Снядзінцы ведаюць: вялікай вады не будзе
24.03.2018
—
Разное
|
Калі тыдзень таму ў чарговы раз сышоў снег, занадта многа сталі гаварыць пра чаканне паводкі. Нават прагнозы ў памерах рэспублікі далі, колькі падворкаў падлягаюць падтапленню. З рэспубліканскіх газет сталі назвоньваць у Галубіцкі сельскі Савет, маўляў, прыедзем, зробім рэпартаж пра паводку. Ды старшыня Савета спыняў іх: рана, вады няма, сенсацыі не атрымаецца. Але ж нас, мясцовых карэспандэнтаў, з сабою за раку ўзяў. З дзвюма скрынкамі лекаў У той “рэйс” разам з Уладзімірам Аляксандравым рушылі фельчар Галубіцкага ФАПа Наталля Марозька і жыхарка Снядзіна Таццяна Чарняўская, якую ў гэты дзень выпісалі са стацыянара ў бальніцы. Гэта жанчына забаўляла нас дарогаю, расказваючы, як тыдзень таму муж вёў яе з гіпертанічным крызам праз раку за вяроўку – ці то тапіць, ці то на той бераг ракі перайсці, дзе забярэ “хуткая”. Адметнасць жыхароў зарэчнай зоны: любыя нязручнасці і праблемы пераварочваць у гумар. – Калі працуе паромная пераправа ці ёсць магчымасць без рызыкі перайсці раку, у зарэчнай зоне бываю двойчы на тыдзень, – расказала па дарозе Наталля Пятроўна. – Апошні месяц і раз у тыдзень не выпадае. Бо пераправы няма ў Чэрнічах і Уладзімір Уладзіміравіч ідзе праз раку па друзлым лёдзе пешшу. А я баюся. Таму лекі перадаю праз яго на ФАП у Снядзіне. А жыхароў абслугоўвае лельчыцкая “хуткая”. Вось і сёння планую заехаць у Белін, там жанчыне наклалі ў Лельчыцах гіпс, траўму нанесла карова. Трэба праведаць. На ФАПе Наталлю Марозька чакалі цёплыя кабінеты і яе памочніца-санітарка Людміла Буднік. Амаль кожнаму жыхару вёскі яна патэлефанавала, што прыедзе фельчар. Але жадаючых сустрэцца ўласна не знайшлося. Выклаўшы ў сейф для лекаў дзве скрынкі медыкаментаў, медработнік рушыла ў Белін.
Сродак камунікацыі – сацыяльны работнік Больш паўтары сотні чалавек пражывае пастаянна па той бок паромнай пераправы. У Таргашыне – 2 чалавекі, у Беліне – 5, у Мардзвіне – амаль 50. Усе – пенсіянеры вельмі паважанага ўзросту. Без дапамогі не абысціся. Найперш сустрэліся мы з сацыяльным работнікам Іванам Рубчэўскім, на абслугоўванні якога сем чалавек, у тым ліку таргашынцы. Да гэтых двух, а летам трох чалавек, яму трэба дабірацца пяць кіламетраў. Туды і аўталаўка не заўсёды даходзіць. Таму зімою ён грузіць прадукты на санкі і цягне па сваім жа пратаптаным следзе. – Давялося купіць гумавы касцюм, бо рыбацкія боты не заўсёды выратоўваюць, бываюць такія гады, – расказвае Іван Рубчэўскі. – Жанчына, напэўна, і не справілася б з такой дарогай. А калі чалавек састарэлы, то не толькі жаночыя рукі патрэбны ў гаспадарцы, а больш – мужчынскія. Мне і дровы ім прывезці трэба, і агароджы падрамантаваць, і ў хаце нешта падладзіць, і двары прыбраць – спраў многа. Часам даводзіцца і да парома падвезці на сваім аўтамабілі ці нават у Петрыкаў у бальніцу. Сацыяльны работнік запэўнівае, што ўсё ў Снядзіне ідзе ў “штатным рэжыме”. За многія гады па прыкметах ужо навучыліся вызначаць, ці будзе вялікая вада. І цяпер ведаюць: вады не будзе. Рака зняла лёд – затору няма. Хіба толькі дажджы ці снегапады дададуць крыху вады, але гэта ўжо не тыя гады, як напрыклад 1979, калі па вуліцах на “амфібіях” выратавальнікі гойсалі. Спрабавалі капаць ямкі – вада не набягае, значыць, паводкі не будзе. У вёсцы пакуль толькі адну дарогу заліло, да прызб увогуле далёка. – У тых хатах, што найбольш падтапляліся, ужо і жыхароў няма, – далучаецца да тэмы другі сацыяльны работнік Валянціна Кірыловіч. – Раней даводзілася худобу ратаваць, у кожным падворку была карова, свінні. Бульбу, іншыя запасы падымалі. У кожным двары была свая лодка. Цяпер патрэбы ў іх нашым бабулям няма. Сцежку агародам, вышэйшым месцам, пратопчам, ды і ўсе нязручнасці. Каб толькі тураўская пераправа не падводзіла ды паром хутчэй пусцілі – усё стане на свае месцы, так мяркуюць снядзінцы. Яны звыклыя жыць каля высокай вады, у якой свой круты нораў. І раку праз прамыіны пераходзіць, лодкай лавіраваць паміж крыг – не навіна нават для жанчын. Не скардзяцца на жыццё і абставіны. Хіба толькі здзіўляюцца, што супраць гэтай стыхіі нават у 21 стагоддзі нічога не прыдумалі. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: як закрылі тураўскі мост, падсыпалі дарогу па нафтаправодзе. Раней па ёй толькі на трактары можна было прабіцца гадзіны за тры, а цяпер нават некаторыя легкавікі пройдуць. І гэта акалічнасць радуе снядзінцаў. Спадзяюцца і на хуткае ўзнаўленне паромнай пераправы.
