Сакрэт сямейнага шчасця Міхаіла і Марыі Якімчыкаў. 21.by

Сакрэт сямейнага шчасця Міхаіла і Марыі Якімчыкаў

22.08.2018 18:44 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Для Міхаіла і Марыі Якімчыкаў з вёскі Востраў сёлетні жнівень асаблівы. Роўна пяцьдзясят гадоў таму ў Агарэвіцкім сельвыканкаме яны пабраліся шлюбам, даўшы зарок – кахаць, без прычыны не крыўдзіць адзін другога і падтрымліваць, асабліва тады, калі будзе цяжка.


З першага дня знаёмства Міхаіл Якімчык адчуваў, што паляшучка Марыя Матусевіч падабаецца яму не так, як усе астатнія дзяўчаты. Перахоплівала хлопцу дыханне, калі ў калідорах Пінскага педагагічнага вучылішча ён заўважаў бойкую дзяўчыну невялікага расточку, з круглымі, зыркімі вачыма і прыязнай усмешкай на твары. Пачуцці хлопца Марыя адчула адразу, далікатна адказаўшы на іх згодай сустрэцца ў парку, дазволам абняць і прытуліць да сябе.

Дзевятнаццацігадовымі Міхаіл і Марыя пажаніліся, і з самага звычайнага размеркавання на работу пачалося іх сямейнае жыццё. У Чудзінскай сярэдняй школе на пачатку 1968 года маладыя спецыялісты прыступілі да работы: Міхаіл Іванавіч – настаўнікам фізічнай культуры, Марыя Альбінаўна – пачатковых класаў. Школьнай працы было шмат, як шмат было ў той перыяд іх жыцця сонца, шчасця і надзей. Дзевяць гадоў працавалі Якімчыкі ў Чудзінскай школе і жылі на прыватнай кватэры, нібыта адчуваючы хуткія перамены ў жыцці. І яны адбыліся. Пераехалі спачатку ў Будчу, Марыя Альбінаўна ўзначаліла ў гэтай вёсцы дзесяцігодку, затым у Нач, дзе актыўнай, ініцыятыўнай жанчыне прапанавалі пасаду адразу дырэктара школы, а затым старшыні сельвыканкама.

У хуткім часе Якімчыкі перабраліся жыць у Востраў. Міхаіл Іванавіч заняў дырэктарскае крэсла ў новай, толькі-толькі пабудаванай школе, а Марыя Альбінаўна – парторга ў калгасе «Парыжская камуна». Гэта пазней яна вернецца да педагагічнай практыкі ў Востраўскую школу і стане вернай і надзейнай памочніцай мужу.

– Мы ўсё жыццё разам, нібыта тая нітка за іголкай, – кажа Марыя Альбінаўна. – Разам, без дапамогі бабуль і дзядуль, гадавалі дзетак, вучыліся завочна ў Мінскім педагагічным інстытуце, палолі калгасныя буракі і моркву, даглядалі хатнюю гаспадарку. Галоўным апірышчам у жыцці мы былі і застаёмся па сённяшні дзень адзін для аднаго.

У жыцці Якімчыкаў было шмат падзей, якія зберагла іх памяць. Светлым праменьчыкам назаўсёды застануцца тыя моманты, калі нарадзіліся дачушкі-прыгажуні, як дзве кроплі вады падобныя: старэйшая Жанна – на маці, а малодшанькая Ірынка – на бацьку, як пераехалі ў Нач і знайшлі там надзейных сяброў на ўсё жыццё, як уладкоўваліся ў новай школе, стваралі музей Міхася Рудкоўскага, вучылі дзяцей, сустракалі і праводзілі шматлікіх гасцей, што наведваліся ў сельскую навучальную ўстанову не толькі з вобласці, але і рэспублікі.

– Нібыта адзін кароткі дзень, праляцела жыццё, – з прыкметным сумам у вачах кажа Марыя Альбінаўна. – Але ж што тут шкадаваць. Дзякуй Богу, дзяцей добрых маем, два ўнукі і дзве ўнучкі ў нас. Адна замуж пайшла, значыцца, і сямейка пабольшала.

Вялікая і дружная сям’я, пра якую з такой любоўю і шчырасцю гавораць Міхаіл Іванавіч і Марыя Альбінаўна, зладзіла ім залатое вяселле, з кветкамі і падарункамі, шлюбным вальсам і «залатым» пацалункам, абменьваннем заручальнымі пярсцёнкамі і духмяным вясельным караваем. Гэта ўсё – даніна павагі, любові і ўдзячнасці, прызнанне таго, што сапраўднае каханне ёсць.

На ўрачыстасць да Якімчыкаў прыехалі родныя Міхаіла Іванавіча са Слонімскага раёна, сябры з Начы і Вострава… Павіншаваць сваю былую настаўніцу Марыю Альбінаўну з шыкоўным букетам чырвоных руж прыехаў яе вучань Міхаіл Сергіеня, сённяшні выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Хатынічы», а ў недалёкім мінулым паслухмяны і здатны да навук вучань Чудзінскай сярэдняй школы.

– Праз усё жыццё мы пранеслі добрыя адносіны з Мішам, якія з цягам часу з ім самім і яго сям’ёй перараслі ў надзейнае і шчырае сяброўства, – прызналася Марыя Альбінаўна.

Гледзячы на залатых юбіляраў, з вачэй многіх гасцей зрываліся няпрошаныя слёзы. Безумоўна, гэта былі слёзы радасці і шчасця за «залатых маладых».

– Праз гады, праз жыццёвыя выпрабаванні яны пранеслі каханне, павагу і ўзаемаразуменне, – з хваляваннем кажа пляменніца Марыі Альбінаўны Таццяна Турко. – Мне было сем гадоў, але ж добра помніцца той дзень, калі грымела ў Агарэвічах іх вяселле, калі ў белым вэлюме стаяла мая цётачка, а жаніх глядзеў на яе з непадробнай любоўю і трапятаннем. Маці наша рана памерла, і цётка Марыя, спагадлівая і шчырая, не пакінула нас з сястрою ў горы-бядзе, а замяніла яе. Нібыта птушкі, ляцім мы зараз, ужо дарослымі, у Востраў да родных нам людзей, калі радасць на парозе, калі боль і роспач распякаюць сэрца. Гэта самыя дарагія для нас людзі, і любоў да іх вымераць немагчыма нічым.

Пра бацькоў гаварылі дзеці, у сваёй любові да бабулі і дзядулі прызнаваліся ўнукі. Пазіраючы ў бок Дзяніса, старэйшага ўнука Якімчыкаў, так і карцела спытаць, у чым жа сакрэт шчасця і даўгалецця «залатой пары»? Доўга не думаючы, хлопец адказаў:

– У цярпенні дзеда, у моцным унутраным стрыжні бабулі і моцным каханні.

Галіна ПУПАЧ.

(Visited 2 times, 2 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для Міхаіла і Марыі Якімчыкаў з вёскі Востраў сёлетні жнівень асаблівы. Роўна пяцьдзясят гадоў таму ў Агарэвіцкім сельвыканкаме яны пабраліся
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика