Как сельхозпредприятия Ушаччины готовят технику к зимнему хранению?
22.10.2018
—
Разное
|
На апошняй вытворчай нарадзе старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка запатрабаваў ад кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў актывізаваць работу па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне. Да кантрольнай даты яе заканчэння, 1 лістапада, засталася ўсяго дэкада. Хтосьці скажа наадварот – “ёсць яшчэ цэлых дзесяць дзён!”. Але, як паказвае практыка мінулых гадоў, калі брацца за пастаноўку тэхнікі ў крайнія тэрміны, нічога талковага не атрымаецца. Таму Уладзімір Генадзьевіч і ставіў задачу максімальна выкарыстоўваць пагодлівыя дзянькі кастрычніка. Аднесліся да яе выканання ў гаспадарках раёна па-рознаму. У сераду разам з галоўным дзяржаўным інспектарам па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання райсельгасхарча І.М.Пухальскім накіраваліся на мехдвары сельгаспрадпрыемстваў з маніторынгам выканання даручэння старшыні райвыканкама. Іван Мікалаевіч наведаў некаторыя гаспадаркі напярэдадні і паведаміў, што ў “Дземенцы” на лінейцы гатоўнасці ўжо стаіць тры камбайны з пяці, а ў “Глыбачанах” нават чатыры. Але вось намаганні для гэтага прыкладаліся розныя, бо ў апошняй гаспадарцы тры збожжаўборачныя агрэгаты ў жніве не ўдзельнічалі і “закансерваваныя” з мінулага сезона. Ход жа работ па пастаноўцы тэхнікі ў “Дземенцы” дазваляе спадзявацца на паспяховае выкананне задач. Тое ж можна сказаць і пра “Агра-Селішча”, якое ў апошнія гады заўсёды адзначаецца са станоўчага боку. На мехдвары гаспадаркі наводзіўся парадак, ля свайго камбайна завіхаўся Юрый Юркевіч. “Цягаў чубы!” – усміхаецца механізатар, які ачысціў механізмы ад прарослага зерня і ўкрыў колы агрэгата плёнкай. Юрый, дарэчы, ужо заняты на асноўным месцы працы – у адной з кацельняў УП ЖКГ. Таму на мехдвор гаспадаркі, дзе многія сезоны ўдзельнічае ва ўсіх важнейшых сельскагаспадарчых кампаніях, прыязджае ў свае выхадныя. “У хлопцаў і так работы хапае, Алег Крывёнак, напрыклад, зараз заняты на ўзворванні, а яго камбайн не пастаўлены. Таму некалі ім будзе яшчэ і мой чысціць. Я ж і ў наступным сезоне буду на ім працаваць. Падрыхтую якасна да зімы – прасцей будзе атрымаць допуск летам!” – лаканічна расказвае, здаецца, аб прапісных ісцінах Ю.Юркевіч. Але разумеюць іх далёка не ўсе. Нельга сказаць, што ў “Кублічах” зусім нічога не зроблена. Вось толькі выстраеныя на лінейцы камбайны, якія здалёк радавалі вока пабеленымі коламі, на самой справе аказаліся негатовымі. Знешняя “касметыка” нібы праведзена, а вось “цырульніка” хоць выпісвай з суседніх Селішчаў – “чубы” прарослага зерня вольна адчуваюць сябе на неачышчаных механізмах, не ўкрыты ад непагоды і вузлы. Шмат на мехдвары гаспадаркі агрэгатаў, якія ўжо наўрад ці калі выедуць у поле, – карпусы плугоў, КВК-800 без рухавіка, іржавыя раскідвальнікі ўгнаенняў. Некаторую тэхніку можна было б і спісаць, але за яе не выплачаны лізінг і зняць з уліку яе нельга. Зрэшты, гэта праблема для большасці гаспадарак. Асобныя ж адзінкі змянілі прапіску: адзін плуг у “Дземенцы”, другі – ў “Арэхаўне”, “Амкадор” (прычым ужо разабраны) – у “Глыбачанах”, граблі і прычэп – у “Маяку-Ушацкім”, касілка – дома ў механізатара… А лёс некаторых агрэгатаў зусім невядомы – на ўліку ёсць, а на мехдвары – не. Два камбайны пастаўлены на захоўванне ў “Арэхаўне”. З падрыхтоўкай астатняй тэхнікі – праблема. Кіраўнік і галоўны інжынер тлумачылі гэта найперш кадравым дэфіцытам – у гаспадарцы засталося ўсяго пяць механізатараў, якія літаральна разрываюцца на розных відах сельгасработ. Шмат яшчэ трэба зрабіць у “Вялікадолецкім”, дзе парк тэхнікі вялікі, а да зімы гатовы пакуль толькі камбайны Васіля Алексяёнка і Юрыя Альбіновіча, які на вачах І.М.Пухальскага займаўся фінальным акордам – уздымаў КЗК-1218 на стойкі і вапнаваў колы. “А за ім, акрамя гэтага, замацавана яшчэ тры кормаўборачных камбайны”, – галоўны інжынер “Вялікадолецкага” Юрый Фёдаравіч Васілевіч зазначыў, што работы ў цёзкі-механізатара яшчэ хоць адбаўляй. Але яны вядуцца, пастаноўкай тэхнікі камбайнаў займаліся Рыгор Філімонаў, Уладзімір Вусько, Сяргей Вусько – на мехдвары было людна. Выклікае занепакоенасць сітуацыя ў “Ільюшынскім”. Машынна-трактарны парк тут вялікі, а вось часу на пастаноўку застаецца зусім нямнога, улічваючы той факт, што пакуль не падрыхтавана ніводнай адзінкі і асаблівага руху не назіраецца. І мабыць зусім не збіраюцца ставіць на зіму тэхніку і агрэгаты ў “Маяку-Ушацкім”. Магчыма, лічаць, што пакуль яны новыя, то нічога з імі не станецца. Вось толькі з такімі адносінамі наўрад ці праслужыць тэхніка доўга. А пра парадак на мехдвары можна сказаць коратка – горш нідзе не ўбачыш. Наведвалі мы пляцоўку для пастаноўкі тэхнікі былога саўгаса “Ушацкі” і летам – і з таго часу нічога не змянілася, хіба што пустазелле засохла і пачарнела. Па словах І.М.Пухальскага, у “Райаграсэрвісе” праверка не праводзілася, бо ў гаспадарцы заканчваецца працэдура банкруцтва. І нічога няясна з лёсам пяці энерганасычаных МТЗ-3022, якія знаходзяцца ў разабраным стане – перадаць іх іншым уласнікам, як і спісаць, не атрымаецца. Д.Раманоўскі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На апошняй вытворчай нарадзе старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка запатрабаваў ад кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў актывізаваць работу па пастаноўцы...
|
|