Клопаты медыкаў. 21.by

Клопаты медыкаў

17.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

160618c

Не застаецца незаўважаным кветкавае хараство, у якім патанае будынак цэнтральнай раённай бальніцы. Адзін позірк на такую прыгажосць дапамагае змяніць настрой на станоўчы ў барацьбе з немаччу. А. М. Сянькевіч – ветэран мясцовага медыцынскага калектыву. Аляўціна Міхайлаўна гатуе ў спецыяльным кабінеце фізіятэрапіі падспор’е для пацыентаў – кіслародныя фітакактэйлі. Лёгкая рука ў Ірыны Клімко, якая нясе медыцынскую вахту ў працэдурным кабінеце. А па суседстве Наталля Петух аказвае медыцынскія паслугі ў лячэнні і аздараўленні пры дапамозе водных працэдур у кедравай бочцы.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НА ВАРЦЕ САНІТАРНАГА ДАБРАБЫТУ

Паважаныя калегі, ветэраны медыцынскай працы! Прыміце самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з нагоды святкавання Дня медыцынскага работніка.

Некалькі тысячагоддзяў таму назад прагучала славутае выслоўе, што ўвасабляе бясконцую ўдзячнасць людзям адной з самых неабходных прафесій: «Няма мастацтва больш карыснага, чым медыцына». І гэтая думка ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Асабліва сёння, калі клопат аб здароўі грамадзян з’яўляецца галоўнай задачай дзяржавы, у выкананні якой актыўны ўдзел прымае і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Цяжка пералічыць усе напрамкі работы санітарнай службы, паколькі яна суправаджае чалавека ад яго нараджэння праз усё жыццё. Прыярытэтным з іх з’яўляюцца: прафілактыка інфекцыйных і паразітарных захворванняў, аздараўленне асяроддзя жыцця чалавека і ўмоў яго жыццядзейнасці, удзел у вырашэнні цэлага раду гігіенічна значных і сацыяльных праблем. Гэта паляпшэнне санітарнага стану населеных пунктаў, умоў працы і быту занятых у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, забеспячэнне якаснымі прадуктамі харчавання, прафілактыка захворванняў дзяцей і многае іншае, што ўплывае на здароўе насельніцтва.

Па многіх пазначаных напрамках ёсць станоўчыя вынікі. І нягледзячы на тое, што ў санітарнай службе не прынята гаварыць аб дасягненнях, з упэўненасцю можна сцвярджаць, што задачы, якія пастаўлены, выконваюцца. Пацвярджэннем гэтага на працягу многіх гадоў з’яўляецца стабільная і кіруемая санітарная і эпідэмічная абстаноўка ў раёне.

Агульны ўзровень інфекцыйнай і паразітарнай захваральнасці ўжо не першы год ніжэй за сярэднеабласны паказчык. З 87 інфекцыйных захворванняў, што належаць уліку, стабільна не рэгіструецца больш за 50. Раён мае добрыя паказчыкі па прышчэпках дзяцей і дарослага насельніцтва. Дзякуючы гэтаму ўжо даўно не адзначаюцца такія смяротныя і небяспечныя інфекцыі, як дыфтэрыя, слупняк, адзёр, поліяміэліт, краснуха і многія іншыя.

І ў гэтым адчуваецца вынік зладжанай работы ўсяго калектыву раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Ад санітаркі да ўрача, усіх, хто любіць сваю прафесію, каму прысутны самааддача, бескарыслівасць і высокая адказнасць за даручаную справу. Гэта ўрачы А. В. Лойка, І. А. Пятровіч, К. А. Бонда, памочнікі ўрачоў Г. В. Лябедзька, Т. Л. Пархімовіч, Л. М. Садоўская, А. А. Францкевіч, інструктар-дэзынфектар І. А. Сахар, лабаранты А. Л. Сабалеўская, В. У. Сяргеева, Я. М. Лапко, С. А. Бець, І. Ю. Маскаленчык, дэзынфектары М. У. Трацяк, Н. Ц. Пісаная, А. А. Тарвіс, А. Л. Кавальчук, санітаркі Л. А. Казацкая, Л. М. Смоўж і іншыя.

