Няпростых лёсаў палатно. 21.by

Няпростых лёсаў палатно

28.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Няпростых лёсаў палатно
Гэтыя дзіўныя людзі прайшлі і пабачылі многае. На долю Уладзіміра Сцяпанавіча і Ніны Сцяпанаўны Патоцкіх з вескі Мінічы выпала нямала гора і выпрабаванняў. 

 

Дагэтуль Уладзімір Сцяпанавіч не можа спакойна ўспамінаць тыя страшныя гады вайны, гады, калі кожны дзень мог стаць апошнім. Як той, калі ўсіх жыхароў Мінічаў сагналі на сярэдзіну вёскі. Яму тады было крыху больш за дзесяць гадоў. Крыкі, плач і нямецкая лаянка чуліся з кожнага дома... І вось усіх выстраілі ўздоўж вуліцы... Яшчэ б крыху – і жыццё скончылася б імгненна ад чэргаў аўтаматаў, якімі фашысты выганялі людзей да месца пакарання. Але іх выратаваў «падсолтыс», таксама мясцовы жыхар.


Як аказалася потым, нехта данёс, што жыхары вёскі падтрымліваюць сувязь з партызанамі. Калі б той сусед не прасвятліў сітуацыю і не паручыўся за ўсіх, загінулі б усе. Пашанцавала. Сапраўдны цуд, лічыць Уладзімір Сцяпанавіч, як другое нараджэнне. 


Ніна Сцяпанаўна нарадзілася ў 1937 годзе. Але, напэўна, страх і гора запамінаюцца вельмі выразна нават у раннім дзяцінстве. Яна памятае, хутчэй за ўсё, час перад заканчэннем вайны. Чамусьці ўсёй вёскай, а яна жыла ў Алісевічах, яны пайшлі ў лес. Баяліся дома знаходзіцца.


Муж і жонка шмат працавалі пасля вайны, дапамагаючы бацькам. Уладзімір Сцяпанавіч клапаціўся аб маці. Ніна Сцяпанаўна выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яе было яшчэ шасцёра. Адукацыю, хоць і пачатковую, атрымалі абодва: Ніна скончыла тры класы, Уладзімір – чатыры. Пазней яму ўдасца скончыць яшчэ чатыры класы вячэрняй школы. З малога Уладзімір цягнуўся да матэматыкі, яму лёгка давалася гэтая дакладная навука. Пасля яна спатрэбіцца ў жыцці. Спачатку яго матэматычныя здольнасці заўважаць у калгасе, дзе ён будзе ўзначальваць брыгаду будаўнікоў. Потым ён набярэцца будаўнічага вопыту ў арміі. 


Усё зменіцца да лепшага ў няпростых лёсах Уладзіміра і Ніны, калі яны сустрэнуцца. Ніна Сцяпанаўна расказала, што ў іх у вёсцы была сямігадовая школа, дзе працавалі маладыя настаўнікі. Яны часта прыцягвалі мясцовую моладзь удзельнічаць у драматычных пастаноўках. У той вечар у школе прадстаўлялі пастаноўку «Прымакі». Працаўніца паляводчай брыгады Ніна – на сцэне, толькі што дэмабілізаваны з арміі Уладзімір – у зале. Гэтая пастаноўка і стала пачаткам іх знаёмства, якое перарасло ў больш моцныя пачуцці. 


Маладая сям’я пасялілася ў Мінічах. Ніна працавала ў паляводстве. Добрага будаўніка-самавучку гасцінна сустрэлі ў родным калгасе. За сорак адзін год стажу ён прымаў удзел у будаўніцтве малочна-таварнай фермы ў Алісевічах, мехсектара, свінакомплекса ў Ханявічах і вайсковай часці каля Хрышчонавічаў. 


Уласнымі рукамі яны з жонкай спраектавалі і пабудавалі свой дом. На святы і юбілейныя даты сюды спяшаюцца дзеці з сем’ямі, трое ўнукаў і пяцёра праўнукаў, напаўняючы радасцю кожны куток гэтага сямейнага гнязда.

 

 

Людмила БАЛЫШ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтыя дзіўныя людзі прайшлі і пабачылі многае. На долю Уладзіміра Сцяпанавіча і Ніны Сцяпанаўны Патоцкіх выпала нямала гора і выпрабаванняў. 
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика