Молодая смена ушачской охраны не подводит коллектив!
31.10.2018
—
Разное
|
У лічаныя хвіліны з’яўляцца там, дзе людзям патрэбна дапамога чалавека ў форме – адзін з галоўных прынцыпаў работы супрацоўнікаў Дэпартамента аховы. 29 кастрычніка яны адзначылі сваё прафесійнае свята. Сёлета службе споўнілася 66 гадоў. Калі ў раённы аддзел унутраных спраў паступіла паведамленне аб сямейным скандале ў адной з кватэр па вуліцы Віцебскай, першымі на месца накіраваліся менавіта супрацоўнікі Дэпартамента аховы. У той вечар у складзе групы затрымання дзяжурылі міліцыянеры Раман Гвоздзеў і Уладзіслаў Жукаў. На званок дзверы дэбашыр адчыняць не збіраўся. Але знутры даносіліся крыкі з просьбамі аб дапамозе, і, ацаніўшы абстаноўку, хлопцы вырашылі трапіць у кватэру, якая знаходзілася на другім паверсе праз… балкон. “Успомніў свае навыкі, набытыя падчас службы ў паветрана-дэсантных войсках, – гаворыць міліцыянер-вадзіцель У.Жукаў. – Напарнік падсадзіў на казырок пад’езда, а далей па водасцёкавай трубе дабраўся да балкона. Ці баяўся? Аб гэтым нават не думаў! Скандаліст моцна і не супраціўляўся. Ну а далей ужо ў сітуацыі разбіраліся супрацоўнікі РАУС, а мы зноў адправіліся на маршрут”. Маладыя супрацоўнікі, за плячыма якіх яшчэ невялікі стаж работы, не разгубіліся ў няпростай сітуацыі, дзейнічалі аператыўна і рашуча. Дарэчы, у апошнія гады калектыў аддзялення па ахове аб’ектаў значна памаладзеў. Падчас яшчэ аднаго нядаўняга выпадку таксама вылучыліся новыя работнікі. На гэты раз службу неслі міліцыянер-вадзіцель групы затрымання Дзмітрый Хадасевіч і міліцыянер-кінолаг Андрэй Бутоўскі. Яны атрымалі арыенціроўку, што каля магазіна “Прадукты” ў гарпасёлку быў украдзены веласіпед. Пільнасць хлопцаў дапамагла раскрыць злачынства па “гарачых” слядах – яны адразу ўспомнілі, што бачылі падазронага на маршруце свайго патрулявання. Праз дзве гадзіны з дапамогай службовага сабакі злодзей быў знойдзены. Той ужо паспеў абмяняць двухколавы транспарт на бутэльку спіртнога. І калі А.Бутоўскі разам са сваім чацвераногім сябрам Жакам ужо раскрылі не адно злачынства, то Д.Хадасевіч яшчэ навічок, які толькі ўліваецца ў гэты згуртаваны калектыў. – Многія памылкова лічаць, што работа наша простая – патрулюй сабе па маршруце ды і ўсё! На самой жа справе мы выязджаем на падобныя выклікі, бо ў дадзеную хвіліну можам бліжэй аказацца да месца, дапамагаем у раскрыцці злачынстваў з дапамогай службовых сабак, рэагуем на сігналы, калі парадак у грамадскіх месцах парушаюць нецвярозыя грамадзяне. І, канечне ж, займаемся сваёй галоўнай задачай – аховай аб’ектаў. Сёння ў зоне нашай адказнасці 65 будынкаў юрыдычных асоб, пад сігналізацыяй знаходзіцца 118 жылых дамоў і кватэр грамадзян у гарпасёлку і 53 на раёне, мы абслугоўваем 48 кнопак трывожнай сігналізацыі, ахоўваем будынкі райвыканкама, суда, медскладоў і банка. Міліцыянеры, кінолагі, вартаўнікі, электраманцёры – усе уносяць свой уклад у агульную справу. Нават цяжка вылучыць самых лепшых работнікаў, бо выпадковых людзей у нас няма і ўсе працуюць на вышэйшую адзнаку, – зазначае начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы У.А.Чумакоў. – Віншую ўвесь свой калектыў, а таксама ветэранаў аховы з гадавінай утварэння службы. Жадаю міру і спакою, здароўя і дабрабыту ў сем’ях! Вольга КАМАРКОВА. на здымку: У.Жукаў,А.Бутоўскі, Д.Хадасевіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У лічаныя хвіліны з’яўляцца там, дзе людзям патрэбна дапамога чалавека ў форме – адзін з галоўных прынцыпаў работы супрацоўнікаў Дэпартамента аховы. 29...
|
|