Заозерье: деревня с приозёрной пропиской. 21.by

Заозерье: деревня с приозёрной пропиской

04.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Беларусі ёсць 23 населеныя пункты з немудрагелістай назвай Заазер’е. Прычым, 13 з іх – на Віцебшчыне. А Ушацкі раён адзіны ў рэспубліцы, дзе “прапісаліся” адразу два Заазер’і. Паходжанне назвы зразумелае, а таму ў нашым блакітным краі азёр і рэк такіх населеных пунктаў магло быць і таго больш.

Заазер’е Вялікадолецкага сельсавета размясцілася ўдалечыні ад буйных гарадоў і ажыўленых дарог, у акружэнні прыгожага лесу, ля маляўнічага возера Мурагі. Тут усяго дзве вуліцы – Цэнтральная і Азёрная, а пастаянна пражывае не больш трох дзясяткаў чалавек. Праехаўшы праз вёску, заўважаеш яе адметнасць: большасць дамоў мае жыццярадасны жоўты колер. Як аказалася, і людзі тут стараюцца радавацца кожнаму пражытаму дню.

Брыльянты на стужцы лёсу

Васіль Піліпавіч і Надзея Рыгораўна Ляхоўскія сёлета адзначаць брыльянтавае вяселле. 60 гадоў таму яны далі абяцанне перад людзьмі і Богам заўсёды быць разам. І стрымалі яго!

Абое з’явіліся на свет у Заазер’і ў працавітых сем’ях. Жылі па-суседстве, усяго праз адзін дом. А калі ўзаконілі свае адносіны, не сталі “шукаць лепшай долі на чужым далёкім полі” – пабудавалі ў роднай вёсцы “пенаты”, дзе і з’явіліся на свет 2 сыны і 2 дачушкі.

Усё жыццё Надзея Рыгораўна плённа працавала ў паляводчай брыгадзе. Сельскай гаспадарцы аддаў больш за 40 гадоў Васіль Піліпавіч – вырошчваў хлеб, быў загадчыкам майстэрнямі. “Ён надзвычай патрабавальны да сябе і акружаючых, – расказвае пра другую палавіну жанчына. – Памятаю: зайду да яго на працу – а там лямант стаіць: муж за недапрацоўкі падначаленых вычытвае. Шкадавала іх, спрабавала некалькі разоў згладзіць абстаноўку, але Васіль – чалавек непахісны”.

Зрэшты, такая цвёрдасць характару, імкненне да ідэалу ў многім дапамаглі В.П.Ляхоўскаму на працягу больш чым 20 гадоў паспяхова спраўляцца з абавязкамі старэйшыны населенага пункта. Пад яго кіраўніцтвам у Заазер’і многае зроблена па добраўпарадкаванні, вырашаліся актуальныя жыццёвыя пытанні вяскоўцаў.

Заўсёды трымалі Ляхоўскія падсобную гаспадарку, апрацоўвалі немалы агарод. “Інакш у вёсцы немагчыма, – кажуць Васіль Піліпавіч і Надзея Рыгораўна. – Вось зараз пацяплела – і ўсядзець на месцы нельга! Сіл не заўсёды хапае, але душа гатовая горы зрушыць!”

Гледзячы на гэтую прыгожую пару, разумееш, наколькі добразычлівым быў лёс, які падараваў іх адзін аднаму. Ну а з дробнымі жыццёвымі непрыемнасцямі Ляхоўскім заўсёды дапамагалі справіцца пачуццё гумару і надзейны тыл, што знаходзіцца побач.

Вялікая сям’я – вялікае шчасце

Прайсці ля гэтага дома, не зачапіўшыся за яго позіркам, проста немагчыма. Дагледжаны дворык з чысценькімі сцяжынкамі, вялізны сад з арыгінальнымі самаробнымі шпакоўнямі “падказваюць”, што жыве тут чалавек старанны, з эстэтычным густам. Гаспадыняй сядзібы аказалася ў многім асаблівая жанчына, ветэран працы і мнагадзетная мама Яўгенія Пракопаўна Кісель.