З асаблівым пачуццём адрасую свае віншаванні і ўдзячнасць за добрасумленную працу і адданасць прафесіі ветэранам службы В. Я. Гіпіч, Г. Я. Целянковой, І. У. Стома, І. М. Радзівановіч, Г. Д. Шляхцічаву, Л. А. Ігнацьевай, М. К. Калкоўской, Г. А. Кузняцовай, А. М. Комар, А. Д. Трышкінай і многім іншым.

Дзякуй за працу хачу сказаць і маладым спецыялістам, якія за апошнія гады папоўнілі нашы рады і апраўдваюць давер калектыву. Паважаныя калегі, ветэраны! Жадаю кожнаму з вас, вашым родным і блізкім радасці, невычэрпнага аптымізму, надзеі, веры, здароўя, дабрабыту, міру і ўпэўненасці ў будучым.

Ігар КУНЦЭВІЧ, галоўны санітарны ўрач Стаўбцоўскага раёна

 

ВЫРАТУЙЦЕ СЭРЦА АД БОЛЮ

Сардэчны прыступ бывае розным: ад кароткачасовых сціскаючых боляў у грудзях да моцнага распіраючага болю, які аддае ў левую руку.

Востры каранарны сіндром – група сімптомаў, якія наводзяць на думку аб інфаркце міякарду (гібелі клетак сардэчнай мышцы з-за парушэння кроватоку) ці нестабільнай стэнакардыі. Дыягназ вострага каранарнага сіндрому – папярэдні, і выкарыстоўваюць яго да паступлення ў бальніцу. Канчатковы дыягназ устанаўліваецца пасля назірання за станам пацыента, супастаўлення вынікаў паўторных электракардыяграм і аналізаў.

Фактары, якія садзейнічаюць узнікненню вострага каранарнага сіндрому, бываюць кіруемымі і некіруемымі. Кіруемыя – гэта высокі ўзровень «шкоднага» халестэрыну ў крыві; злоўжыванне тытунём; лішняя вага; павышэнне артэрыяльнага ціску; павышэнне цукру ў крыві; нерэгулярная фізічная актыўнасць; празмернае ўжыванне тлушчаў; частыя стрэсы. Да некіруемых фактараў адносяцца спадчыннасць, пол (мужчыны хварэюць часцей) і ўзрост (рызыка захварэць расце пасля 40 гадоў).

Галоўная прычыны вострага каранарнага сіндрому – раптоўнае парушэнне кровазабеспячэння сардэчнай мышцы, ішэмія. Узнікае яна па прычыне неадпаведнасці паміж патрэбнай колькасцю кіслароду для сэрца і рэальным яго паступленнем, што цягне за сабою звужэнне прасвету сардэчнай артэрыі. Выклікаюць такое звужэнне часцей за ўсё бляшка, якая разарвалася, тромб (згустак крыві) ці раптоўны спазм сасуда.

Ва ўмовах недахопу кіслароду развіваецца болевы сіндром, які запускае часты пульс (сэрца менш адпачывае). Ішэмія сардэчнай мышцы можа абярнуцца яе амярцвеннем. Тады развіваецца буйнаачаговы інфаркт міякарда. Калі ж сэрца скарачаецца на поўную сілу, а асобныя яго клеткі атрымліваюць менш кіслароду, тады размова ідзе аб дробнаачаговым інфаркце міякарда.

Асноўны сімптом вострага каранарнага сіндрому – спецыфічныя болі ў грудзях: сціскаючыя, нярэдка бывае недахоп паветра, болі аддаюць у левую руку, левае плячо ці ў абедзве рукі, шыю, паміж лапаткамі, яны не праходзяць пасля прыёму нітрагліцэрыну – лекавага прэпарата, які пашырае сасуды сэрца.

