Віктар Путро з ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» з сынам
Станіслаў Масальскі з Жыліцкага сельгаскаледжа ўдзельнічае ў конкурсе «Аўтамабіліст»
Другі раз на Магілёўшчыне адбыўся абласны конкурс “Малады гаспадар”, які выяўляў самых таленавітых і крэатыўных прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, якія звязаны з сельскай гаспадаркай. Сёлета гэтыя цікавыя спаборніцтвы праходзілі ў Бабруйскім раёне.
Як расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, конкурс сабраў больш за 20 удзельнікаў ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў — аграномаў, вадзіцеляў, механізатараў, заатэхнікаў, ветурачоў, інжынераў, выкладчыкаў, навучэнцаў і іншых, якія маюць дачыненне да аграпрамысловага комплексу і з’яўляюцца членамі прафзсаюзных арганізацый АПК.
Гонар нашага раёна абаранялі двое прадстаўнікоў: слесар па рамонце і абслугоўванні біягазавай устаноўкі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Віктар Путро і педагог-арганізатар Жыліцкага сельгаскаледжа Станіслаў Масальскі.
У барацьбе за пальму першынства канкурсантам трэба было прайсці некалькі іспытаў. Конкурс “Візітка” прадугледжваў творчы расказ аб сабе, сваёй працоўнай дзейнасці, сям’і, захапленнях. Трэба адзначыць, што лепшай была прызнана візітка Віктара Путро. У конкурсе “Кулінарны” ўдзельнікі наразалі для супа агародніну, “Аўтамабіліст” — мянялі на хуткасць кола аўтамабіля, “Снайпер” — дэманстравалі трапнасць у спаборніцтвах па дартсе, “Асілак” — узнімалі гіру.
Адным з лепшых было прызнана выступленне Станіслава Масальскага ў творчым конкурсе “Маё захапленне”. Добрых слоў ад журы ў конкурсе “Самадзелкін”заслужыла выстава вырабаў Віктара Путро, зробленых уласнымі рукамі.
Наогул, прадстаўнікі Кіраўшчыны выступілі дастойна, хоць, на жаль, да п’едсталу гонару ім крыху не хапіла набраных балаў, але занялі нашы хлопцы высокія месцы. Па выніках конкурсу яны, як і іншыя ўдзельнікі, атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.
І Віктар, і Станіслаў мелі істотную падрымку ў падрыхтоўцы і падчас выступленняў з боку “Рассвета”, Жыліцкага сельгаскаледжа, райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама культработнікаў раёна.
* * *
6 лістапада ў Шклове ў аналагічным рэгіянальным конкурсе “Маладая гаспадыня АПК” свае сілы паспрабуюць каля 25 дзяўчат і жанчын Магілёўшчыны. У іх ліку і намеснік галоўнага бухгалтара ААТ “Дабаснянскае” Ірына Пятроўская. Пажадаем ёй поспеху!
Падрыхтаваў Аляксандр ХАХЛОЎ.