Cустрэча старшакласнікаў Хатыніцкай сярэдняй школы са старшынёй сельскага выканаўчага камітэта і дэпутатам Генадзем Перашчуком і воінам-інтэрнацыяналістам Мікалаем Амрэйчыкам адбылася ў рамках рэалізацыі праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.
Мерапрыемства, якое прайшло ва ўтульнай зале бібліятэкі, было прымеркавана тэме “Ганаровае званне – салдат Беларусі”.
Напачатку сустрэчы ўвага вучняў адразу была скіравана на выставу мастацкай і публіцыстычнай літаратуры “Ёсць такая прафесія – абараняць Радзіму”.
Генадзь Аляксандравіч у сваім выступленні падкрэсліў, што найвялікшая каштоўнасць нашай незалежнай дзяржавы – гэта мір і стабільнасць. Дасягаецца яна, бясспрэчна, дзякуючы сучасным Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь. А таксама адзначыў, што кожны малады чалавек павінен успрымаць службу ў арміі не толькі як абавязак, але як і ганаровае права. Трэба адзначыць, што выступленне ператварылася ў змястоўны і канструктыўны дыялог.Старшакласнікаў цікавілі пытанні, звязаныя з умовамі тэрміновай ваеннай службы ў савецкія часы і сёння.
Мікалай Мікалаевіч – воін-інтэрнацыяналіст падзяліўся сваімі ўспамінамі пра службу, якая вымагала цяжкіх выпрабаванняў і самаадданасці. Гутарка выклікала непадробныя эмоцыі ў вучняў. Яны яшчэ раз усвядомілі важнасць такіх паняццяў, як воінскі абавязак, мужнасць, і, канечне, адчулі пачуццё гонару і павагі да людзей, якія прайшлі вайну.
Увазе старшакласнікаў быў прапанаваны прагляд відэароліка, які даў магчымасць пазнаёміцца з навучальнымі ўстановамі Беларусі, дзе можна атрымаць ваенную адукацыю. А напрыканцы мерапрыемства лепшым вучням школы госці ўручылі каштоўны падарунак – кнігу “Я – грамадзянін РБ”.
Мы ўпэўнены, што кожны з прысутных адчуў сябе часткай моцнай дзяржавы і зразумеў: ад кожнага з нас залежыць будучае нашай краіны, яе далейшае развіццё і росквіт.
Зарына Амрэйчык,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Жанна Ярашэвіч,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Хатыніцкая сярэдняя школа”