Пацыенты з падазрэннямі на востры каранарны сіндром павінны быць без прамаруджвання дастаўлены ў аддзяленне рэанімацыі брыгадай хуткай дапамогі. Падазрэнне на востры каранарны сіндром – абавязковая ўмова выкліку хуткай дапамогі. Да прыезду ўрача ў першую чаргу пацыенту даюць разжаваць ацэтылсаліцылавую кіслату 160-325 мг. Калі лічбы ціску акажуцца вышэй за 140/90 мм рт сл, патрэбна прыняць пад язык адну таблетку нітрагліцэрыну ці ўдыхнуць спрэй нітрамінту, паўтарыўшы іх прыём яшчэ два разы з прамежкам пяць мінут пры захаванні болю.

Раптоўны пачатак болевага сіндрому, прыступ, які зацягнуўся, груз сардэчна-сасудзістых хвароб за плячыма – прычына звярнуць увагу на чалавека, якому стала дрэнна на вуліцы. Ад таго, наколькі хутка будзе аказана медыцынская дапамога пацыенту, залежыць, якая частка сэрца будзе выратавана ад болю і амярцвення. І галоўнае: памятайце, калі напісанае вышэй супадае з тым, што вы бачыце, без вашай дапамогі такому чалавеку не абысціся!

Захворванні сэрца і сасудаў даўно ва ўсіх нас на вуснах. Многія могуць распазнаць першыя прызнакі інфаркту міякарда, інсульту, своечасова аказаць першую дапамогу і звярнуцца да ўрача. Зусім іншае, калі прызнакі хваробы невядомыя, часам нават скрытыя. Размова пойдзе аб міякардыце – захворванні, якое падкрадваецца незаўважна, але можа аказацца смяротным.

Будова сардэчнай мышцы мае наяўнасць трох слаёў: унутранага, сярэдняга і знешняга. Пры міякардыце паражаецца сярэдні слой, міякард, які стварае магутны мышачны каркас для нашага «матора», дапамагае перапампоўваць кроў, рэгулюе сілу сардэчнага выкіду і правядзенне нервовага імпульсу па клетках сэрца.

Часцей за ўсё віноўнікі хваробы – інфекцыйныя агенты (вірусы, бактэрыі, грыбкі і нават паразіты), якія ва ўмовах аслабленага імунітэту хутка распаўсюджваюцца з токам крыві, пранікаючы ў сэрца. За інфекцыямі ідуць алергія і ахоўная рэакцыя арганізма супраць сваіх жа сардэчных клетак (аўтаімунны механізм).

Асноўныя праяўленні міякардыту звязаны з наяўнасцю інфекцыі ў арганізме і парушэннямі, якія яны выклікаюць у сэрцы. Найбольш частыя – павышаная патлівасць, хуткая стамляльнасць, болі ў грудзях рознага характару, якія нагадваюць стэнакардыю, задышка, прыступы ўдушша, ацёкі ног, болі ў суставах на фоне высокай тэмпературы. У 80 працэнтах выпадкаў першыя прызнакі міякардыту пачынаюць трывожыць праз 3-8 тыдняў пасля перанесенай інфекцыі (грыпу, ангіны, прастуды). Беспамылкова паставіць дыягназ міякардыту цяжка з-за неспецыфічных сімптомаў.

Паражэнне сэрца пры міякардыце мае цяжкія вынікі. Пасля перанесенага запалення сардэчныя клеткі замяшчаюцца грубай злучальнай тканкай і ўжо не могуць паўнацэнна выконваць сваю функцыю. Задышка і ацёкі галёнак пачынаюць непакоіць пастаянна, а парушэнні рытму перарастаюць у жыцценебяспечныя. Адсюль лагічны вывад: калі западозрылі міякардыт, паспяшайцеся да ўрача. Своечасова ўстаноўлены дыягназ і пачатае лячэнне выратуюць сардэчныя клеткі ад незваротных змяненняў і спыняць развіццё захворвання.

Ірына ЛУЦІК,урач-кардыёлаг

 

ЯК ПАЗБЕГНУЦЬ ЦЕПЛАВОГА ЎДАРУ

Цеплавы ўдар – гэта вельмі сур’ёзны стан, але з дапамогай простых мер яго можна прадухіліць.

