Лукашэнка ставіць мэту па дасягненні стапрацэнтнай энергетычнай незалежнасці і бяспекі. 21.by

Лукашэнка ставіць мэту па дасягненні стапрацэнтнай энергетычнай незалежнасці і бяспекі

19.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць мэту па дасягненні стапрацэнтнай энергетычнай незалежнасці і бяспекі. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе па пытанні ўдасканалення сістэмы кіравання беларускай энергетыкай.

«Урадам павінен быць сфарміраваны прагноз паліўна-энергетычнага балансу краіны, а таксама вызначана мэта — стапрацэнтная энергетычная незалежнасць і бяспека», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што энергетычная сістэма Беларусі — гэта адзін з найбольш складаных, але выключна значны сектар нацыянальнай эканомікі. «Яе стабільнасць — гэта вельмі важны элемент бяспекі і незалежнасці дзяржавы», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, для вырашэння актуальных задач у галіну было ўкладзена нямала сродкаў: толькі за апошнія пяць гадоў прыцягнута звыш $1 млрд інвестыцый. За гэты перыяд Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі сярод кран СНД па ўдзельным расходзе паліва на вытворчасць аднаго кілавата электраэнергіі. Спажыванне імпартуемага паліва зменшылася на 3 млрд куб.м газу ў эквіваленце. «Гэта каля $600 млн у год скарачэння», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым уласная вытворчасць электраэнергіі павялічылася на 2,1 млрд кВт. «Дарэчы, у 2018 годзе мы ўпершыню поўнасцю адмовіліся ад імпарту электраэнергіі», — звярнуў увагу беларускі лідар.

«Як мне не раз дакладвалі, энергасістэма Беларусі не толькі з’яўляецца адной з самых надзейных і эфектыўных на постсавецкай прасторы, але і не ўступае шэрагу еўрапейскіх дзяржаў. Аднак, нягледзячы на дасягнутыя поспехі, да работы нашых энергетыкаў ёсць нямала прэтэнзій і заўваг, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Наспела неабходнасць вызначыць, што трэба зрабіць не толькі для ўстаранення існуючых недахопаў, але і для павышэння эфектыўнасці работы ўсёй энергасістэмы. На думку многіх экспертаў, для таго каб выбудаваць дакладны план дзеянняў, у галіне ёсць эканамічныя, тэхналагічня і арганізацыйныя рэзервы».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніякіх эксперыментаў у сувязі з гэтым праводзіцца не будзе. «У нас няма незразумелых пытанняў, каб эксперыментаваць і спрабаваць. Усё вельмі зразумела. Галоўная задача — не загубіць дасягненні, удасканальваць тое, што створана, пры гэтым не зацягваючы працэс. Таксама трэба ўлічваць сусветныя тэндэнцыі ў энергетыцы, выкарыстоўваючы як станоўчы, так і негатыўны вопыт, перш за ўсё нашых суседзяў», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мэтамі адпаведнай работы павінны стаць аптымізацыя дзейнасці энергасістэмы, ліквідацыя празмерных затрат, справядлівае і празрыстае фарміраванне тарыфаў на канкурэнтным узроўні. Неабходна таксама прадоўжыць прыцягненне ў галіну інвестыцый і найноўшых тэхналогій.

Прэзідэнт запатрабаваў ад дакладчыкаў у час нарады адказаць на шэраг пытанняў. Па-першае, якія недахопы ёсць у дзеючай структуры энергасістэмы Беларусі? Па-другое, што прапануецца ўрадам для ўдасканалення галіны, і якія тэрміны для гэтага неабходныя? А таксама ці існуюць рызыкі, і як плануецца іх мінімізаваць? «Трэцяе — самае галоўнае — які эфект дадуць прапанаваныя пераўтварэнні для энергасістэмы, айчыннай эканомікі і нашых грамадзян?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно пастаўленае пытанне датычылася таго, як адказныя чыноўнікі бачаць у перспектыве паліўна-энергетычны баланс краіны.

Лукашэнка даручыў выпрацаваць план па пашырэнні выкарыстання электраэнергіі ў Беларусі

«Урадам павінен быць распрацаваны дакладны і рэалістычны план пашырэння напрамкаў выкарыстання электраэнергіі ў прамысловасці, аграрнай сферы, транспарце, ІТ-сектары, ЖКГ, быце і іншых галінах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэта пытанне непарыўна звязана з далейшым развіццём беларускай энергетыкі. «Таму патрабую ад адказных асоб, не зацягваючы, пачаць яго вырашэнне. Магутнасцей для нарошчвання электраспажывання сёння ў нас хапае, а хутка будзе больш», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу ўрада на існуючы вельмі нізкі ўзровень спажывання электрычнай энергіі ў Беларусі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў аб маючым адбыцца ўвядзенні ў строй Беларускай АЭС, электраэнергія ад якой павінна быць запатрабавана. «Гэта галоўнае пытанне ва ўсім рэфармаванні або ўдасканаленні гэтага сектара», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада далажыць аб адпаведным плане. «Тым больш наперадзе эра чыстай энергетыкі. Вугаль, прыродны газ і нафта адыходзяць. Усе арыентуюцца, напрыклад, не на дызель і бензін, а на электрамабілі. Таму патрэбна не проста разуменне, а дакладны план дзеянняў, зыходзячы з балансу вытворчасці электраэнергіі і спажывання», — заявіў беларускі лідар.