Жыццё яе не было простым. Нарадзілася і вырасла ў Заазер’і. Вучылася ў Воснаўскай і Маладолецкай школе, дабрацца да якой – яшчэ паспрабуй! Бывала, каб зэканоміць сілы і час, ра­зам з сяброўкамі пераадольвалі гэты шлях праз возера на лодцы. Здараліся і небяспечныя сітуацыі. “Памятаю, як наш “карабель” практычна пасярэдзіне вадаёма перакуліўся, а плаваць многія не ўмелі, – расказвае Я.П.Кісель. – Ужо і з жыццём развітацца паспела, калі да нас падплылі знаёмыя хлопцы. З таго часу ад любых вадаёмаў стараюся трымацца далей”.

А вось працы гераіня нашага аповеду ніколі не баялася. Выхоўваючыся ў мнагадзетнай сям’і, дапамагала бацькам расціць малодшых брацікаў і сястрычак, брала на сябе многія клопаты па гаспадарцы. Падчас навучання ў сёмым класе Яўгенія Пракопаўна стала паштальёнам – хадзіла з Малых Долец у Вялікія, ды і па іншых населеных пунктах, “намотваючы” за дзень дзясяткі кіламетраў. Так непрыкметна праляцела дзяцінства…

За сваё доўгае жыццё Я.П.Кісель амаль нічога, акрамя роднага Заазер’я, не бачыла. Працавала на ферме, што будавалася на яе вачах. За высокія паказчыкі ў выкананні даручанай справы неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і медалямі. І ўсё ж галоўным дасягненнем жанчына лічыць сям’ю.

Сваю другую палавінку Яўгенія Пракопаўна знайшла таксама ў Заазер’і. Яе муж Міхаіл Адамавіч працаваў у сельскай гаспадарцы трактарыстам. Пабудавалі вялікі дом, каб прасторна і ўтульна жылося ўсім членам іх вялікай сям’і. А дзетак у пары было ажно васьмёра, прычым, адразу двое двайнят! “Так, зусім няпроста было, але ні аб чым не шкадую, – прызнаецца жанчына. Ніхто з дзяцей не застаўся абдзеленым нашай любоўю, усіх вывелі ў людзі”.

Я.П.Кісель лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Ну а лепшым падарункам для яе з’яўляюцца частыя візіты дзяцей, 11 унукаў і 6 праўнукаў.

Ажывае разам з прыродай

Як мае быць, усё пра людзей і справы вясковыя ведае старэйшына. Апошнія некалькі гадоў гэтыя абавязкі выконвае Аксана Максімаўна Падасінавік. Ураджэнка суседніх Касароў, атрымаўшы прафесію швачкі, некаторы час працавала па спецыяльнасці ў Полацку, але пазней паехала ўслед за мужам Аляксандрам у Заазер’е, дзе сям’я абжылася ў доме яго бацькоў. Жанчына адносіцца да невялікай кагорты вяскоўцаў працаздольнага ўзросту, а ўсе пажылыя жыхары называюць яе ласкава “наша Аксанка”, бо многія з іх – яе “падапечныя”: на працягу 8 гадоў жанчына з’яўляецца сацыяльным работнікам. Застаць яе ўдалося якраз за справай: праведаўшы адну бабулю, яна накіроўвалася ў мясцовы магазін за прадуктамі для другой. “Гэта і ёсць “сэрца” вёскі, якраз на скрыжаванні нашых вуліц. Тут і гандлёвая кропка,  і аўтобусны прыпынак, і так званае месца адпачынку жыхароў, на лавачках пад старой ліпай улетку любяць пасядзець многія”, – расказвае А.Падасінавік. Зрэшты, менавіта яна клапоціцца пра парадак каля ліпы і не толькі, бо выйсці на суботнікі большасць жыхароў ужо не ў сілах. На пытанні добраўпарадкавання, асвятлення ідуць сабраныя сродкі самаабкладання. Старэйшына зазначае, што першымі адгукаюцца і не шкадуюць на гэтую справу грошай, як нядзіўна, дачнікі.

“У вёсцы няма ні аднаго дзіцяці, а калісьці тут было больш за дзве сотні жыхароў, яна нават з’яўлялася цэнтрам калгаса “Чырвонае Заазер’е”. Сёння ніхто з вяскоўцаў не трымае ў гаспадарцы карову ці каня, – працягвае размову старэйшына. – Зараз у нас “ціхі” перыяд, але праз месяц вернуцца многія пажылыя, якія зімавалі ў дзяцей у гарадах, унукі і праўнукі прыедуць на прыроду – разам ажывае і вёска”.

