На гераічнай обальскай зямлі прайшлі ўрачыстасці 3 ліпеня
05.07.2019
—
Разное
|
На гераічнай обальскай зямлі
У Обалі святочныя мерапрыемствы прайшлі на пляцоўцы каля Обальскай СШ, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай.
У нашым раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці жыхар. Але літаральна гарэла на нагамі акупантаў беларуская зямля, партызаны і падпольшчыкі не давалі захопнікам спакою ні днём, ні ноччу. Гераічныя старонкі ўпісалі ў гісторыяю вызвалення нашай краіны члены Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”.
– Члены обальскага падполля – родныя і блізкія для кожнага абальчаніна. Іх подзвіг застаецца ў народнай памяці. 17 удзельнікаў арганізацыі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, а Ефрасіння Зянькова і Зінаіда Партнова атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза, – адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Ірына Мікалаеўна падкрэсліла, што сёння толькі ад нас залежыць лёс нашай малой радзімы і толькі мы можам зрабіць яе квітнеючай. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў яна павіншавала абальчан з галоўным святам краіны. Хвіліна маўчання. Кветкі, вянкі і гірлянды ад сённяшняга пакалення кладуцца да стэлы і абеліску ў гонар обальскіх герояў-камсамольцаў.
Жывы інтарэс выклікала ў абальчан фотадакументальная выстава “Не змоўкне слава тых вялікіх год”, якую падрыхтавалі мясцовыя клуб, бібліятэка, музей і школа. Цікаўнасць выклікаў кожны экспанат выставы – ваенная форма часоў Вялікай Айчыннай вайны, архіўныя матэрыялы і кнігі, малюнкі вучняў школы на ваенную тэму. Людзі цікавіліся, пыталіся пра пэўныя звесткі, у кнігах шукалі прозвішчы сваякоў і знаёмых.
Багата людзей было і каля супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія праводзілі акцыю “З клопатам пра бяспеку малой радзімы”. У гульнявай форме тут расказвалі пра асноўныя правілы бяспекі, прапаноўвалі разабрацца з рознымі сітуацыямі, адказаць на пытанні па асабістай бяспецы, была магчымасць і апрануць касцюм выратавальніка. Гэты інтэрактыўны пост-пляцоўка зацікавіў як дзяцей, так і дарослых.
З песні “Беларусь” пачалі сваё выступленне салісты Віцебскай філармоніі, якія прывезлі абальчанам святочны канцэрт. Віцебскія артысты прапанавалі песні пра нашу родную краіну, яе гісторыю і будучыню. Шчырымі былі гучныя апладысменты, імі адорвалі жыхары пасёлка артыстаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гераічнай обальскай зямлі У Обалі святочныя мерапрыемствы прайшлі на пляцоўцы каля Обальскай СШ, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай. У гады...
|
|