Нясвіж у 1919-м. Нараджэнне рэспублікі. 21.by

Нясвіж у 1919-м. Нараджэнне рэспублікі

22.07.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пачатак ХХ ст. для Беларусі як ніколі быў насычаны лёсавызначальнымі 

падзеямі. Гэта і стварэнне першай палітычнай партыі,  і пачатак выдання

першых беларускіх газет, і скліканне ў Мінску  І Усебеларускага з’езда.

Гэта — першыя спробы будаўніцтва нацыянальнай дзяржаўнасці.

25 сакавіка 1918 г. была абвешчана незалежнасць

Беларускай Народнай Рэспублікі. На жаль, БНР не змагла ператварыцца 

ў паўнавартасную дзяржаву са сваім войскам, фінансамі,  дзяржаўным

апаратам. Але яе абвяшчэнне стала штуршком да рэальнага ажыццяўлення  ідэі незалежнасці. Нават сярод бальшавіцкага кіраўніцтва,  якое спачатку

непрыхільна ставілася да нацыянальнага руху,  знаходзілася ўсё больш дзеячаў,

якія былі гатовы  падтрымаць утварэнне савецкай беларускай дзяржавы.

У Смаленску 1 студзеня 1919 г. было абвешчана аб утварэнні ССРБ — Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (менавіта так гучала яе першая назва). Часовы рабоча-сялянскі ўрад узначаліў вядомы літаратар і грамадскі дзеяч Зміцер Жылуновіч, ура-джэнец Капыля. Падпісаны ім “Маніфест…”, скіраваны да насельніцтва краю, пачынаўся словамі: “Гарацешная, пакутная Беларусь, Беларусь рабочых і сялян, спярша доўгія вякі свайго жыцця служыўшая сродкам для абагачэння польскага вяльможнага панства-памешчыкаў… а потым захопленая пад уціск расійскага крывавага самадзяржаўя… перажыўшая цяжкае ярмо нямецкага прыгону, цяпер аслабаняецца ад доўгай векавой пакуты адважным наступам чырвонай арміі і прычашчаецца да новага вольнага жыцця, якое будуецца на закладзінах камунізму, на фундаменце міжнароднага саюзу працоўнага люду…”. Тады ж былі вызначаны межы новай дзяржавы. Ядром рэспублікі сталі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Гродзенская губерні з сумежнымі тэрыторыямі, на якіх пераважна пражывалі беларусы.

5 студзеня 1919 г. урад ССРБ пераехаў у Мінск. 2-3 лютага тут адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які прыняў Канстытуцыю рэспублікі і зварот да ўсіх народаў з заклікам прызнаць самастойнасць Беларусі. Але гэты ж самы з’езд, пад ціскам кіраўніцтва савецкай Расіі, быў вымушаны пагадзіцца на перадачу Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў у склад РСФСР і даў згоду на аб’яднанне савецкай Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую рэспубліку (ЛітБел). Галоўнай прычынай гэтага называлася неабходнасць сумеснай барацьбы з польскім імперыяліз-мам. Канчаткова аб’яднанне  адбылося 27 лютага 1919 г. Тым не менш, нягледзячы на ўсе хібы, нягледзячы на далейшыя падзелы і перадзелы, ідэя беларускай савецкай рэспублікі аказалася надзвычай трывалай. З цягам часу БССР аформілася як дзяржаўнае ўтварэнне. Яна стала адной з першых рэспублік Савецкага Саюза, адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і ў рэшце рэшт — падмуркам для сённяшняй Рэспублікі Беларусь.


Чым жыў Нясвіж і яго ваколіцы ў першыя месяцы 1919 года? Як адбывалася на нашых землях усталяванне новай улады? Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба звярнуцца да дакументаў, мемуараў, газетных паведамленняў 100-гадовай даўніны.

На пачатку снежня 1918 г. нямецкія акупацыйныя войскі, якія амаль дзесяць месяцаў займалі большую частку беларускай тэрыторыі, сталі пакідаць яе. У Нясвіж увайшлі аддзелы Чырвонай Арміі. Першымі органамі новай улады сталі рэвалюцыйныя камітэты (рэўкамы), якія ствараліся ва ўсіх гарадах і валасцях. У сту-дзені 1919 г. пачалі арганізоўвацца Саветы рабочых, сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў. Ужо 26 студзеня ў Слуцку адбыўся павятовы з’езд Саветаў, на які ад кожнай воласці былі накіраваны па 8 дэлегатаў. Органамі выканаўчай улады сталі валасныя выканаўчыя камітэты (выканкамы). Яны дзейнічалі ў Нясвіжы, Гарадзеі, Снове, Лані. Асаблівую актыўнасць у новых органах улады праявілі прадстаўнікі камуністычнай (бальшавіцкай) партыі. Таксама ў Нясвіжы дзейнічалі яўрэйскія партыі — Бунд і Паалей-Сіён, што было цалкам заканамерна, улічваючы, якую вялікую частку яўрэі складалі сярод жыхароў горада.

