў Вілейку ў турму. Зусім знясіленую мяне прывялі ў суд. Прыйшлося доўга чакаць, калі мяне выклічуць. Пажылы паліцэйскі, што сядзеў побач, задрамаў. I мне прыйшла думка ўцячы. Я паднялася і выйшла на вуліцу. Самы блізкі лес – вілейскі могільнік, куды можна было ўцячы. Я прыкінула, што за гэта будзе, што арыштуюць маіх бацькоў, сястру, зловяць мяне – тады, пэўна, пакаранне павялічаць. Я вярнулася. Вечарам мяне выклікалі да суддзі. Амаль нічога не пытаючыся, ён напісаў паліцэйскаму запіску і сказаў коратка: “У турму”. Я была сёмай жанчынай у былой адзіночнай камеры. Так пачыналася маё турэмнае жыццё. Аднойчы мяне павялі на допыт. Следчы ўдарыў мяне з размаху па твары. Я не ўтрымалася на нагах і ўпала скроняй на кант стала. Са скроні пацякла кроў. Допыт быў перапынены. Зрэнка майго правага вока схавалася за пераносіцу. Я пачала ім дрэнна бачыць. Жанчыны з камеры лячылі мяне, як маглі. Цэлы месяц цягнулася следства. Нарэшце быў суд у Крывічах. Я не наймала адваката. Мне прысудзілі два гады і 8 месяцаў зняволення. Жыццё ў турме Хлеба – 400 грамаў у суткі або супу з гароху, перапоўненага чарвякамі. Літр кавы. Камера была паўночная. У куце ля парога – параша. У турэмную лазню нас вадзілі 1 раз у 2 тыдні. Праз 2 гады і 8 месяцаў я вярнулася дамоў. Выпусцілі мяне пад заклад паліцыі, і я павінна была з’яўляцца туды і казаць, чым буду займацца, у што апранацца і дзе буду жыць. Праз пару тыдняў я ўладкавалася да краўца ў Балашы. Мы шылі сярмягі, штаны, курткі з саматканага палатна, якое называлася сукном. Аднойчы прыйшла паліцыя, пагаварылі з гаспадаром, і ён сказаў, што адмаўляе мне ў працы, не хоча мець з паліцыяй сутыкнення. Я вярнулася дамоў, бацька дапамог мне купіць старую швейную машынку, і я пачала шыць. Выбралі дэпутатам Народнага Сходу У 1939 годзе пачалася вайна Польшчы з Германіяй. ІІалякі ўзмацнілі пошукі падпольшчыкаў, і ўсіх арыштоўвалі. Гэта пагражала і мне. Я пакінула сваю хату і, як іншыя, тулялася па суседніх вёсках. 17 верасня 1939 года савецкія войскі перайшлі граніцу і забралі пад сваю апеку Заходнюю Беларусь. Мяне выбралі дэпутатам Народнага Сходу і паслалі ў Беласток. З’езд у Беластоку працаваў тры дні і вынес рашэнне – далучыцца да Савецкай Беларусі, а тым самым – да СССР. Вярнуўшыся, мы наведалі вілейскую рэдакцыю, дзе і расказалі пра свае ўражанні. Пасля нас прызвалі на працу. Я рашыла адразу арганізаваць гандаль, але праз месяц прыехала група пісьменнікаў з Мінска, знайшлі мяне і даручылі райкаму перавесці мяне ў Куранецкае райана на ролю інспектара, які валодае польскай мовай, бо настаўнікі былі палякі. Вайна 22 чэрвеня 1941 года ваенкамат сабраў усіх на плошчы ў Куранцы і аб’явіў аб пачатку вайны з немцамі. Пачалася падрыхтоўка да эвакуацыі. Непакой агарнуў усіх, але асабліва настаўнікаў-яўрэяў. Яны першыя падаліся на ўсход, ніхто не хацеў заставацца пад немцамі. Праз два дні ў Куранец з’явіліся нямецкія разведчыкі. Гэта былі не тыя немцы, якія прыходзілі ў 1914 годзе. Гэтыя былі страшэнна жорсткія і не лічыліся ні з кім. Я ўжо тады была замужам. …У мяне нарадзілася дачка. Я ўлілася ў партызанскі атрад па дакументах з 1943 года, хаця і раней лічыла сябе партызанкай. Калі памерла дачка, я хадзіла на заданні, рысавала карты Вілейкі, Куранца, Княгініна, давала звесткі аб колькасці немцаў у гарнізонах, аб іх узбраенні, удзельнічалі ў партызанскіх налётах на нямецкія гарнізоны. Ледзьве засталася жывой У 1948 годзе ў Варонічах арганізаваўся калгас, і яго старшынёй абралі мяне. ...