Да прыкладу, падчас працы ва ўмовах павышанага цеплавога рэжыму варта кожную гадзіну рабіць кароткачасовыя перапынкі і выбіраць прыдатнае спецадзенне. Лепш пазбягаць павышанай фізічнай актыўнасці і пасіўнага знаходжання пад прамымі сонечнымі промнямі (у перыяд з 11.00 да 16.00), таму што гэта можа прывесці не толькі да цеплавога ўдару, але і да сонечнага апёку. Нельга працяглы час знаходзіцца на сонцы без галаўнога ўбору або пляжнага парасона.

Пры змене кліматычнага пояса на больш спякотны неабходна піць пабольш вадкасці (сокаў, адвараў, а лепш за ўсё – звычайнай вады), але толькі з тых інгрэдыентаў, якія не валодаюць мачагонным або патагонным эфектам. У моцную спякоту гэта абсалютна не патрэбна. Калі прызначаны лекавыя прэпараты, пракансультуйцеся з урачом, ці не могуць яны ўплываць на ўстойлівасць арганізма да тэмпературных перападаў.

Пры занадта гарачым надвор’і трэба пазбягаць фізічных перагрузак. Калі ёсць магчымасць самастойна выбіраць рэжым працы, лепш аддаць перавагу ранішнім і вячэрнім гадзінам. Не пакідайце машыну на сонцы. Калі ўсё ж гэта здарылася, не сядзіце ў нагрэтай машыне больш за 10 хвілін.

Калі дарослыя ў стане самі падумаць пра ўласнае здароўе, то асноўнай прафілактыкай развіцця цеплавога ўдару ў дзіцяці з’яўляецца ўвага і асцярожнасць яго бацькоў. Правільна падбірайце дзіцяці вопратку, сачыце за тым, што ён есць і п’е (ад ужывання газаваных напояў у спякоту варта адмовіцца). Каб пазбегнуць цеплавога ўдару ў дзіцяці, старайцеся гуляць з ім у цені, а яшчэ лепш – выходзіць з дому выключна раніцай і ўвечары.

Самыя распаўсюджаныя прычыны цеплавога ўдару: высокая тэмпература і вільготнасць паветра, высокая тэмпература ў закрытым ці дрэнна праветраным памяшканні, фізічная праца ў скураной, прагумаванай або сінтэтычнай вопратцы пад уздзеяннем высокай тэмпературы паветра, абязводжванне арганізма (пры незахаванні пітнога рэжыму, неадэкватна малым спажыванні вадкасці паступова развіваецца дэгідратацыя (абязводжванне), з прычыны чаго потавыдзяленне зніжаецца), працяглыя паходы ў гарачае надвор’е.

Чалавека, які атрымаў цеплавы ўдар, трэба перамясціць у цень, даць яму расслабіцца і глыбока, спакойна дыхаць. Забяспечыць свабодную цыркуляцыю паветра можна з дапамогай вентылятара або кандыцыянера, але не варта сядзець на скразняку, таму што аслаблены перагрэвам арганізм лёгка прастуджваецца. На лоб накладаецца прахалодны (не ледзяны) кампрэс. Важная заўвага: лёд і вельмі халодная вада пры цеплавым удары катэгарычна супрацьпаказаны. Сваім кантрасным дзеяннем яны здольны справакаваць сасудзісты калапс. Прахалодныя прымочкі таксама можна накласці на вобласць соннай артэрыі, грудзі, кісці рук, ікры ног, падкаленныя часткі, падпахі. Калі пацярпелы рухаецца сам, яму карысна стаць пад душ або ў прахалодную ванну. Калі перамяшчэнне немагчыма – трэба абліваць яго цела прахалоднай вадой.

Паліна ЧАПСКАЯ,памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не застаецца незаўважаным кветкавае хараство, у якім патанае будынак цэнтральнай раённай бальніцы. Адзін позірк на такую прыгажосць дапамагае змяніць настрой на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика