Саюзная дзяржава: Шаркаўшчынскі раён наведала дэлегацыя Смаленскай вобласці
14.01.2019
—
Разное
|
Шаркаўшчынскі раён кожны год наладжвае сяброўскія стасункі з рэгіёнамі не толькі нашай краіны, але і з Прыбалтыкай, гарадамі Пскоўскай вобласці Расіі. У межах падпісаных дамоўленасцей ідзе культурны абмен паміж рэгіёнамі, ажыццяўляюцца паездкі прадстаўнікоў Шаркаўшчынскага раёна за мяжу, праводзяцца мерапрыемствы ў нашым рэгіёне з запрашэннем замежных гасцей з мэтай больш шырокага і плённага супрацоўніцтва ў сацыяльна-эканамічным накірунку. 11 студзеня Шаркаўшчынскі раён наведалі прадстаўнікі рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці” Расійскай Федэрацыі на чале са старшынёй аб’яднання Сяргеем Расціслававічам Крыўко. Гэта арганізацыя ўжо не першы год супрацоўнічае з рэгіёнамі Віцебскай вобласці і Рэспублікі Беларусь. Беларусы Смаленшчыны вельмі зацікаўлены ў пашырэнні ўзаемных сувязей паміж Расіяй і Беларуссю дзеля прыцягнення больш шырокага кола прадстаўнікоў грамадскасці ў справу міждзяржаўнага сацыякультурнага абмену. Тым больш, што госці са Смаленшчыны маюць ў гэтым накірунку значныя напрацоўкі і вопыт. Шаркаўшчынскі раён, дарэчы, мае багатую гісторыю, славіцца знакамітымі мясцінамі, землякамі, якія праслаўлялі ў мінулым і праслаўляюць цяпер прыдзісненскі край. Смаленскую дэлегацыю прадстаўнікі раённай улады — старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, намеснікі кіраўніка раёна Юрый Анатольевіч Васілеўскі і Ірэна Францаўна Бука, страшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Яўгеньеўна Якімовіч — сустракалі ў Германавіцкай сярэдняй школе. Гасцям са Смаленска шмат карыснай і цікавай інфармацыі пра гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Ельня” паведамілі настаўнікі і вучні ўстановы адукацыі ў тэатралізаванай форме. Затым прысутныя наведалі экалагічны клас, тэхналагічнымі сродкамі навучання ў якім расіяне былі ўражаны, тым больш, што гэта сельская школа. Пра старонкі баявых подзвігаў ураджэнцаў Германавіч і навакольных вёсак, пра баявы шлях 1406 зенітна-артылерыйскага палка ў гады Вялікай Айчыннай вайны гасцям расказалі ў школьным музеі баявой славы. Тут жа пасля змястоўнай экскурсіі адбылося падпісанне двухбаковага пагаднення паміж Шаркаўшчынскім раёнам і Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй Смаленскай вобласці аб далейшым супрацоўніцтве. Свае подпісы пад дакументам паставілі Дзмітрый Міхайлавіч Ламака і Сяргей Расціслававіч Крыўко. Далейшым пунктам наведвання стала Велікасельская дзіцячы сад-сярэдняя школа. Нам, шаркаўчанам, гэта ўстанова адукацыі добра вядома не толькі тым, што тут на высокім узроўні наладжаны вучэбна-выхаваўчы працэс, але і той акалічнасцю, што менавіта ў Велікасельскай ДС-СШ ужо не першы год працуе Арт-галерэя. Цяпер у школе дзейнічае выстава іканапісных работ мастачкі з Маладзечна Ядзвігі Сянько. Тут прадстаўлены праваслаўныя і каталіцкія іконы, карціны на біблейскія сюжэты. Пра некаторыя з іх расказалі самі вучні з дапамогай настаўнікаў. Прэзентацыя аказалася вельмі цікавай і змястоўнай. Сяргей Расціслававіч Крыўко і іншыя госці падкрэслілі важнасць духоўнага накірунку ў рабоце ўстановы адукацыі, бо ў цяперашні час школа з’яўляецца асяродкам культуры сяла, яго маральнай і духоўнай асновай. І вельмі добра, што педагогі і вучні невялікай вясковай школы імкнуцца адшукаць новыя варыянты і магчымасці для ўсебаковага развіцця прадстаўнікоў падрастаючага пакалення. У Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы прымяняюцца сучасныя метады, укараняюцца навейшыя тэхналогіі для выяўлення і своечасовага лячэння захворванняў пацыентаў. На новым абсталяванні працуюць маладыя спецыялісты, вопытныя і высокакваліфікаваныя медыцынскія работнікі. Дзякуючы гэтаму ў рэгіёне зніжаецца смяротнасць, растуць нараджальнасць і працягласць жыцця. Пра гэта і іншае расіяне даведаліся падчас наведвання ўстановы аховы здароўя ад галоўнага ўрача Станіслава Тадэвушавіча Стомы. Госці таксама азнаёміліся з