Потомок литвинов из Докшицкого района. 21.by

Потомок литвинов из Докшицкого района

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Новости Докшицы

Потомок литвинов из Докшицкого района
Прафесія журналіста найбольш каштоўная, пэўна, знаёмствамі з людзьмі. Пасля сустрэчы з яшчэ адным цікавым чалавекам адчуваеш вялікую душэўную радасць, жаданне расказаць пра яго навакольным, каб ведалі, якая багатая наша зямля. 

Адна такая сустрэча адбылася нядаўна ў вёсцы Дзядкі, некалі шумнай і шматлюднай, дзе ў свой час было ў планах нават будаваць васьмігодку, а зараз ціхай, і можна сказаць, адыходзячай у гісторыю. І вось сярод вуліц, некаторыя з якіх складаюцца амаль поўнасцю з пустых дамоў, воку адкрываецца абжытая сядзіба. Хата старая, за ёй — амаль поўнасцю разбураныя хлеўчыкі, у адным з якіх, падняўшы рэшткі дранкі даху, нават паспела вырасці вялікае дрэва. І, як у процівагу гэтай сумнай карціне разбурэння, на палянцы, размаляваная ўсімі колерамі вясёлкі, красуецца невялічкая спрытная будыніна. Адразу становіцца лягчэй на сэрцы, а прафесійная цікаўнасць прымушае спыніцца і пайсці на пошукі яе гаспадара. А вось і ён: высокі, статны мужчына ў кашулі з беларускім арнаментам. Заўвагу наконт “сапраўднага беларуса” папраўляе: “Ліцвіны мы, калі дакладна”. І, яшчэ не прысеўшы на лаўку, таксама новенькую, зробленую з суцэльнага кавалка дрэва, нават з няроўнымі краямі, што надае ёй прыродную арыгінальнасць, пачынаем гістарычную спрэчку пра ліцвінаў і беларусаў. Хутка здаюся ў палон, аддаўшы належную павагу веданню суразмоўцам гістарычных дакументаў, а калі шчыра, то больш ад вялікага здзіўлення, што ў Дзядках сустрэла чалавека, якога сёння хвалююць падобныя гістарычныя тонкасці. Калі пачула, што пры гэтым ён па прафесіі не навуковец і нават не настаўнік-гісторык, а інжынер тэлекамунікацый, ад нечаканасці ўжо прысела на лаўку, і гутарка прадоўжылася.

Потомок литвинов из Докшицкого района

У Дзядках карані Аляксандра Сварцэвіча па лініі маці, а малая радзіма бацькі – вёска Чачукі. Хату, пад якой мы сядзім, будаваў яшчэ дзед. Цікавы быў чалавек. Пісьменны, што ўжо гаворыць пра многае, служыў у польскай арміі, ваяваў. Ваяваў і другі дзед, але ўжо на баку бальшавікоў. Неяк у бяседзе пачалі яны ўспамінаць, хто, дзе і калі сядзеў у акопах, і высветлілі, што ваявалі ледзь не адзін супраць другога! У дзедавай хаце нарадзіўся і сам Аляксандр. А потым бацькі выехалі ў Глыбокае. Але кожныя канікулы маленькі Саша з радасцю вяртаўся ў вёску, да вясковых сябрукоў, росных раніц і загадкава-таямнічых вечароў з пахам бэзу і сырадою. Ён паспеў яшчэ ўхапіць патрыярхальны вясковы ўклад жыцця з жоўтым пясочкам на вуліцах замест асфальту, стаптаным басаногімі дзецьмі, сенакосам, на які спяшаўся і стары, і малы, кабетамі ў абавязковых бялюткіх хусцінках (сведчанне акуратнасці гаспадыні), што рупіліся ў абед на пашу, каб падаіць кароў. Свая рамантыка была і зімою. І ўсю яе Аляксандр Альфрэдавіч зберагаў у сэрцы да таго часу, пакуль марыў: будзе жыць у вёсцы. У гэтым ён быў упэўнены. І вучыцца пасля заканчэння школы хацеў пайсці ў Горацкую акадэмію. Бацькі не далі згоду, а ён, як паслухмяны сын, пагадзіўся з імі. Спроба стаць гісторыкам і паступленне ў БДУ таксама не закончылася прафесіяй. Зараз у яго дыплом прэстыжнага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і раз’язны характар работы па ўсёй краіне. Пасля камандзіровак спачатку вяртаецца ў кватэру, што ў Глыбокім, а потым – у вёску, куды пераехаць некалі разам з ім абяцала жонка. Даць абяцанне лягчэй, чым прымусіць сябе жыць на вуліцы ў адну хату і з выгод мець толькі яднанне з прыродай.

