Пра свой удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС расказвае Сяргей Талапіла. 21.by

Пра свой удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС расказвае Сяргей Талапіла

29.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

967

26 красавіка, споўнілася 33-я гадавіна з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС — найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы 20-га стагоддзя. Спатрэбілася вялікая колькасць рабочай сілы, тэхнікі для ліквідацыі небяспечных наступстваў. Усяго колькасць ліквідатараў аварыі дасягнула амаль мільёна чалавек. Да ліку самых першых ліквідатараў адносіліся непасрэдна работнікі станцыі. Менавіта яны займаліся тэрміновым адключэннем абсталявання, разбіралі завалы і тушылі пажар. Праз некаторы час пачалі прыязджаць людзі з усяго СССР. Гэта былі звычайныя рабочыя, ваеннаслужачыя, супрацоўнікі МУС, вучоныя. Маладыя ліквідатары нават не разумелі, што ідуць, калі не на сапраўдную смерць, то на набыццё інваліднасці і трагічныя наступствы.

Сярод ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС быў і наш зямляк Сяргей Талапіла. Сёння на старонках газеты мы публікуем яго ўспаміны.

* * *

“Чалавечая памяць так пабудавана, што з часам многае забываецца — людзі, падзеі і г.д. Але некаторыя абставіны пастаянна нагадваюць пра сябе.

Надышоў красавік… Вось ужо 32 гады мне часта сніцца на світанку адзін і той жа сон: мы з групай маладых хлопцаў, апранутых у вайсковую форму хімабароны, садзімся ў кузаў КАМАЗа і спешна едзем. Машына спыняецца, мы выходзім па аднаму, строімся ў шарэнгу каля адміністрацыйнага будынка, на якім напісана “Чарнобыльская АЭС імя У. І. Леніна працуе на камунізм!”. Побач узвышаецца вялізных памераў саркафаг чацвёртага энергаблока атамнай станцыі. Вакол завіхаюцца людзі ў рэспіратарах і з дазіметрамі. У сне я крычу: “Куды вы мяне прывезлі? Я ўжо быў тут! Вы ж абяцалі, што больш ніякіх збораў не будзе, толькі ў выпадку вайны!”. Пажылы палкоўнік спакойным голасам адказвае мне: “А ты, сынок, і лічы, што гэта вайна. Толькі пастарайся вярнуцца з яе жывым…”.

Я прачынаюся ў халодным поце, нейкі час прыходжу да свядомасці, разумеючы, што гэта быў толькі сон.

Такой жа сонечнай і пагоднай вясной 1987 года я працаваў на заводзе “Вымяральнік” у г. Наваполацк. Мне прыйшла павестка з ваенкамата, у якой паведамілі, што выклікаюць на зборы прымаць удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Так я 9 мая 1987 года трапіў з групай рэзервістаў у размяшчэнне вайсковой часці палка грамадзянскай абароны. Сам лагер знаходзіўся на полі непадалёк ад г. Брагін. Ужо на наступныя суткі разам з іншымі працаваў непасрэдна на самой станцыі. Спачатку мы займаліся дэзактывацыяй тэхнічных лесвіц машыннай залы АЭС. Тэрыторыя вакол была засыпана тоўстым слоем шчэбеню, але на станцыі дзейнічаў першы энергаблок, працавалі там і людзі. Мы ж потым збіралі раскіданае пасля выбуху радыёактыўнае смецце. А да эпіцэнтра самога выбуху было зусім блізка — каля 100 метраў. Працавалі не больш чым па 30-40 хвілін. Затым — санпрапускнік, душавы пакой, праверка дазіметрам, вопратка, якую здымалі, знішчалася. Апрануўшы новае адзенне, пераходзілі ў чыстую, бяспечную зону. Тут абавязкова трэба было выпіць па дзве бутэлькі мінеральнай вады “Баржомі” кожнаму. Затым зноў садзіліся ў грузавыя аўтамашыны, на лабавым шкле якіх была шыльда з надпісам “Чарнобыль”. Людзі, якія сустракалі на сваім шляху такія грузавікі, збочвалі з дарогі, нібы параўноўваючы іх з катафалкамі. На станцыю мы ездзілі адзін раз у тры дні — такі існаваў загад. Так мінуў май месяц. У пачатку чэрвеня нас змянілі іншыя людзі. Мы ж разам з тэхнікай пераехалі ў вёску Свяцілавічы Веткаўскага раёна для дэзактывацыі мясцовасці, дзе асела радыёактыўнае воблака. Неўзабаве выйшаў загад накіроўваць на такія работы мужчын, узростам не маладзей за 30 год, якія маюць у сям’і не менш двух дзяцей. А мне ж на той час быў толькі 21 год. Лічу, што свой доўг перад Радзімай я аддаў спаўна.

Даслаць гэтыя ўспаміны ў рэдакцыю я мог даўно, але не хацеў трывожыць імі свой боль, бо тэма вельмі трагічная. У Шаркаўшчыне я часта сустракаю свайго даўняга сябра Віктара Гуляшку, з якім разам знаходзіліся ў “пекле” Чарнобыльскай АЭС. Ён мне і параіў напісаць пра той час, пра тыя падзеі, праз якія мы прайшлі. Нягледзячы на шматлікія хваробы і ўзрост, жыццё працягваецца.

“Мірны атам”, як называлі ў савецкі час атамную энергетыку СССР, з’яўляецца толькі тады бяспечным для чалавека, калі яго выкарыстоўваць з асцярожнасцю, правільна. Гэта патрэбна, каб не паўтараліся такія тэхнагенныя катастрофы, якія адбыліся ў Чарнобылі і японскім горадзе Фукусіма”.

Сяргей Талапіла цяпер жыве з сям’ёй у аграгарадку Радзюкі, працуе галоўным энергетыкам КУВСП імя Маркава. Часта прыязджае да сваёй маці Зоі Іванаўны ў вёску Жукоўшчына. Даўно ведаючы гэтых паважаных людзей, я толькі зусім нядаўна, менавіта ў Жукоўшчыне і даведаўся, што Сяргей Іванавіч — ліквідатар аварыі на ЧАЭС. Як вядома, мужчыны, якія прайшлі вайну, пабывалі ў “гарачых кропках”, не любяць афішыраваць гэтага. Тым не менш, нам абавязкова трэба ведаць іх і заўсёды памятаць пра тыя справы, якія яны здзейснілі ў імя нашага жыцця.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика