Сёлета муж і жонка Дзмітрый і Святлана Аўдзеенкі з Хойнік святкуюць 15 гадоў з дня іх знаёмства. Сям'я, у якой выхоўваюць у ладзе ды згодзе двух абаяльных сыночкаў Кірыла і Максіма, цешыць адну вялікую мару на ўсіх – пераехаць жыць ва ўласны вялікі дом.
Пазнаёміла маладых сястра Дзімы: на яе фотаздымках з летняга адпачынку юнак заўважыў незнаёмую прыгажуню і закахаўся. Неўзабаве пазнаёміліся асабіста, пачуццё толькі ўзмацнілася. Дзяўчына адказала ўзаемнасцю. Пакуль правяралі пачуцці, кожны з іх паспеў атрымаць прафесійную адукацыю. Дзмітрый у той час закончыў Гомельскі машына-будаўнічы каледж, завочна адвучыўся ў Мазырскім педагагічным універсітэце. Святлана атрымала спецыяльнасць таваразнаўцы ў абласным цэнтры.
Праз чатыры гады ажаніліся, сыночак-першынец нарадзіўся. З дапамогай бацькоў набылі кватэру ў Хойніках, самастойна адрамантавалі яе. Тут спрацаваў характар Дзімы – ён з лёгкасцю і жаданнем вучыцца новаму, а ў эпоху інтэрнету ўсе парады можна адшукаць у камп'ютары.
Карані Дзімы і Светы – у вёсках. Ён нарадзіўся ў Амелькаўшчыне, але чарнобыльская бяда падштурхнула вялікую сям'ю пераехаць. Далёка яны не захацелі аддаляцца ад малой радзімы, пасяліліся ў Слабажанцы. Сям'я Святланы жыла ў Санкт-Пецярбургу, але з-за пэўных абставін вымушаны былі вярнуцца на сваю малую радзіму – у Казялужжа.
Сям'я расла, павялічвалася і прага мужа і жонкі да набыцця свайго прасторнага жылля, каб можна было выйсці на ганак, з задавальненнем прайсціся па ўчастку, зазірнуць, як расце ўласная гародніна... Перавагі прыватнага дома перад кватэрай абодва добра ўсведамлялі. Вось і сталі ажыццяўляць сваё шчырае жаданне. Чатыры гады назад пара набыла ўчастак з домам для далейшай рэканструкцыі ў вёсцы Казялужжа. Досыць незвычайна для гарадской сям'і – імкнуцца далей ад больш камфортнага, як здаецца, побыту. Скарысталіся крэдытамі банка – спажывецкім і для рэканструкцыі.
Увесь вольны час глава сям'і прысвячае рамонту – для вялікага дома і намаганні адпаведныя варта прыкладаць. Калі атрымліваецца, дапамагаюць і родзічы. Але большасць часу Дзмітрый сам даводзіць да ладу кожны куточак, будуючы ў фантазіі і рэальнасці дом сваёй мары. Падрастаюць сыночкі, становяцца памочнікамі бацьку – цяпер нават цэглу могуць падаваць, далей іншаму навучацца – так і справа пойдзе шпарчэй.
Летась пара прыняла важнае рашэнне – замацавалі свой шлюб прысягай перад Богам, абвянчаўшыся ў Пакроўскай царкве. Абодва прызнаюць, што неяк па-іншаму пачалі ставіцца адзін да аднаго пасля таінства, больш клапатліва, уважліва і пяшчотна. У іх жыцці канчаткова сфарміраваўся важны сэнс сям'і – вырасціць здаровых і шчаслівых дзяцей, зрабіць іх дзяцінства незабыўным і выдатным. З часам з'явіліся свае добрыя традыцыі. Напрыклад, сям’і Аўдзеенка падабаецца выязджаць разам у невялікія вандроўкі. Звычайна, у суседнія гарады, каб пачаставацца прысмакамі і проста правесці час разам.
– Прыемна ўсведамляць, што сваімі рукамі набліжаеш мару, – сцвярджае Дзмітрый Аўдзеенка. – Галоўнае, каб усе здаровыя былі, а калі чаго няма, то абавязкова будзем мець, толькі трэба працаваць для гэтага.
Сёлета муж і жонка Дзмітрый і Святлана Аўдзеенкі з Хойнік святкуюць 15 гадоў з дня іх знаёмства. Сям'я, у якой выхоўваюць у ладзе ды згодзе двух абаяльных...