Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб пры бюджэтным планаванні на 2019 і наступныя гады закладваліся толькі неабходныя расходы, без марнатраўства. Аб гэтым ён заявіў, заслухоўваючы даклад аб канчатковых варыянтах праектаў Падатковага кодэкса і закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2019 год.
«Прычына нашай сённяшняй невялікай нарады ў тым, што пасля разгляду планаў нашай работы і праекта бюджэту на будучы год я даручыў, каб вы са сваімі спецыялістамі яшчэ раз звярнулі-ся да праекта бюджэту. І папрасіў, каб ніякіх люфтаў у праекце бюджэту не было. Ніякага марнатраўства дзяржаўных сродкаў у будучым годзе дапусціць мы не можам. І не толькі ў будучым. Мы павінны лічыць кожную капейку», — падкрэсліў беларускі лідар. «Я з практыкі ведаю, што ёсць жаданне ва ўрада, міністраў, яшчэ кагосьці, хто залежыць ад бюджэту, мець нейкія рэзервы на ўсялякі выпадак для нечага. Гэта катэгарычна недапушчальна», — адзначыў Прэзідэнт. Ён даручыў старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, каб пры выкананні бюджэту 2019 года на гэта пытанне была звернута асаблівая ўвага. «Ніякіх закупак аўтамабіляў, акрамя цэнтралізаваных. І ў нас свая аўтамабільная вытворчасць. Я прашу гэта мець на ўвазе. Ніякіх расходаў на розныя непатрэбныя паездкі, раз’езды і камандзіроўкі. Трэба з гэтым заканчваць, — запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. — Хопіць ездзіць па канферэнцыях. У нас практычна ў кожнай дзяржаве, дзе праходзяць гэтыя канферэнцыі, ёсць пасольствы. Арыентуйце іх, і няхай яны гэтым займаюцца».
Аляксандр Лукашэнка пад-крэсліў, што наведваць разнастайныя мерапрыемствы трэба толькі ў тым выпадку, калі гэта прынясе фінансавую выгаду дзяржаве або будзе садзейнічаць пазітыўнаму фарміраванню іміджу краіны. «Каб быў вынік. Вы разумееце, пра што размова. Гэта датычыцца ўсіх. Таму я і даручыў паглядзець яшчэ раз план бюджэту на 2019 год, каб не было ніякіх празмернасцей», — дадаў Прэзідэнт.
blr.belta.by.