Валентина Дудина готовит вкусные обеды для работников «Маяк-Ушачский»
17.05.2018
—
Разное
|
“Мы сталовую днямі адчыняем”, – не без гонару паведаміў у канцы красавіка дырэктар “Маяка- Ушацкага” Аляксандр Яўгенавіч Шкодзін. І вось ужо лічы тры тыдні хлебаробы не бяруць “ссабойку” і не перакусваюць у сухамятку, а падсілкоўваюцца так, што нават дома не вячэраюць. Два разы на дні прама на поле да іх з тэрмасамі спяшаецца Валянціна Іванаўна Дудзіна – загадчык сталовай, повар і пасудамыйка ў адной асобе. На абед сёння клёцкі – Пакуль не знайшлі памочніка, а ён так патрэбны. Усім сваім знаёмым патэлефанавала. Дзяўчына, з якой працавалі тыя сезоны, у дэкрэце, а астатнія адмаўляюцца. Работа ж не з лёгкіх – увесь дзень на нагах і без выхадных, – тлумачыла ўсхваляваная нечаканым візітам Валянціна Іванаўна, не адыходзячы ад пліты. – Вы прабачце, інакш пагутарыць не атрымаецца, не паспею хлопцам усё прыгатаваць. Гадоў у трыццаць пяць мне б ніхто не патрэбны быў, а зараз павароты не тыя. У гэтым повар, якому нямногім за 50, крыху “какетнічала”. Бо адбіўныя імгненна мянялі на патэльні падрумяненыя бакі, другой рукой пры гэтым прафесіянал спрытна адзявала ў “шубу” з мукі чарговыя кавалкі мяса, падлівала алей, павялічвала і памяншала агонь пад шматлікімі каструлямі. Сачыла, каб не прыгарэла і не выбегла. – Калі б ведала, раней бы прыйшла, ці іншую страву задумвала, а так усе 70 адбіўных (на 35 чалавек) трэба спачатку абсмажыць, а потым пратушыць. Пельмені хацела гатаваць, ды малака не купіла загадзя. А клёцкі зусім нядаўна былі, на адкрыццё. Я тады ноч бульбу чысціла і дзерла. Наўрад ці пельмені ды дранікі аказаліся б больш лёгкай стравай, бо Валянціна Іванаўна любую абавязкова робіць па-дамашняму. Вось і таміліся стограмовыя мясныя лусты ў густой падліўцы з сушанымі грыбамі, якія загадзя прынесла з дому. Зеляніна, прыправы, сурвэткі – абавязковыя “інгрэдыенты”. Повар з вечара прадумвае, што прыгатаваць, і не спрашчае сабе задачу. Нават мясныя рулеты круціла, калі памочніца была. І атрымліваецца вельмі смачна, нядаўна механізатар з Полацка з-за яе нават жонку пакрыўдзіў: не стаў дома снедаць, сказаў, што наеўся. А ў “Маяку-Ушацкім” кормяць літаральна ўсіх работнікаў, хто працуе на полі, і абавязкова два разы на дні – мясныя стравы. – Добра, што пры холдынгу ёсць перапрацоўчае прадпрыемства, якое і пастаўляе паўфабрыкаты. Мяса сама не разрабляю, еду і на два тыдні бяру, што патрэбна. Дырэктар наш заўсёды цікавіцца, нічога не шкадуе. Вось і тэрмасы новыя набылі, і посуд увесь замянілі. Я тут з 2011, калі прыехала з “Ільюшынскага”, дзе таксама працавала загадчыцай сталовай. Стамляюся, канечне, вельмі, аднак і хлопцы ў такім жа рытме працуюць. Гэта і падбадзёрвае. Тым часам прыехаў намеснік дырэктара А.Ю.Анэцька, каб расказаць, куды сёння трэба везці абеды. Матырына і Кублічы, Завячэлле і Пліна – вельмі вялікая зона аб’езду, а дастаўляе абеды таксама яна. А каб адшукаць на полі трактары, што бывае вельмі няпроста, Валянціна Іванаўна мае нумары тэлефонаў кожнага механізатара. Не сядзіць ні хвіліны Апісваць, як працуе В.