Два тыдні таму піянерская дружына імя А.М. Сцяпанава ДУА “Драчкаўскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” папоўнілася 18 піянерамі, якія на першым сваім піянерскім сходзе, што адбыўся адразу пасля экскурсіі ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”, прынялі рашэнне даць атраду імя Героя Савецкага Саюза Марата Казея.
І вось напрыканцы мая яны разам са сваёй настаўніцай Лобоўю Кучынскай наведалі радзіму Марата Іванавіча Казея, яго магілу, якая знаходзіцца ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна, школьны музей, партызанскі лагер, цэнтр экалагічнага турызму.
Цяжка перадаць словамі ўражанні, якія адчувалі дзеці падчас экскурсіі. Хто ён такі — Марат Казей? Які подзвіг ён здзейсніў, што яму была прысвоена найвышэйшая ўзнагарода? Адказы на гэтыя пытанні хацелі атрымаць піянеры.
Піянеру-герою Марату Казею было няпоўных 12 гадоў, калі пачалася вайна. Ён і яго старэйшая сястра Арыядна трапілі ў партызанскі атрад пасля смерці маці (яе фашысты павесілі за сувязь з партызанамі). Марат быў разведчыкам, і з дапамогай здабытых ім дадзеных пра размяшчэнне гітлераўцаў было знішчана шмат фашыстаў. Дзякуючы Марату Казею быў выратаваны партызанскі атрад, які быў узяты фашыстамі ў кальцо. Пракраўшыся праз акружэнне, Марат дабраўся да суседняга партызанскага атрада і правёў іх на дапамогу сваім таварышам.
Марат Казей помсціў ворагам за загубленае жыццё сваіх родных, за сваю Радзіму, за тыя здзекі, што вытваралі фашысты над народам.
Юнага піянера Радзіма ўзнагародзіла ордэнам Айчыннай вайны 1 ст., медалём “За адвагу”, медалём «За баявыя заслугі», зоркай Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).
Марат Казей загінуў 11 мая 1944 года ў вёсцы Харомецкае Уздзенскага раёна, якая была акружана фашыстамі. Прыняўшы бой на сябе, ён адстрэльваўся да апошняга патрона, а калі ў яго засталіся толькі дзве гранаты, ён кінуў адну з іх у фашыстаў, а потым, падпусціўшы ворага бліжэй да сябе, узарваў другую.
Гітлераўцам не ўдалося ўзяць Марата жывым, ён загінуў. Загінуў, як герой.
Подзвіг Марата Казея будзе жыць у людской памяці, ён будзе жыць у сэрцах піянераў атрада, які носіць яго імя.
Уважліва, задумленна слухалі юныя піянеры экскурсавода, з цікавасцю разглядалі экспанаты музея. Кожны прысутны разумеў, якой цаной заваёваны мір, шчасце жыць, працаваць і вучыцца ў свабоднай, квітнеючай Беларусі.
Хочацца думаць, што і цяперашнія юнакі і дзяўчаты — такія ж патрыёты, і сваімі справамі і працай будуць множыць багацце сваёй Радзімы.
Стаіць піянерскі атрад у маўчанні каля магілы Героя, толькі чутны шум дрэў і стук уласнага сэрца. Марат Казей загінуў, але ён жывы, яго подзвіг увекавечаны ў помніках, вуліцах і плошчах, школах і піянерскіх атрадах.
Беларусь памятае. Мы памятаем.
Экскурсія працягваецца, аўтобус вязе экскурсантаў у партызанскі лагер, які быў размешчаны на лясной палянцы. Тут, у ваенна-гістарычным комплексе, піянеры атрымалі магчымасць апынуцца ў мінулым. Дзеці заходзілі ў кожную палатку, разглядалі экспанаты і разумелі, што такое вайна, як цяжка даводзілася партызанам.
Тут, у партызанскім лагеры, ёсць жывы сведка тых жахаў вайны. Гэта 500-гадовы дуб, да яго ідуць экскурсанты, каб загадаць жаданне, якое абавязкова спраўдзіцца. Вядома, што ў кожнага было сваё жаданне, але агульнае ва ўсіх — каб ніколі не было вайны на нашай зямлі.
На палянцы лагера ў “Зялёнай школе” адбыўся другі сход піянерскага атрада імя Марата Казея. Усхваляваныя экскурсіяй, вучні плануюць свае справы — такія, каб атрад быў годны насіць імя піянера-героя.
Мы пакідаем партызанскі лагер, экскурсія працягваецца: з мінулага вяртаемся ў цяперашні час. У аўтобусе старшыня піянерскага атрада скамандавала: “А ну-ка, давайце нашу песню!” І загучала песня ў дваццаць дзіцячых галасоў.
Потым піянеры адправіліся ў цэнтр экалагічнага турызма Станькава. Якіх цудаў тут толькі не ўбачылі: і паўліны, і куры лахматыя, і другія дзіўныя птушкі, а таксама бачылі тут аленяў, мядзведзя, тыгра, лісу, ваўкоў. Радасці дзяцей не было межаў, а яшчэ можна было пакатацца на конях — вось гэта і ёсць шчасце.
Змейкай уецца дарога, школьны аўтобус вязе піянераў у родную Драчкаўскую школу. Наперадзе цудоўная пара — канікулы. Многія з піянераў будуць адпачываць у школьным лагеры эколага-біялагічнага накірунку, дапамагаць Драчкаўскаму лясніцтву ў праполцы саджанцаў, якія потым будуць высаджаны на знішчаных ураганам пляцоўках, працаваць на школьных даследчых пляцоўках, якія дзейнічаюць па прынцыпах “Зялёнай эканомікі”.
Цудоўна мы правялі гэты дзень. Каля школы дзяцей сустракалі бацькі, якія шчыра дзякавалі настаўніцы Любові Кучынскай і вадзіцелю школьнага аўтобуса Уладзіміру Марціновічу за падараную радасць, за магчымасць яшчэ больш пазнаёміцца з Радзімай, з яе гісторыяй, з яе прыродай.
Вольга ДАМАРОНАК, настаўнік.
На фотаздымку: падчас экскурсіі.
Фото з архіва ўстановы адукацыі.