«Гэта — галоўнае пытанне, — яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, — і ў першай палове будучага года заплануйце яго разгляд».

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер удзельнае спажыванне электраэнергіі ў Беларусі ў 2-3 разы ніжэйшае, чым у развітых краінах. «Ёсць куды імкнуцца, зразумела куды ісці, — сказаў ён. — І размова ідзе не аб эканоміі і беражлівым расходаванні рэсурсаў. Гэта сведчыць аб недастатковай энергаўзброенасці беларускай дзяржавы і вузкай сферы прымянення электраэнергіі. Перш за ўсё ў прамысловасці».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведныя пытанні ў далейшым будуць абмяркоўвацца і на нарадзе па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. «Таксама цішыня ва ўрадзе. Усе хочуць займацца стратэгіяй. Дык вось яна і ёсць стратэгія — пачынаючы ад Светлагорска, Добруша і заканчваючы Бабруйскам (размова аб рэалізацыі ў гэтых гарадах буйных інвестыцыйных праектаў. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Урад Беларусі вывучае варыянты субсідзіравання для пашырэння выкарыстання электраэнергіі

Урад Беларусі разглядае варыянты субсідзіравання для заахвочвання выкарыстання электраэнергіі на прадпрыемствах і ў быце. Аб гэтым журналістам па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы расказаў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, цяпер над прапановамі па больш шырокім выкарыстанні электраэнергіі ў Беларусі працуе міжведамасная група. Адна з такіх прапаноў заключаецца ў тым, каб па меры таго, як у юрыдычных асоб будуць зношвацца ўласныя генерыруючыя магутнасці, не аднаўляць іх, а за кошт прыросту агульных магутнасцей, у тым ліку ад уводу АЭС, прапаноўваць ільготную стаўку тарыфу.

Яшчэ адзін варыянт, які разглядаецца, датычыцца насельніцтва — у частцы падагрэву вады ў начны час. «Інакш кажучы адыходзіць ад падагрэву газам і пераходзіць на выкарыстанне электраэнергіі. У начны час прымяняць зніжаны тарыф. Сума даволі значная. Гэтыя варыянты цяпер падлічваюцца», — расказаў Ігар Ляшэнка.

«Не сакрэт, што на тэрыторыі Еўропы практычна паўсюль выкарыстоўваецца электраэнергія для абагрэву памяшканняў і падагрэву вады. Вось над гэтай канцэпцыяй мы працуем», — дадаў віцэ-прэм’ер.

У цэлым стаіць задача максімальна задзейнічаць у краіне ўласную электраэнергію, і гэта пытанне будзе вырашацца комплексна. Ёсць таксама варыянты па больш шырокім выкарыстанні ў быце электрапліт, на парадку дня і пашырэнне выкарыстання электратранспарту.

«План і разуменне ёсць. Міжведамасная рабочая група працуе над прапановамі. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы гэты план будзе разглядацца ў першым паўгоддзі наступнага года. Арыенціровачна ў канцы першага квартала», — расказаў віцэ-прэм’ер.

Акрамя таго, на нарадзе разглядаліся прапановы па ўдасканаленні структуры Мінэнерга і энергасістэмы краіны ў цэлым. Усе нюансы былі падрабязна абмеркаваны, пытанне даручана аператыўна дапрацаваць. «Ад Прэзідэнта паступілі заўвагі, якія трэба разгледзець на працягу месяца, і з гэтымі ўжо дапрацаванымі заўвагамі прадставіць удасканаленую праграму», — адзначыў Ігар Ляшэнка.

Чакаецца, што вынікам прапанаваных мер стане больш эфектыўная работа галіны за кошт пэўных структурных пераўтварэнняў і аптымізацыі. Аднак галоўнае, чаго патрабуе Прэзідэнт, — гэта дакладнае эканамічнае абгрунтаванне ўсіх магчымых змяненняў. Агульная мэта і задача — стварыць сістэму, якая б у максімальнай ступені адпавядала патрэбнасцям Беларусі.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць мэту па дасягненні стапрацэнтнай энергетычнай незалежнасці і бяспекі. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе па
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика