Ва ўсе часы прафесія настаўніка лічылася самай патрэбнай і высакароднай. Без настаўніка няма ўрача, інжынера, паэта, рабочага. Настаўнік — значна больш, чым прафесія. Гэта стан душы і жаданне перадаваць свой вопыт іншым людзям. Дзень ведаў асаблівы ў жыцці кожнага педагога. Для маладых спецыялістаў гэты дзень — першы віншавальны. Для вопытных работнікаў — дзень прыемных стасункаў з вучнямі былымі і цяперашнімі. Для тых, хто зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку — вяртанне ў маладосць, успаміны пра сваіх выхаванцаў, пра доўгі шлях, які шмат разоў яны праходзілі разам па краіне ведаў. У традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі прынялі ўдзел: Дзмітрый Рубан, старшыня Хоцімскага райвыканкама, Мікалай Хучаў, намеснік старшыні райвыканкама, Максім Ракаў, начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму, Алена Гірына, начальнік аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, а таксама сацыяльныя партнёры, дэлегацыі ўстаноў адукацыі раёна, ветэраны педагагічнай працы, маладыя спецыялісты.
У нашай краіне адукацыя заўжды была прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі. Да пачатку новага навучальнага года 408 дзяцей раёна наведваюць установы дашкольнай адукацыі, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў новым навучальным годзе за парты сядуць 1127 дзяцей. Значны мінус — дэмаграфічная сітуацыя ў раёне за апошнія гады характарызуецца зніжэннем колькасці навучэнцаў. У адукацыйнай карце раёна адбыліся змены — закрыта дзяржаўная ўстанова адукацыі Баханоўскі ВПК. З 1 верасня гэтага года для вучняў 10 класаў будзе ўведзены новы прадмет “Працоўнае навучанне”, а ў мэтах павышэння матывацыі моладзі да далейшай працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы на базе Бярозкаўскай школы будзе ўтвораны клас аграрнай накіраванасці. Ва ўсіх установах адукацыі да пачатку года праведзены касметычныя рамонты. У Забялышынскай школе і Бяседавіцкім ВПК — бягучыя.
Як канстатаваў начальнік аддзела адукацыі, па спорту і турызму райвыканкама, мяркуючы па тых паказчыках, якія былі дасягнуты ў мінулым навучальным годзе, можна рабіць вынікі, што пастаўленыя задачы былі выкананы і зроблены яшчэ адзін крок на шляху ўдасканалення і далейшага развіцця. Вопытам працы сваіх устаноў з прысутнымі падзяліліся намеснік загадчыка “Яслі-сад №3” Таццяна Данцова, намеснік дырэктара Бяседавіцкага ВПК, Аксана Пруднікава, дырэктар СШ №1, Галіна Белікава.
Паняцце «настаўнік» не бывае ў мінулым часе, таму што з гадамі гэта становіцца не толькі прафесіяй, але і асаблівым станам душы. Не адно дзесяцігоддзе свайго жыцця ўсё сваё майстэрства аддалі справе служэння адукацыі ветэраны педагагічнай працы, якія сабраліся ў гэты дзень у зале. Прыемна, што сёння сувязь пакаленняў у школах раёна не губляецца, а наадварот з’яўляецца трывалай, і на замену старэйшаму прыходзіць маладое пакаленне педагогаў: таленавітых, дасведчаных, крэатыўных, не па-маладому грунтоўных. Дарэчы, у гэтым годзе педагагічная сям’я папоўнілася 6 спецыялістамі, выпускнікамі педагагічных вну і каледжаў (на здымку 2). Шчырыя словы-наказ ад педагогаў маладым калегам выказаў настаўнік-метадыст Забялышынскай школы Алясандр Сцепчанка, ад моладзі слова трымала выпускніца БДПУ імя М.Танка Крысціна Ермакова.
Словы асаблівай удзячнасці педагогам раёна выказаў і старшыня райвыканкама, выказаўшы падзяку за няпростую, але высакародную настаўніцкую працу, якая дае станоўчыя вынікі не толькі раённага, але і абласнога і нават рэспубліканскага маштабу і пажадаў яшчэ больш плённай працы ў новым навучальным годзе.
Галоўным здабыткам раёна з’яўляюцца таленавітыя дзеці, а дзякуючы сумесным намаганням бацькоў і педагогаў рабяты дасягаюць добрых вынікаў. Падарункамі і падзячнымі лістамі райвыканкама былі адзначаны пераможцы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і спаборніцтваў і іх бацькі: Алена Багданава, Іна Шобік і Кацярына Удавенка. Падзячныя лісты старшыня райвыканкама таксама ўручыў педагогам — Ксеніі Хвораст (СШ №2), Аксане Ларчанка (СШ №1) і Аляксандру Сцепчанку (Забялышынская школа) (на здымку 1).
Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу і высокае прафесійнае майстэрства былі адзначаны Зінаіда Старавойтава (СШ №2), Алена Корнева (СШ №1), Наталля Прыснакова (СШ №1). Таксама Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і высокае прафесійнае майстэрства ўзнагароджаны 22 настаўніка раёна, у іх ліку педагог ЦТДзіМ Алена Сотнікава і прыёмныя бацькі – сям’я Саўлюковых.
Прыемныя сюрпрызы не заканчваліся. Валянціна Войценка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, уручыла Граматы Савета Хоцімскага раённага аб’яднання прафсаюзаў і каштоўныя падарункі за асаблівы ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства, шматгадовую добрасумленную працу ў сферы адукацыі і па выніках працы за навучальны год Ларысе Мінчанка “Яслі-сад №2”, Алене Відусавай Яслі-сад №3, Аляксандру Сцепчанку (Забялышынская школа). Свой талент і творчасць удзельнікам канферэнцыі падарылі навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, а ў фае сваю творчасць прадставілі педагогі.
Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна пад залівісты голас апошняга школьнага званка, які абвясціў аб завяршэнні навучальнага года, вучні спяшаліся падзякаваць настаўнікаў сардэчнымі словамі і букетамі кветак. А вось ужо наступнае свята стаіць на парозе, расчыняючы дзверы ў кожную ўстанову адукацыі. І вельмі дарэчы зараз усмешкі, шчырыя словы падзякі, прызнанні… І кампазіцыі з восеньскіх кветак, што яркімі агеньчыкамі размалёўваюць наваколле, — у падарунак. Бо прыблізіўся Дзень ведаў. Са святам вас, дарагія нашы настаўнікі. Дзякуй за вашу працу, за тое што кожны дзень вы знаходзіце ключыкі ад кожнага дзіцячага сэрца і адчыняеце імі самыя лепшыя замочкі будучага нашай любімай краіны!
Ва ўсе часы прафесія настаўніка лічылася самай патрэбнай і высакароднай. Без настаўніка няма ўрача, інжынера, паэта, рабочага. Настаўнік — значна больш, чым...