На варце закона — калектыў пракуратуры раёна
26.06.2018
—
Разное
|
У гэтым годзе работнікі пракуратуры Рэспублікі Беларусь адзначаць сваё прафесійнае свята ў 23 раз. А ўвогуле беларускай пракуратуры спаўняецца 96 год. Пачатак гісторыі — 26 чэрвеня 1922 года, калі на трэцяй сесіі ЦВК БССР было прынята Палажэнне аб пракурорскім наглядзе. Як бы ні змяняліся роля і функцыі пракуратуры за амаль 100-гадовую гісторыю з дня яе заснавання, яна заўсёды заставалася і застаецца галоўным праваахоўным органам дзяржавы. Вось і невялікі калектыў работнікаў пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна, які ў аўторак адзначыць сваё прафесійнае свята, выконвае шэраг разнастайных задач, асноўнай з якіх з’яўляецца нагляд за выкананнем законаў усімі суб’ектамі на тэрыторыі раёна. У прыватнасці — гэта кантроль за адпаведнасцю заканадаўству дзейнасці Шаркашчынскага РАУС і раённага аддзела Следчага камітэта, выяўленне і прафілактыка карупцыі, абарона эканамічных інтарэсаў дзяржавы, праца са зваротамі грамадзян і іншае. У штаце раённай пракуратуры працуюць шэсць чалавек. Гэта зладжаны калектыў, які дазваляе забяспечваць законнасць і правапарадак на тэрыторыі раёна. На працягу апошніх 6 гадоў пракуратуру раёна ўзначальвае Андрэй Барысавіч Вецюгоў. У органах пракуратуры ён з 2007 года. Да прыезду ў наш рэгіён з’яўляўся намеснікам пракурора Шумілінскага раёна. Другі год на пасадзе намесніка пракурора працуе малады супрацоўнік Міхаіл Алегавіч Кучэрын. Па словах пракурора раёна, гэта адказны, прынцыповы і ініцыятыўны спецыяліст. Дарэчы, на гэтай пасадзе ён змяніў Лену Казіміраўну Драгель, у цяперашні час — ветэрана органаў пракуратуры, якая звыш 30-ці гадоў адпрацавала ў пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна і за шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджана медалём “За бездакорную службу” трэцяй ступені. У ліку самых вопытных супрацоўнікаў калектыву і памочнік пракурора Аляксандр Паўлавіч Свяцкі, які на сваёй пасадзе працуе 8 год, з 2006 года — быў следчым пракуратуры. Эфектыўная і зладжаная работа калектыву работнікаў пракуратуры была б немагчымай і без людзей, якія ажыццяўляюць тэхнічнае забеспячэнне пракурорскай дзейнасці. З 1986 года загадчыцай канцылярыі працуе Вера Генадзьеўна Рабіза — вопытны і адказны спецыяліст, дзякуючы намаганням якой у арганізацыі наладжана дакладная сістэма справаводства. Яе муж, Мікалай Канстанцінавіч Рабіза, вось ужо два дзясяткі гадоў з’яўляецца вадзіцелем пракуратуры, забяспечвае аператыўнасць пракурорскага рэагавання. За парадак і чысціню ў памяшканнях нясе адказнасць Рыта Ігнацьеўна Ліпская, акрамя гэтага яна выконвае функцыі кур’ера. Напярэдадні Дня работнікаў пракуратуры пракурор Шаркаўшчынскага раёна Андрэй Барысавіч Вецюгоў павіншаваў сваіх калег і ветэранаў структуры з прафесійным святам і пажадаў усім здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў як на працы, так і ў асабістым жыцці. Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ Оставить комментарий
|
|