З нядаўняга часу грамадскіх абавязкаў у Аксаны Максімаўны прыбавілася – яна абрана дэпутатам Вялікадолецкага сельскага Савета дэпутатаў – каму як не такім сумленным і старанным  людзям адстойваць інтарэсы сваіх аднавяскоўцаў!

“Сілы ёсць – варушымся!”

Такога прынцыпу прытрымліваецца сям’я Няміра: Леанід Антонавіч і Алена Вацлаваўна. Пацвярджэннем гэтаму быў ідэальны парадак каля дома і рады свежых самаробных каўбас, вывешаных пад навес сушыцца. А яшчэ, каб не сядзець без справы, гаспадар пляце кошыкі, якія “служаць” як у хатняй гаспадарцы, так і з’яўляюцца выдатным інвентаром для паходаў у лес. Прычым, выкарыстоўвае ў якасці матэрыялу не толькі лазу, а і ўпаковачныя стужкі, якімі перавязваюць, напрыклад, бытавую тэхніку ці будматэрыялы.

Нягледзячы на ўзрост, гэтыя людзі трымаюць невялікую падсобную гаспадарку, апрацоўваюць прысядзібны ўчастак. Прыгадваюць, як раней былі ў іх каровы, конь, не менш 30 авечак ды шмат птушкі.

“Нарадзіліся мы ў лесе – так у нас казалі пра асобныя хутары, якія потым былі сселены ў адну вёску. Як і многія іншыя жыхары, тут выраслі, ажаніліся, пабудаваліся і засталіся на ўсё жыццё”, – расказвае сямейная пара. Дарэчы, будавалі дом выключна сваімі рукамі, тым больш што Леанід Антонавіч – прыроджаны будаўнік, працаваў у брыгадзе ў Вялікіх Дольцах і саўгасе “Касары” цесляром. А вось Алена Вацлаваўна доўгі час была даяркай на мясцовай ферме: “Здаецца, нядаўна гэта было, а як усё змянілася – зараз створаны сучасныя даільныя залы і робаты з усім спраўляюцца, нам жа кожную кароўку трэба было падаіць уручную”.

Менавіта нялёгкая праца іх загартавала і зрабіла вынослівымі. А яшчэ гэтыя людзі стараюцца захоўваць бадзёрасць і пачуццё гумару: “Хадзі цябе абдыму, каб фатаграфія прыгожая атрымалася, у газеце сябе пабачым!” – з усмешкай зазначае гаспадар і дабаўляе, што менавіта шчырыя адносіны – галоўнае ў любой сям’і. А для іх гэта 2 дзяцей, 4 унукаў.

Прывабнае месца для кожнага

Верныя роднаму Заазер’ю на працягу доўгіх гадоў застаюцца многія тутэйшыя жыхары. Сярод іх, напрыклад, Валянціна Іванаўна Станкевіч, якая ўсё жыццё адпрацавала ў жывёлагадоўлі; Ганна Барысаўна Зянюк, што займалася зборам малака; Пётр Паўлавіч Тарасевіч, які пасля “зімоўкі” ў дзяцей, вясной абавязкова вяртаецца на малую радзіму.

Вабіць Заазер’е і многіх гараджан, якія купляюць тут дамы і ўчасткі. Асноўная прычына – надзвычай маляўнічае асяроддзе і крокавая даступнасць да возера. На яго беразе – сапраўдны рай для адпачынку: абсталяваны невялікі пляж, ёсць столік і лаўкі, а крыху ўбок размешчана скрыня для смецця – культура паводзін тут на вышыні!

Клапоцяцца дачнікі і пра добраўпарадкаванне. У іх дагледжаных дварах можна сустрэць розныя архітэктурныя формы, дзіцячыя горкі, альтанкі. Сапраўднай візітнай карткай Заазер’я стаў адзін з дамоў па вуліцы Азёрнай, на сцяне якога гаспадар – жыхар сталіцы, заўзяты аматар рыбнай лоўлі – з фатаграфічнай дакладнасцю адлюстраваў мясцовае возера.

Няма ніякіх сумненняў, што ў Заазер’я Вялікадолецкага сельсавета доўгая будучыня і яна не знікне з карты Ушацкага раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі ёсць 23 населеныя пункты з немудрагелістай назвай Заазер’е. Прычым, 13 з іх – на Віцебшчыне. А Ушацкі раён адзіны ў рэспубліцы, дзе “прапісаліся” адразу...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика