"Неабходна паўмільёна долараў": бізнесмен аднаўляе кляштар у Мазыры . 21.by

"Неабходна паўмільёна долараў": бізнесмен аднаўляе кляштар у Мазыры

12.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мужскі кляштар ордэна цыстэрцыянцаў паўстаў у Мазыры ў 1711 годзе. Архітэктурны помнік позняга барока пабудавалі на грошы каштэляна Антонія Аскеркі. Была на гэтым месцы і фабрыка запалак, і фабрыка мэблі. Зараз беларусы больш ведаюць гэтае месца як незалежную культурную прастору "Даліна Анёлаў" для крэатыўных людзей. Праект, як і сам кляштар, унікальны для беларускіх рэгіёнаў.

Сярод мецэнатаў, якія дапамагалі кляштару ў свой час, былі Рафаіл Алозій і Казімір Мацей Аскеркі, кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II і Аўгуст III. Сярод іх і мясцовы бізнесмен, уладальнік аграсядзібы Аляксандр Баранаў. Ён набыў будынак у лістападзе мінулага года.

"Мне гэта трэба. Я мазыранін, і гэта мой горад. Можна сказаць, што набыць будынак прымусіў унутраны голас", — тлумачыць свой учынак сучасны мецэнат. 

Каштавала пытанне не вельмі многа — 13 базавых велічынь, ці прыкладна 318,5 беларускіх рублёў або каля 160 долараў. Але сюды варта дадаць таксама і штогадовую арэндную плату — 12 661 беларускіх рублёў. Сума вялікая, і Баранаў спадзяецца атрымаць ільготы па зямельнай арэндзе. Выдаткаваць гэтыя сродкі можна было б на рамонт будынкаў, якімі ў будучыні змогуць карыстацца жыхары горада.

Палесскі мецэнат Аляксандр Баранаў


Планы ў беларускага мецэната грандыёзныя. Галоўная ідэя — поўнасцю аднавіць кляштар у першапачатковым выглядзе за выключэннем толькі некаторых нязначных момантаў. Па прыкладных падліках, гэта будзе каштаваць каля паўмільёна долараў. Многія дарагія працы атрымліваецца выконваць з дапамогай валанцёраў, напрыклад, архітэктараў, якія абсалютна бясплатна дапамагаюць "Даліне Анёлаў". На шчасце, неабыякавых людзей паўсюль хапае.

"У ідэале хацелася б, каб у кляштар вярнуліся манахі, а ўсю астатнюю тэрыторыю выкарыстоўвалі творчыя людзі горада. У нас тут ужо зараз існуе такая творчая кампанія людзей, якім хацелася б тварыць і развівацца. У існуючых межах рабіць гэта вельмі складана, таму ім і хочацца нейкай свабоды. Такі вопыт ужо даўно існуе за мяжой і нарэшце прыйшоў да нас", — тлумачыць Аляксандр.

Пэўным часам бізнесмен сябе не абмяжоўвае, таму што задачы кожны дзень змяняюцца.

"Ставіць штосьць сабе за мэту ў дадзеным выпадку — гэта значыць жыць ілюзіямі. Калі нічога не здарыцца, якіх-небудзь катаклізмаў, ці яшчэ чаго, то, спадзяюся, год праз дзесяць тут будзе ўсё так, як я запланаваў", — кажа Баранаў.

Усяго на тэрыторыі "Даліны Анёлаў" размяшчаецца 13 аб"ектаў
Нягледзячы на тое, што аднаўленне зараз знаходзіцца толькі на першым этапе, творчая пляцоўка працуе на поўную моц: кожную пятніцу тут праходзяць творчыя сустрэчы і выставы. Першым мерапрыемствам, дарэчы, была прэзентацыя кнігі-дзённіка "Радзіва Прудок" былога дворніка Купалаўскага тэатра Андруся Горвата, продкі якога пайшлі з гэтых мясцін.

"На дзяржаву спадзявацца не трэба"

Мецэнат упэўнены, што нічога складанага ў гэтым праекце няма, і ў якасці прыклада прыводзіць Польшчу.

"Нядаўна я быў у польскім манастыры, разбураным да фундамента. Манахі яго ўзнавілі і зараз там квітнеючы сад. У нас большая захаванасць", — разважае ён.

Праект узнаўлення кляштара і стварэння незалежнай культурніцкай прасторы гараджане падтрымліваюць. Мясцовыя ўлады ставяцца да гэтай гісторыі насцярожана, але працаваць не перашкаджаюць.

Нягледзячы на тое, што аднаўленне зараз знаходзіцца толькі на першым этапе, творчая пляцоўка працуе на поўную моц
Аляксандр упэўнены, што нават толькі ўласнымі сіламі беларусы могуць аднавіць вялікую колькасць такіх разбураных аб'ектаў.

"На дзяржаву спадзявацца не трэба. Мы самастойна можам выратаваць тое, што засталося. Калі кожны жыхар нашай цудоўнай краіны дастане з кішэні адзін рубель і ахвяруе яго на ўзнаўленне гісторыка-культурнай спадчыны, што знаходзіцца ў яго ў рэгіёне, то праз хуткі час такіх разбураных аб'ектаў больш не застанецца", — падкрэслівае бізнесмен.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму у аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны нельга спадзявацца на дзяржаву, распавёў палесскі мецэнат Аляксандр Баранаў.далее...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика