Да супрацьлеглага берага яму заставалася метраў пяць, калі ён пайшоў пад ваду. Што здарылася – сутарга, падводнае цячэнне ці проста скончыліся сілы… Цяпер ужо ніхто не раскажа.
Рэчка Прудок, якая працякае ў раёне вёскі Убоіна, сёння не такая, як звычайна ў ліпені. З-за ліўняў і плаціны Полацкай ГЭС вада ўзнялася ў Заходняй Дзвіне, у якую ўпадае Прудок, і невялікі прыток разліўся, у шырыню стаў не менш 25 метраў.
Менавіта сюды нядзельным спякотным днём 29 ліпеня ў 13.30 прыйшлі пакупацца трое падлеткаў. Двое з іх не ўмелі плаваць і былі каля берага. А ён умеў, магчыма, не раз пераплываў той Прудок, які на гэты раз стаў неадольнай перашкодай.
Яму было 15 год, паспеў скончыць 10 класаў Кардонскай школы…
Вадалазы Віцебскага таварыства ратавання на водах гадзіну шукалі хлопца. У тым месцы, дзе ён затануў, глыбіня рэчкі, адкуль бяруць пясок, дасягае 7 метраў.
З пачатку года на вадаёмах Віцебскай вобласці патанулі 34 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей.
На вуліцы спякота, зразумела, што людзей, як магнітам, прыцягвае прахалода вады. Але яшчэ і яшчэ хочацца нагадаць: будзьце асцярожнымі, разлічвайце свае сілы, не спускайце вачэй з дзяцей, калі яны ў вадзе. Каб ніколі і нідзе гэтая трагедыя не паўтарылася.
Аляксандр ШАРАФУТДЗІНАЎ, старшыня раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах.
Надрукавана ў №58 ад 31.08.2018 г.
Не пераплыў рэчку Прудок Да супрацьлеглага берага яму заставалася метраў пяць, калі ён пайшоў пад ваду. Што здарылася – сутарга, падводнае цячэнне ці проста...