Прэзідэнт патрабуе няўхільнага выканання яго даручэнняў
18.08.2018
—
Разное
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Аршанскі раён Віцебскай вобласці. Асноўная ўвага кіраўніка дзяржавы была ўдзелена развіццю вытворчай сферы, у тым ліку рабоце праблемных прадпрыемстваў. «Двойка з мінусам» – А. Р. Лукашэнка строга раскрытыкаваў якасць работы па развіцці Аршанскага інструментальнага завода. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў 13 жніўня, наведваючы гэтае прадпрыемства.Тое, што пастаўленыя задачы не выконваюцца належным чынам, Прэзідэнт убачыў, яшчэ толькі пад’язджаючы да завода. Ён звярнуў увагу, што нават спробы навесці парадак на тэрыторыі не прынеслі належнага выніку. Усё было зроблена ў спешцы і няякасна. «Не любіце вы людзей, не любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуху, зрабіце бардзюр, навошта ў траву класці асфальт. Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ – за вашы бязладнасць і непарадак», – сказаў кіраўнік дзяржавы. У гэтым жа ключы размова ішла і пасля наведвання прадпрыемства. Прэзідэнт застаўся вельмі незадаволены ўбачаным. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў крытыку ў адрас шэрагу кіраўнікоў высокага ўзроўню за недастатковыя намаганні па рэалізацыі дадзеных раней даручэнняў, накіраваных на развіццё прамысловай сферы ў Аршанскім раёне. Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня на нарадзе аб ходзе выканання даручэнняў па комплексным развіцці Аршанскага раёна падкрэсліў недапушчальнасць таго, каб работа на месцах скочвалася да фармалізму і валакіты. Прэзідэнт нагадаў, што ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2017 годзе даручаў ураду сумесна з Віцебскім аблвыканкамам забяспечыць комплекснае развіццё Аршанскага раёна, каб яго тэмпы росту былі як мінімум вышэйшыя за сярэднеабласныя. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова адзначаў, што выкананне даручэнняў па развіцці рэгіёна – паказчык эфектыўнасці работы ўрада і мясцовай улады. Патрабавалася наладзіць сістэмную работу, якая стала б прыкладам для іншых сярэдніх гарадоў краіны. «Гэта пытанне не толькі Оршы. Як я ўжо гаварыў, гэта пытанне раўнамернага размеркавання прадукцыйных сіл па ўсёй краіне. Мы не можам дапусціць, каб дзесяцімільённая краіна напалавіну размясцілася ў Мінску і яго наваколлі. Абмяжоўваючы будаўніцтва ў Мінску і абласных цэнтрах, трэба развіваць раённыя цэнтры, гарадскія пасёлкі і сярэднія гарады, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. «Улічваючы, што ў сельскай гаспадарцы мы намацалі шлях, па якім трэба ісці, – гэта стварэнне аграгарадкоў, – дадаў кіраўнік дзяржавы. – Такіх сярэдніх гарадоў у нас адзінаццаць, і пражывае там нямала – 15 працэнтаў насельніцтва. Урад на прыкладзе Оршы павінен быў паказаць сістэмную работу з такімі рэгіёнамі. У тым ліку вызначыць эфектыўныя рашэнні па апераджальным развіцці і распаўсюдзіць іх у далейшым на ўсю краіну. Гэтага не зроблена». «Калі нейкія з пастаўленых мэт і дасягаюцца, то толькі ў ручным рэжыме», – адзначыў Прэзідэнт. А сістэмныя кропкі росту, якія дадуць магчымасць рэгіёнам развівацца без умяшання зверху, не вызначаны альбо неэфектыўныя. «Больш таго, не вырашаны ключавыя задачы па развіцці праблемных арганізацый раёна. А да праблемных можна аднесці практычна ўсе прадпрыемствы, якія тут існуюць. Яны маюць патрэбу ў сур’ёзным падыходзе ў плане мадэрнізацыі і прывядзення іх у належны выгляд. Можна зрабіць выснову, што ўсе члены ўрада, якія былі тут, навучыліся даваць тлумачэнні, але не выконваць. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, адзіная прычына невыканання яго даручэнняў заключаецца ў «пафігічным стаўленні ўрада да даручэнняў Прэзідэнта». «Таму на гэтым тыдні ўнесці прапановы па замене ўсяго кіраўніцтва ўрада, усіх вярхоў з рэзерву кадраў, які мною сфарміраваны», – запатрабаваў Прэзідэнт. БелТА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Аршанскі раён Віцебскай вобласці. Асноўная ўвага кіраўніка дзяржавы была ўдзелена развіццю...
|
|