Лельчыцкі гандаль – у дапамогу Да асартыменту снядзінскага магазіна ў мясцовых пакупнікоў нараканняў няма. Прадавец Таццяна Рубчэўская расказвае, што яшчэ загадзя з восені быў запоўнены склад таварамі працяглага тэрміну захавання. Хлеб, малако і іншыя прадукты кароткіх тэрмінаў прывозіць Лельчыцкае спажыўтаварыства двойчы на тыдзень. Яно і аўтамагазінам абслугоўвае Таргашын, Белін і Мардзвін. З Петрыкава таксама тавары давозяцца, пераадолеўшы маршрут праз Мазыр. Не блізка, накладна, але сваіх спажыўцоў не крыўдзяць. Нядаўна яшчэ давезлі гумарыя боты, нешта з бытавой хіміі.
Дамба трымае абарону У кожны свой візіт у зарэчную зону старшыня Савета Уладзімір Аляксандраў абавязкова едзе і ў Мардзвін на дамбу. Хаця за ёй пільна сочаць супрацоўнікі ПМС, на чыім балансе яна знаходзіцца, лішнім гэта не будзе. Тут рака блізка падыходзіць да дамбы, якая не пускае яе ў вёску. Хаця, калі прыкінуць вокам, узровень талай вады каля хат крыху вышэй, чым узровень ракі за дамбай. Праўда, помпавую пакуль не ўключалі – тут ляжыць лёд, ды і да падтаплення далёка. А вада ў разорах агароду – гарантаваны ўраджай. Памятаючы вопыт мінулых гадоў, мардзвінцы лодкі на зімоўку паклалі на дамбе вышэй. Кажуць, што цяпер сцягваць у ваду далёка давядзецца. Праўда, ёсць і тыя, каму не трываецца паспрабаваць першыя хвалі – прымайстраваўшы гумавыя лодкі на плячо, ідуць лядовым беражком да вады. Экстрэмалы! Здалёк з дамбы і цяпер відаць паласатыя платы – адзнакі былых падтапленняў. Некалі ў 2013 годзе і мы ўздоўж іх плылі на гумавых лодках з выратавальнікамі і валанцёрамі Чырвонага Крыжа. Нават не верыцца, што вады было так многа. Дарэчы, і цяпер раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа ўжо забяспечана гігіенічнымі і прадуктовымі наборамі для пацярпелых ад паводкі. Хаця пакуль нічога не паказвае на тое, што такія пацярпелыя будуць. Завітаўшы ў дом той жанчыны, якой карова нанесла траўмы, сустракаемся з іншымі жыхаркамі вёскі і іх сацыяльным работнікам Марынай Марцынкевіч. Калі прыязджае ў вёску фельчар, то імкнецца пагутарыць з кожным, вызначыць ціск, уласна праверыць іх скрыначкі з лекамі. А цяпер трэба агледзець і загіпсаваную руку жанчыны. Марыя Сальвіч не можа стрымаць слязу, бо ўпершыню за ўсё сваё працяглае жыццё засталася без каровы. Гэта не першы выпадак, калі тая, маючы буйны нораў, пабілася з гаспадыняй. На гэты раз дзеці жанчыны не сталі слухаць маці – учора вывезлі і прадалі яе карміцельку. Мардзвінкі згадалі, што больш пятнаццаці гадоў тут няма статка, гадоў пяць як гэта карова была апошняй у вёсцы. Цяпер няма ўвогуле. Сумуюць і нудзяцца старыя, калі нешта выпадае з іх звыклага ладу жыцця. Збіраючыся ў адваротны шлях, старшыня сельскага Савета выканаў і функцыі паштальёна: каму пакет на “вялікую зямлю” перадаць, сацыяльным работнікам – справаздачы, ад каго заяўку прыняць для наступнага візіту. Зноў 100 кіламетраў шляху паўз падтопленыя да самых прызб хаты вёсак Жыткавіцкага раёна, новы насып па пойме Прыпяці і пантонны мост са светлафорам. І мы дома, дзе бесперабойна ідуць аўтобусы, даязджаюць аўталаўкі і прыватныя гандляры са сваімі міні-базарамі, дзе няма патрэбы са спадзяваннем глядзець на раку і адкладваць важныя справы да ўзнаўлення руху парома. Алена БРУЦКАЯ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі тыдзень таму ў чарговы раз сышоў снег, занадта многа сталі гаварыць пра чаканне паводкі. Нават прагнозы ў памерах рэспублікі далі, колькі падворкаў...
|
|