На «малой родине» большого леса или Как рождаются деревья в питомнике Ушачского лесхоза
12.10.2018
—
Разное
|
У лясных угоддзях нашага раёна ёсць асаблівае месца – лесапітомнік Ушацкага лясгаса. Менавіта тут, на тэрыторыі Вялікадолецкага лясніцтва, на плошчы ў 12,3 гектара наладжана вырошчванне лесанасеннага матэрыялу. Нядаўна мы зазірнулі на “малую радзіму” вялікага лесу, паглядзелі, як нараджаюцца дрэвы. Працэс атрымання добрага матэрыялу для лесааднаўлення тлумачыць начальнік пітомніка Іван Мікалаевіч Пішчык: – Вось там у нас адны з апошніх пасеваў, на гэтым баку – матэрыял, які ўжо хутка падыдзе да высадкі на дзялянкі. Абывацелю на першы погляд можа падацца, што каб атрымаць саджанцы, мы проста кідаем у зямлю насенне і чакаем, пакуль прарастуць дрэўцы. Насамрэч, існуе цэлы цыкл работ, якія практычна не спыняюцца. Насенне мы высаджваем спецыяльнай сеялкай у пасяўныя аддзяленні. Адтуль сеянцы трапляюць у так званую “школку” – гэта спецыяльная плошча, прызначаная для вырошчвання саджанцаў. Там пастаянна апрацоўваем іх, праполваем, абараняем ад шкоднікаў. Сеянцы соснаў і елак тут песцяць, нібы немаўлят. Дужэюць яны і пад адкрытым небам, і ў закрытым грунце – для вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай у спецыяльных касетах пабудаваны вялікія цяпліцы, абсталяваныя сістэмай паліву і зацямнення. У параўнанні са звычайнымі тэхналогіямі такі спосаб мае нямала пераваг – меншы расход насення, прыжываецца яно ў разы лепш, а пры перасадцы не пашкоджваецца каранёвая сістэма. Але ж каб вырас добры матэрыял, тут таксама трэба пастарацца. Напрыклад, крайнія касеты перыядычна трэба мяняць месцамі з цэнтральнымі, кантраляваць патрэбу ў вільгаці і гэтак далей. У прыязным суседстве з хвойнікамі размясціліся і ліставыя пароды дрэў. Напрыклад, па спецыяльнай фінскай тэхналогіі пасеяна бяроза: насенне мульчыравалі апілкамі, накрывалі спандбондам, каб не гублялася вільгаць. Хоць і не ў такой вялікай колькасці, як сасна і елка, але прарастаюць у пітомніку дубы, ліпы і клёны – пад іх адведзена каля 15 сотак. А насенне для вырошчвання ў сваіх угоддзях збіралі леснікі. Пра лесааднаўленне І.М.Пішчык расказвае з вялікім энтузіязмам і зацікаўленасцю. У лясную гаспадарку ён прыйшоў тры гады таму. Аграном па спецыяльнасці з вопытам работы ў сельскай гаспадарцы вельмі любіць эксперыментаваць. Пасадзіўшы арэхі кедра, з нецярпеннем чакаў зараджэння новых дрэў. Са ста штук ужо ўзышло 30 і яшчэ “падцягваюцца”. – Спецыяльна папрасіў родных з Сібіры прывезці мне насення! – гаворыць Іван Мікалаевіч. – Цікава паназіраць, ці прыжывецца ў нас дрэва і як яно расце. Звычайна да пяці гадоў кедр развіваецца вельмі марудна – такі ў яго доўгі перыяд адаптацыі – а затым пачынае набіраць моц. Яшчэ адзін мой нядаўні вопыт аказаўся не надта паспяховым: з мінскага селекцыйнага цэнтра прывёз насенне горнай сасны. Яно выдатна ўзышло, акрэпла, але потым чамусьці засохла. Ужо не раз даводзілася бываць у камандзіроўках у пітомніках як на Віцебшчыне, так і іншых абласцях, пераймаць і дзяліцца вопытам. Акрамя начальніка, які не толькі сочыць за працэсам, а і сам прымае непасрэдны ўдзел у справе, садзіцца за трактар, тут працуе яшчэ 6 работнікаў. Асноўныя работы ў лесапітомніку заканчваюцца позняй восенню ці з першым снегам, а пачынаюцца ранняй вясной, як толькі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е. Пасадачны матэрыял лясгас выкарыстоўвае як для сваіх мэт, так і на продаж, пераважна ў Расію. Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У лясных угоддзях нашага раёна ёсць асаблівае месца – лесапітомнік Ушацкага лясгаса. Менавіта тут, на тэрыторыі Вялікадолецкага лясніцтва, на плошчы ў 12,3 гектара... |
|