На Ушаччине впервые прошёл праздник озера
09.08.2019
—
Разное
|
Прыгожы бераг Вяркудскага возера ў Лозах улетку пустуе рэдка, але столькі народу на адзін квадратны метр ён, пэўна, яшчэ не бачыў! Менавіта тут у суботу ладзілася цікавае свята, на якое завіталі не толькі жыхары бліжэйшых вёсак, гарпасёлка, а нават і госці раёна. Заблукаць ці абмінуць мерапрыемства было немагчыма: ад трасы каля Вяркуд і далей па маршруце пра свята падказвалі адмысловыя ўказальнікі. Без чаго не абысціся падчас адпачынку на возеры? Камусьці без вуды, іншым без лодкі ці надзіманага матраца. Усё гэта і многае іншае тут можна было прыдбаць у жартоўным пункце пракату. І месца гэтае ператварылася ў сапраўдную фотазону, толькі лянівы не сфатаграфаваўся з абаяльным гаспадаром пункта, які быў выраблены з розных падручных матэрыялаў. Цэны ж, трэба сказаць, у пракаце кусаліся: напрыклад, рыбацкі плашч тут прапаноўвалі за ўмоўныя сто долараў, маленькі катамаран за 50, а вялікі – таксама за сотню. Самай дарагой рэччу стаў выратавальны круг аж за 500 долараў. “На бяспецы не трэба эканоміць!” – з усмешкай каменціравалі работнікі Вяркудскага сельскага Дома культуры, якія былі галоўнымі арганізатарамі свята і заманьвалі спыніцца і ў абсталяваным гатэлі “Тры пескары” ці двухмесным бунгала. Праграма мерапрыемства атрымалася даволі насычанай. Акрамя песень, прыпевак у выкананні работнікаў культуры і самадзейных артыстаў групы “Вяркужаначка” ўсім гасцям прапаноўвалася паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах. Напрыклад, за правільна адгаданыя загадкі азёрнай тэматыкі гледачы атрымлівалі прызы. “Так захацелася сушанай рыбы!”, – казалі Лілія Смаляк і Любоў Мядзведзева, якія не ўтрымаліся і пайшлі ўдзельнічаць у конкурсе, дзе з завязанымі вачыма трэба было намацаць гэты прадукт. Менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы вызваліся на хуткасць вылоўліваць з ёмістасці маленькую рыбку, якую потым выпусцілі ў возера. Нямала жадаючых знайшлося паспрабаваць сябе і ў сілавым конкурсе, нягледзячы на тое, што на гіры значылася лічба ў 100 кілаграмаў. Канечне, гэта быў таксама жарт. Прычым, падымаць гіру і гантэлі не супраць былі нават жанчыны. Ну а якое свята возера без рыбалоўнага конкурсу? Праўда, налавіць рыбы за 30 хвілін можа толькі сапраўдны аматар гэтай справы. І лепш за ўсіх з пастаўленай задачай справіўся Сяргей Гарбачоў. А паколькі ўлоў патрэбны быў для юшкі, то быў аб’яўлены і конкурс на аператыўную ачыстку рыбы. “У чым сакрэт смачнай юшкі? Галоўнае, каб яна была зварана на вогнішчы на прыродзе. Як бы вы ні стараліся, такога эфекту на пліце не атрымаецца! Рыба, бульба, спецыі – вось наш рэцэпт”, – казалі работнік СДК Віталь Кладніцкі і пенсіянер Мікалай Грак, якім была даверана адказная справа яе прыгатавання для ўсіх удзельнікаў і гасцей свята. А прыемны водар “гуляў” па беразе. Усім, хто завітаў у гэты дзень у Лозы, юшка вельмі спадабалася. Дарэчы, свой уклад у свята ўнеслі і многія іншыя актывісты-вяскоўцы. Напрыклад, Васіль Ліленка напярэдадні старанна выкошваў тэрыторыю, прылягаючую да берага, а непасрэдна на свяце граў на гармоніку. Мясцовы разьбяр па дрэве Міхаіл Цецярук змайстраваў міні-лодку для прыгаданага вышэй пракату, якую аблюбавалі самыя маленькія ўдзельнікі. Тамара Цянюга і Раіса Мацюш узялі на сябе непрыглядныя ролі кікімар, а Ірына Краснова – вядучай, акампаніятара і спявачкі. “Пойдзем відэа здымаць, глянь, як цікава!” – казалі ўдзельнікі мерапрыемства, калі настаў, бадай, самы эфектны момант свята: на лодцы па возеры плыў вадзянік. “Мама, а ён сапраўдны? Тата, а пойдзем яго памацаем!” – не стрымлівалі эмоцый дзеці. Пераўвасобілася ж у азёрнага персанажа Наталля Цецярук, актыўная ўдзельніца ўсіх клубных мерапрыемстваў. “Для нашых невялікіх і ціхіх Лозаў гэта сапраўдная падзея. Цікавая ідэя, якую грэх было не рэалізаваць у такім азёрным краі. Дзякуй за старанні ўсім, хто меў дачыненне да мерапрыемства, за тое, што падарылі добры настрой!” – казалі дачнікі з Полацка. “Мы проста ў захапленні! Я з Калінінградскай вобласці, а зараз адпачываю ў Крыжах. У госці да мяне завіталі сябры-расіяне і мы ўсе разам вырашылі адправіцца на свята. Цікавыя конкурсы па тэме, жывы гук, сяброўская атмасфера, а якая юшка смачная і ўсе пачастункі, прыгатаваныя стараннымі вяркудскімі гаспадынямі! Ні ў чым падобным яшчэ не даводзілася ўдзельнічаць! – дзялілася ўражаннямі Святлана Гладышава. Работнікі СДК у сваю чаргу дзякавалі за дапамогу свайму спонсару індывідуальнаму прадпрамальніку Р.Копацю. Ніхто не хацеў разыходзіцца, нават калі праграма была вычарпана, а гэта толькі азначае, што першае свята возера сапраўды ўдалося! І думаецца, што яно абавязкова працягнецца і стане брэндавым, паколькі ўшацкія азёры – ужо візітоўка раёна. Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыгожы бераг Вяркудскага возера ў Лозах улетку пустуе рэдка, але столькі народу на адзін квадратны метр ён, пэўна, яшчэ не бачыў! Менавіта тут у суботу ладзілася... |
|