12 красавіка адбылося адкрыццё выставы "Брэст – горад Бібліі"
13.04.2019 10:54
—
Разное
|
12 красавіка 2019 года ў будынку Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея адбылося адкрыццё выставы “Брэст – горад Бібліі”, прымеркаванай да тысячагоддзя Брэста. Экспазіцыя падрыхтавана сумеснымі намаганнямі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ад моманту свайго заснавання Брэст быў горадам на скрыжаванні культур і канфессій. Стагоддзямі тут мірна жылі праваслаўныя і каталікі, пратэстанты і юдэі – людзі, для якіх Біблія з’яўляецца галоўнай кнігай, “інструкцыяй па жыцці”. Таму выстава “Брэст – горад Бібліі” паказвае не толькі фармальную сувязь нашага горада з Кнігай кніг, але і аб’яднаўчую, кансалідацыйную ролю Бібліі ў гісторыі нашага горада. У экспазіцыі прадстаўлены фрагмент арыгінала Берасцейскай Бібліі, выдадзенай Мікалаем Радзівілам Чорным у 1563 годзе, Габрэйская Біблія, рэдкія біблійныя выданні XX стагоддзя, ў тым ліку пераклад на сучасную беларускую мову Новага запавета Лукаша Дзекуць-Малея, які ён рабіў разам са сваёй жонкай Серафімай і вядомым дзеячам беларускага нацыянальнага руху Антонам Луцкевічам – з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага і Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, а таксама рукапісныя біблійныя тэксты і хрысціянскія музычныя зборнікі пасляваеннага перыяду з шасці прыватных калекцый. Адкрыццё выставы стала сапраўдным святам, у якім прынялі ўдзел госці з Мінска: музычнае трыа – Алёна Сітнік, Каміла Бачышча, Сяржук Паўлаў, адчынілі выставу творам XVI стагоддзя “Бергамская” з Полацкага сшытка, аматарскі тэатр пад кіраўніцтвам Наталлі Бачышчы прадставіў фрагменты двух тэатральных пастаноў “Біблія князя Радзівіла” ды “Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч”. Брэсцкі музычны гурт “Збавенне” выканаў песню “Спадчына Дзекуць-Малея”, прысвечаную да 130 годдзя з дня нараджэння вядомага грамадскага дзеяча, святара і перакладчыка тэкстаў Новага запавету на сучасную Беларускую мову. Прывітаў усіх прысутных дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Уладзіміравіч Міцюкоў. А дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Алена Стрыжэвіч пазнаёміла з новым праектам “Гістарычныя сімвалы Брэста” і запрасіла ўсіх на лекцыю Аляксандра Мікалаевіча Свірыда “Брэсцкая Унія”, якая адбудзецца 18 красавіка ў будынку Брэсцкай абласной бібліятэкі. Загадчык аддзела гісторыі Новага часу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрусь Унучак распавёў аб тым, што выстава была арганізавана за вельмі кароткі тэрмін – адзін месяц, экспанаты збіралі сумеснымі намаганнямі пры актыўнай дапамоге прыватных калекцыянераў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
12 красавіка 2019 года ў будынку Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея адбылося адкрыццё выставы “Брэст – горад Бібліі”, прымеркаванай да тысячагоддзя Брэста. ... |
|