работай медперсаналу, рачулі расказ пра паслугі, якія аказваюцца насельніцтву, атрымалі адказы на некаторыя пытанні. Галоўным прадпрыемствам, якое рэалізуе сваю прадукцыю на экспарт, у нашым раёне з’яўляецца ВГУП “Камплект-М”. Пра дзень сённяшні арганізацыі, перспектывы і планы развіцця смалянам расказаў дырэктар прадпрыемства Іван Люцыянавіч Барыла. Прадстаўнікі дэлегацыі змаглі азнаёміцца з рабочым працэсам, прайшлі па вытворчых памяшканнях, убачылі прадукцыю дрэваапрацоўкі, якую вырабляюць на прадпрыемстве. Пасля заканчэння праграмы візіту дэлегацыі Смаленскай вобласці, мы пагутарылі з кіраўніком аб’яднання Сяргеем Расціслававічам Крыўко. — Сяргей Расціслававіч, ваша прозвішча, наколькі нам вядома, мае шаркаўшчынскія карані. Гэта так? — Сапраўды, мой тата Расціслаў Васільевіч нарадзіўся і вырас у вёсцы Крыўкі, што непадалёк ад Лужкоў. А вось маці Ганна Пятроўна — з Браншчыны. Пазнаёміліся яны ў Кустанайскай вобласці Казахскай ССР, куды моладзь краін былога Савецкага Саюза адпраўлялася туды ўзнімаць цалінныя землі. Там нарадзіўся я і мая малодшая сястра Марына. — Як атрымалася, што з далёкіх казахстанскіх стэпаў ваша сям’я трапіла ў Беларусь? — Тата заўсёды марыў, што некалі абавязкова вернецца ў родныя мясціны. Цяга да малой радзімы, запавет яго бацькі (майго дзеда) аб вяртанні ў Беларусь у вялікай ступені і паспрыялі таму, што мы апынуліся ў Шаркаўшчынскім раёне. — А як далей склаўся ваш жыццёвы шлях? — З другога класа пачаў вучыцца ў Лужкаўскай СШ. Педагогам школы вельмі ўдзячны — яны мне прывілі любоў да беларускай мовы, якую я і цяпер лічу сваёй роднай, з лёгкасцю магу на ёй чытаць і размаўляць. Затым была вучоба ў ВНУ Смаленска, дзе я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, стварыў сям’ю, застаўся жыць і працаваць у гэтым расійскім горадзе. Але для сябе асабіста лічу, што ён і беларускі таксама, бо шмат агульнага ў гісторыі, культуры і побыце смалян і беларусаў, у прыватнасці, жыхароў Віцебшчыны. — Ці часта бываеце на сваёй малой радзіме, Сяргей Расціслававіч? — Калі былі жывыя бацькі, прыязджаў даволі часта, але і цяпер стараюся бываць у родных мясцінах не радзей як раз у два месяцы. Тут жыве сям’я маёй сястры Марыны. Ведаеце, тут такія маляўнічыя мясціны, што проста адпачываеш сэрцам і душой, а думкамі вяртаешся ў тое бесклапотнае дзяцінства, дзе разам з іншымі дзецьмі бегаў басанож па серабрыстай расе. Гэта нельга перадаць словамі, цягу да сваёй малой радзімы трэба адчуць на ўзроўні падсвядомасці. — Раскажыце крыху пра дзейнасць вашага аб’яднання і яго прадстаўнікоў, якія сёння наведалі наш раён. — У больш чым сямідзесяці рэгіёнах Расійскай Федэрацыі створаны нацыянальна-культурныя аўтаноміі: беларускія, украінскія, малдаўскія і іншыя. У Смаленску на базе грамадскага аб’яднання “Землякі” у свой час пачала дзейнасць і наша арганізацыя, старшынёй якой я і з’яўляюся ў дадзены момант. Асноўнымі задачамі арганізацыі з’яўляюцца прапаганда і развіццё міжкультурных зносін паміж рэгіёнамі нашых дзяржаў ва ўсіх сферах жыцця, узаемаўзбагачэнне і абмен культурнымі здабыткамі, дасягненнямі і поспехамі ў медыцыне, адукацыі і г. д. Сёння разам са мной Шаркаўшчынскі раён наведалі галоўны рэдактар часопіса “Смаленск” Уладзімір Коранеў, прадстаўнікі СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў вобласці Аляксандр Асадчы і Аляксей Семчаў, прадстаўнік устаноў аховы здароўя Канстанцін Марозаў, кіраўнік аб’яднання “Землякі” Станіслаў Кашырын і старшыня абласнога савета ветэранаў Міхаіл Кастылёў. Цвёрда ўпэўнены, што падпісанае сёння двухбаковае пагадненне дасць імпульс для развіцця нашых адносін на будучае. — Што асабіста вы пажадаеце сваім землякам-шаркаўчанам? — У першую чаргу, жадаю здароўя, веры ў лепшае будучае, каб кожны грамадзянін вашай краіны быў сапраўдным патрыётам Беларусі і дбаў пра дабрабыт сваёй рэспублікі, свайго маленькага куточка, дзе нарадзіўся і жыве. — Вялікі дзякуй вам, Сяргей Расціслававіч! Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|