У 1949 годзе бандыты напалі на старшыню Кузміцкага сельсавета, адабралі ў яго паляўнічую стрэльбу. Старшыню адразу знялі з работы, і сельсавет застаўся без кіраўніка. Старшыня райвыканкама прывёз на сход дэпутатаў свайго кандыдата, але дэпутаты выбралі мяне. Палова людзей знаходзілася ў зямлянках, і акрамя жанчын, інвалідаў і падлеткаў не было каму працаваць. “Пайшлі” планы лесавывазкі, лесапавалу, і гэтай справай займаліся жанчыны. Памятаю, брыгада жанчын з Іжы пілавала лес у Варонічах і таксама вывозіла яго або да ракі, або на чыгуначны прыпынак. ...У лясах у той час яшчэ блукалі ўзброеныя банды. У 1948 годзе, вяртаючыся з Куранца з нарады, я трапіла ў рукі гэтых бандытаў. Iх было сем чалавек. Мяне павезлі ў лес. Сонца ўжо заходзіла. Я ў думцы ўжо развітвалася з жыццём. На шчасце, сярод іх быў мой аднакласнік. Ён назваў мяне сваёй швагеркай. Так я засталася жывой. У 1950 годзе пачалі арганізоўваць палітаддзелы МТС. Мяне выклікалі ў абкам, накіравалі ў Крывіцкі раён памочнікам начальніка палітаддзела. Тут я адпрацавала чатыры гады. У 1952 годзе аднойчы летам трапіла зноў у рукі бандытаў, але цудам засталася жывой. Партыйцы ніяк не маглі паверыць, парэзаўшы мне грудзі, што бандыты пакінулі мяне жывой. Творчае жыццё У 1954 годзе ліквідавалі палітаддзелы. Па стану здароўя я вымушаная была звольніцца, паехала дадому ў Варонічы, дзе імкнулася жыць спакойна. У 1957 годзе мне вызначылі другую групу інваліднасці. Я траціла увесь свой час на вершы, якія пасылала ў часопіс “Полымя”, дзе іх ахвотна друкавалі. Тады ж было напісанае апавяданне “Карэспандэнт”, якое абмяркоўвалася на сходзе пісьменнікаў і атрымала станоўчую адзнаку. У 1960 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, выдалі першы зборнік “Мае вёсны”. У гэты зборнік увайшлі вершы пасляваенных год, а таксама даваенныя. У 1966 годзе здароўе маё палепшылася, і я пайшла на працу ў вілейскую аптэку па рэалізацыі медыкаментаў у Варонічы, дзе быў аптэчны пост. Вось тут і спатрэбілася лацінская мова, якую я вывучала ў 1930 годзе. 12 год я прабыла на гэтай рабоце і ўвесь час не пераставала пісаць у “Полымя”, а потым і ў раённую газету. Апошнія 20 год я супрацоўнічала з раённай газетай, не маючы права быць штатным карэспандэнтам, таму што была інвалідам другой групы. У 1990 годзе ў мяне здарыўся інсульт, а ў 1993-м – другі. У пачатку 1994 года мне пацвердзілі другую групу, не абяцаючы папраўкі. Супрацоўніцтва маё з рэдакцыяй спынілася. Так я сустрэла свае 80-годдзе. 3 1970 года, акрамя вершаў, я пісала аповесць “Другая сустрэча”, якая адлюстроўвае пасляваеннае жыццё на Вілейшчыне. Фрагменты аповесці друкаваліся ў часопісе “Полымя” і ў раённай газеце “Шлях перамогі”. Аповесць яшчэ не закончаная, не ведаю, ці змагу яе скончыць, але хачу спадзявацца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працягваем знаёміцца з вытрымкамі з успамінаў паэтэсы Ганны Новік, якой 25 сакавіка споўнілася б 100 год.
|
|