Дудзіна, – справа няўдзячная. Трэба бачыць, наколькі адладжаны ўсе рухі. Таму не сумнявалася, што такая ж яна спрытная і дома. А Валянціна Іванаўна, улавіўшы мае думкі, дадае: – Нядаўна сяброўка дачкі стрыжку мне рабіла. Сказала – больш ніколі не пагадзіцца: “Вы ж уся як на шарнірах, расслабіцца і спакойна пасядзець не можаце”. Я і сапраўды не магу час губляць. Мне трэба нешта рабіць. Хоць спяшаецца на работу на золку, пакідае прыгатаваным абед (выручае мультыварка), ды і пра гаспадарку не забываецца, а трымаюць з мужам двух быкоў, свіней, іншую “дробязь”. Так было заўсёды, з тых часоў, як вярнулася са Стаўрапольскага краю. Моцна захварэла маці, па сутнасці ад яе трэба было адмовіцца, пакінуўшы назаўсёды ў спецыялізаваным інтэрнаце. Сястра, што жыла ў Прыбалтыцы, не пагадзілася на пераезд, а Валянціна Іванаўна не магла інакш. Першы муж тады не падтрымаў яе рашэння вярнуцца на Ушаччыну. Так і аказалася ў Звоні адна з малалетняй дачкой. Старшыня “Дружбы” С.П.Жураўлёў узяў яе загадчыцай фермы ў Рагуцкія, а таксама даў “пад’ёмныя”: чатырох быкоў і столькі ж свіней. – Я і сёння шчыра ўдзячная Сяргею Пятровічу за падтрымку. Працы ж я не баялася, тры разы ў дзень на ферму, а яшчэ два ў лес за ягадамі збегаю. Так і за жывёлу разлічылася з зарплаты, а праз год і кароўку за свае купіла, – прыгадвае В.І.Дудзіна. – На той час у мяне ўжо не адна дачка была, а дзве. Забрала да сябе пляменніцу. Дзяўчынка зімой у школу ў гумавых ботах хадзіла, неслася, каб хоць там паесці – бацькі пілі. І я зжалілася, хоць і вельмі баялася, што не спраўлюся. Трымала дзяўчынак у строгасці: правініліся – гуляць на двор не выходзяць, яшчэ раз – цэлы тыдзень. І слова сваё трымала. Зімой у маразы пакой у Ільюшыне здымала, каб не замерзлі дарогай. У вольны час яны за маці прыглядалі, адну надоўга пакідаць нельга было. Брата пахавалі – яго з арміі ў труне прывезлі. Ці цяжка мне было? Некалі пра гэта нават думаць. Трэба было выжываць. – Другі раз замуж выйшла, Валодзя Крахотка да нас на Звонь рыбачыць прыязджаў, у той час таксама рыбу лавіла, так і пазнаёміліся. Дом у Наваселлі набылі. Дочкі выраслі, абедзве вышэйшую адукацыю атрымалі, ужо маюць свае сем’і. Марыя ва Ушацкім РАУС працуе, пляменніца Дзіяна – настаўніцай у адной з мінскіх школ. Угаварыла яе звазіць роднай маці паказаць унучку. Пагадзілася, паспела да яе смерці, але на рукі не дала, і “маці” не назвала: “Ты ў мяне мама, і ўсё”. За час нашай размовы Валянціна Іванаўна адхілілася ад пліты на хвіліну, каб сфатаграфавацца. А аповед пра яе атрымаўся і вытворчы, і асабісты, бо В.Дудзіна не проста выдатны неабыякавы прафесіянал, аднак і вельмі моцная, цэльная натура. Знаёмства з ёй у чарговы раз пераканала, што няма такіх абставін, у якіх не знайшоў бы выйсця чалавек. Вольга КАРАЛЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Мы сталовую днямі адчыняем”, – не без гонару паведаміў у канцы красавіка дырэктар “Маяка- Ушацкага” Аляксандр Яўгенавіч Шкодзін. І вось ужо лічы тры тыдні...
|
|