Рэспубліканскі суботнік, прымеркаваны да Году малой радзімы і падрыхтоўкі да святкавання 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў 20 красавіка ў Беларусі. Актыўны ўдзел у добраахвотнай працы прынялі і ўшачане.
З самай раніцы ажыўлена было ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. Дружна, на чале са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Генадзьевічам Аўдошкам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталляй Мікалаеўнай Марковіч, выйшлі на суботнік калектывы райвыканкама, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ТЦСАН і іншыя. Кустоўе тут загадзя высеклі работнікі лясгаса, газавай службы і раёна электрасетак – пачалася яго масавая ўборка. Апрануўшы спецыяльныя вадалазныя касцюмы, ачысткай вадаёмаў, водаадводных каналаў ад смецця і чароту займаліся выратавальнікі. Тэрыторыю ж вакол прыбіралі работнікі аддзела па адукацыі. Адказная місія легла на плечы прадстаўнікоў сектара спорту і турызму – трэба было завяршыць укладку пліткі і добраўпарадкаванне каля новай футбольнай пляцоўкі.
– Сёння плануем многае зрабіць, – удакладняе паміж справамі У.Г.Аўдошка. – Да адкрыцця аб’екта, якое запланавана на 4 мая, застаецца зусім мала часу.
Значна папрыгажэў у гэты дзень цэнтр Ушач, дзе работнікамі рэдакцыі, фінансавага аддзела і УП ЖКГ былі пафарбаваны агароджа і дарожныя знакі. Відазмяніліся і некаторыя аб’екты мемарыяльнага комплексу “Прарыў” – пра новае аблічча флагштокаў і баявой тэхнікі дбаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Напярэдадні веснавых рэлігійных святаў пашчыраваў працоўны дэсант і на грамадзянскіх могілках раёна. Так, у Завячэллі ліквідаваны несанкцыянаваны сметнік, у Ваўчо – кустоўе, у Арэхаўне – трухлявыя і аварыйныя дрэвы.
Традыцыйна многа задач стаяла перад камунальнікамі, якія наводзілі парадак у месцах агульнага карыстання. Афарбоўвалі водазаборныя калонкі па гарпасёлку работнікі ўчастка “Ушачы” філіяла “Наваполацкводаканал”. Пра годны стан уязных стэл, навядзенне парадку ўздоўж галоўных аўтадарог, уборку камянёў на іх клапаціліся ўшацкія дарожнікі, медыкі. Многія калектывы займаліся добраўпарадкаваннем вытворчых тэрыторый, працавалі на сваіх рабочых месцах.
– Прыемна было далучыцца да кагорты неабыякавых людзей і папрацаваць на карысць роднай Ушаччыны і краіны ў цэлым, – падзялілася думкамі Н.М.Марковіч. – Тым больш у такі дзень, калі даецца адлік 75 дням да 3 ліпеня, калі Беларусь адзначыць 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Нагадваем, месячнік навядзення парадку на зямлі працягваецца. Кожны можа далучыцца да яго і зрабіць нашу Ушаччыну яшчэ больш чыстай і прыгожай!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Заробленыя падчас рэспубліканскага суботніка сродкі прадпрыемствам і арганізацыям раёна неабходна пералічваць на спецыяльны рахунак райвыканкама №BY69BAPB36419030000220000000, УНП 300007392, у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 237 у г.п.Ушачы Рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”, адрас банка: 211524, г.п.Ушачы, вул Савецкая, д.24, БІК BAPBBY2X. Яны пойдуць на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да летняга сезона.
Рэспубліканскі суботнік, прымеркаваны да Году малой радзімы і падрыхтоўкі да святкавання 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў 20...