Вядома, што першым камендантам Нясвіжа, пасля адступлення немцаў, быў абвешчаны 22-гадовы Андрэй Пракапчук, ураджэнец в. Чамяры, што каля Слоніма, пазней ён стаў ваенным камісарам. Выканкам узначаліў Файнберг, Надзвычайную камісію па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам  — Татур, у органах савецкай улады працавалі Розэнблюм, Бялецкі, Стыкуць. У Лані кіраўніком выканкама быў Плакса, ваенным камісарам — А. Жук. Арганізатары Сноўскага рэўкама — браты Аляксандр і Феафіл Залескія.

Людзям, якія ўзяліся за будаўніцтва новага ладу, часта не хапала ведаў і вопыту. Здаралася,  што рэвалюцыйны энтузіязм перамагаў здаровы сэнс. Вынікам гэтага былі здзекі і расправы над невінаватымі людзьмі. Неўзабаве пасля адыходу немцаў у Нясвіж прыбыў атрад Надзвычайнай камісіі Смаленскай акругі пад камандаваннем нейкага Салдатава. Салдатаў размясціўся ў замку і павёў сябе як удзельны князь часоў сярэднявечча. На горад была накладзена кантрыбуцыя, пачаліся масавыя арышты. Пагроза расправы навісла нават над прадстаўнікамі цэнтральнай улады. Калі мясцовы рэўкам сабраўся на пасяджэнне для абмеркавання паводзін людзей Салдатава, той загадаў акружыць будынак і, пад пагрозай кулямётаў, распусціў сход. Па гэтай прычыне ўсяго за некалькі тыдняў аўтарытэт новай улады значна знізіўся. У студзені 1919 г. з дапамогай рэгулярнай арміі ўдалося нарэшце раззброіць атрад Салдатава. Камандзіра разам з паплечнікамі аддалі пад суд, арыштаваных выпусцілі, а кантрыбуцыя, сабраная з горада, нібы растала ў паветры.

У першыя дні 1919 г. да нашых мясцін дайшлі весткі аб утварэнні ССРБ. 4 студзеня ў Нясвіжы адбыўся мітынг, прысвечаны абвяшчэнню  Беларускай Савецкай Рэспублікі. У дакументах той пары адзначана: “Мітынг прайшоў пры вялікім яднанні народных мас рабочых і сялян. Авацыям не было канца. Настрой рабочых радасны, прыўзняты. Удзельнікі мітынгу горача віталі ўтварэнне Беларускай ССР”.

Згодна з пастановамі, прынятымі ў Смаленску, тэрыторыя Савецкай Беларусі падзялялася на 7 раёнаў: Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі. Кожны раён дзя-ліўся на падраёны, іх было ад 6 да 10. Горад Нясвіж уваходзіў у Слуцкі падраён Мінскага адміністрацыйна-гаспадарчага раёна. Гарадзея (Замір’е) — у Навагрудскі падраён Барана-віцкага раёна. Разам з тым, захоўваліся і старыя назвы адміністрацыйных адзінак: “губерні”, “паветы”, “воласці”.

Адміністрацыйнае пытанне аказалася найбольш актуальным. Яшчэ перад Першай сусветнай вайной гучалі прапановы аб стварэнні асобнага Нясвіж-скага павета, у Савецкай Беларусі аб гэтым загаварылі зноў. Павятовы Слуцк, размешчаны на ўсходнім ускрайку рэгіёна, быў аддалены ад цэнтраў некаторых валасцей на 90 і больш вёрст, што пры тагачасных сродках камунікацыі з’яўлялася непераадольнай адлегласцю. З улікам гэтага паўстала пытанне аб арганізацыі Нясвіжскага павета, у які б увайшло 6 заходніх валасцей Случчыны і 13 валасцей Ігуменскага і Навагрудскага паветаў. Пры гэтым максімальная адлегласць Нясвіжа ад цэнтра самай дальняй воласці не перавышала б 35 вёрст. Аднак, калі ў Навагрудку і Ігумене да такой прапановы паставіліся дастаткова нейтральна, то слуцкае кіраўніцтва ўспрыняло яе ў штыкі, баючыся, што ад яго адыдуць самыя багатыя і ўра-джайныя воласці.