Потомок литвинов из Докшицкого района

Гэтага багацця ў Аляксандра аж занадта. Адразу нам падалося, што яго сядзіба знаходзіцца на ўскрайку лесу, а аказалася, што гэты “лес” ён сам і стварыў гадоў 30 таму. На пустэчы малады чалавек пасадзіў каля 50 саджанцаў ліпы, бярозы, ясеня, дуба, блакітнай елкі, туі, а таксама слівы, грушы, яблыні. Паміж імі – невялічкая сажалка. Яна спякотным летам, канечне, высыхае, а зараз – пейзаж, дастойны пэндзля мастака. Бярозкі, канечне, папсавалі (як назваць гэтых людзей, нават і не ведаю), калі рыхтаваліся да Тройцы. Блакітная елка засталася адна, астатнія завяршылі сваё жыццё на сметніках дзядкоўцаў, пасля таго, як адсвяткавалі Новы год. Толькі Аляксандр надта не нудзіцца. Людзей тых шкадуе, а сам зноў садзіць дрэўцы, ружы і лілеі, рэдкія кусты і клубніцы, кізіл і актынідыю, якую называе беларускі ківі. Яго бліжэйшыя суседзі – вавёркі, зайцы, а совы проста на руку садзяцца (так кажуць у вёсцы, а мы не правяралі, бо надта хочацца ў гэта верыць). Работы на сядзібе шмат, але Аляксандр не спяшаецца, у плечы яго ж ніхто не гоніць. Робіць тое, да чаго ляжыць душа, а яе настрой, як вядома, рэч непастаянная. Усё пакрысе набывае жылы выгляд. Хутка з’явіцца студня, магчыма, электрычнасць (яе адключылі, калі быў у камандзіроўцы і не змог заплаціць своечасова запазычанасць у 100 кілават), гараж і, канечне, розныя прыгажосці, бо Аляксандр Альфрэдавіч умее сталярнічаць, займаецца ганчарствам і разьбой па дрэве. А калі трэба, то можа цудоўна размаляваць, напрыклад, пад’езд, што і зрабіў у доме, дзе мае кватэру. Дарэчы, двор шматпавярховіка патанае ў кветках, гэта таксама Сварцэвіч некалі “адводзіў” душу. Не менш іх і ў кватэры. Але сядзіба – гэта як раз тая прастора, якая патрэбна творчай асобе такога маштабу, як Аляксандр.
І апошні мазок. Калі ўжо большае было перагаворана, раптам зноў узгадалі пра Беларусь, пра юбілей Станіслава Манюшкі, і мой суразмоўца, гледзячы ў толькі аднаму яму вядомую даль, працытаваў:
Балюча агнём усё смыліць,
Калі беларусаў на часткі
Пры мне пачынаюць дзяліць.
Дзяліць на палякаў і рускіх,
Забыўшыся, мабыць, пра тое,
Што мы беларусы з калыскі,
Свае ў нас багі і героі.
Гарлінку з арлом павянчалі
І рады такому хаўрусу.
Братам сваё шчасце раздалі,
А з чым засталісь, беларусы!
Вершы, як вы здагадаліся, таксама яго.
Рэакцыя таго, хто прачытае гэты артыкул, будзе, канечне, розная. “Дзівак”,– скажуць адны. “Які чалавек!” – з захапленнем усклікнуць іншыя. Але калі хоць адзін з чытачоў захоча займець толькі нешта адно з таго, што ёсць сёння на рахунку Аляксандра, то значыць, нездарма жыве ён, а “раёнка” піша пра такіх людзей. Няма нічога вечнага. Гінуць гарады, знікаюць цывілізацыі, не будзе і нас, але пакуль мы ёсць, мы ў стане хаця б на імгненне ў глабальным вымярэнні тысячагоддзяў падоўжыць жыццё таму месцу, дзе з’явіліся на свет.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прафесія журналіста найбольш каштоўная, пэўна, знаёмствамі з людзьмі. Пасля сустрэчы з яшчэ адным цікавым чалавекам адчуваеш вялікую душэўную радасць, жаданне
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2004-2020 21.by
Яндекс.Метрика