Прыхільнікі стварэння новай адміністрацыйнай адзінкі прыводзілі даволі пераканаўчыя аргументы. Газета “Звязда”     (№ 392 ад 8 сакавіка 1919 г.) пісала: “Слуцк не мае ніякай агранічанай сувязі з аддаленымі месцамі. Там ён не можа наладзіць адміністрацыйны апарат. Там амаль усё насельніцтва непісьменнае. Настаўнікі не ідуць на службу, таму што ездзіць у павятовы горад за жалаваннем і школьнымі дапаможнікамі “сабе даражэй”. На павятовыя з’езды з такіх валасцей ніхто не з’яўляецца, так як, па-першае, гэта каштуе шалёных грошай… па-другое, таму, што запрашэнне даходзіць да месца задняй датай. Напрыклад, з’езд прызначаны на 20 дзень, а папера прыходзіць 21. Тое ж самае і з рознымі тэрміновымі распараджэннямі: іх нельга сваечасова выканаць таму, што на месцы яны дахо-дзяць з жахлівым спазненнем.

Летам, калі “пускаюць” балоты, некаторыя воласці бываюць адрэзанымі ад Слуцка. У Слуцка няма шчупальцаў, якімі б ён мог даставаць з перыферыі тое, што яму патрэбна… Вакханалія робіцца з лясной гаспадаркай, за якой рашуча ніхто не назірае. Гэта прыводзіць да таго, што ў Слуцку, Нясвіжы і Мінску — паліўны крызіс, у той час як у губерні сотні тысяч дзесяцін лесу. Спыняюцца тартакі, запалкавыя, фанерныя і іншыя заводы. Няма будаўнічага лесу, сялянскія хаты разваліваюцца. У адной воласці сялянам дазволена браць лес для будаўніцтва, у другой воласці такога дазволу няма; у адным павеце можна рубіць лес на дровы, у другім нельга.

Нават дзіцяці зразумела, што ўтварэнне новага павета неабходна з усіх пунктаў гледжання. Аднак Слуцк пярэчыць гэтаму з упартасцю, якая даходзіць да экстаза… Пасля адной з анкет, калі сяляне нейкай воласці занадта адмоўна выказалі сваё стаўленне да Слуцка, адтуль была прыслана карная экспедыцыя. Так гавораць у Нясвіжы. Верагодна перабольшваюць, так як жарсці тут дастаткова накаліліся…”. (Пунктуацыя і арфаграфія арыгінала захаваны).

Для вырашэння пытання пры народным камісарыяце ўнутраных спраў стварылі асобную камісію, але спрэчка паміж Слуцкам і Нясвіжам так і не была вырашана.

Нягледзячы на цяжкасці, пакрысе рабіліся крокі да сацыяльных і культурных пераўтварэнняў. На пачатку лютага 1919 г. у Камітэт Дзяржаўнага Будаўніцтва быў пада-дзены праект і каштарыс па электрыфікацыі Нясвіжа, які па тэхнічных умовах прызналі магчымым для ажыццяўлення. Невядома, ці прыступілі да яго практычнай рэалізацыі. У вёсках адкрываліся школы і народныя дамы. Часам ініцыятыва сыходзіла ад саміх сялян, як гэта было ў Студзёнках Гарадзейскай воласці. Тут мясцовая моладзь прыстасавала пад народны дом былы “магазін”— ссыпны склад збожжа. За некалькі месяцаў яго адрамантавалі, зрабілі сцэну, а 4 сакавіка адбылося ўрачыстае ад-крыццё. Прыбранае памяшканне было ўпрыгожана яловымі галінкамі, а каля сцэны стаялі чырвоны і чорны сцягі. На чырвоным быў зроблены надпіс “Просвещение — бедноте, диктатура — пролетариату”, на чорным — “Слава борцам, павшим за свободу”. Дом выкарыс-тоўваўся як бібліятэка, чытальня, месца для правядзення сходаў, вечарын і тэатральных пастановак. Для забеспячэння вёсак літаратурай у Нясвіжы было створана адмысловае ўпраўленне па распаўсюджванні друкаванай прадукцыі. У адпаведнасці з павевамі часу, перавагу аддавалі палітычнай літаратуры, хаця на вёсках найбольшым попытам карысталася белетрыстыка і кнігі па гаспадарцы.

Але галоўнымі пытаннямі для савецкай улады ў тыя дні сталі пытанні абароны і харчавання. Хлеб! Вось што патрабавалася ад сялян у першую чаргу. Хлеб і людзі, якія маглі стаць у шэрагі Чырвонай Арміі.

Андрэй БЛІНЕЦ,

старшы навуковы

супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага

музея-запаведніка “Нясвіж”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пачатак ХХ ст. для Беларусі як ніколі быў насычаны лёсавызначальнымі  падзеямі. Гэта і стварэнне першай палітычнай партыі,  і пачатак выдання
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика