Настоящая красота царит на усадьбе семьи Журко из Ушач
27.08.2019
—
Разное
|
“Такая прыгожая сядзіба! Ходзім міма па вуліцы Вечальскай і любуемся, удыхаем водар шматлікіх кветак. Абавязкова напішыце на старонках газеты пра гэты адрас прыгажосці!” Такі водгук пра падворак Раісы Мікалаеўны і Генадзя Арцёмавіча Журко з гарпасёлка пакінулі чытачы нашай газеты. Сапраўды, не прыкмеціць старанні мінулагодніх пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні проста немагчыма. Колькі відаў кветак тут расце, не можа злічыць і сама гаспадыня. Пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені яны змяняюць адна адну. На кожным кроку – ад ганка да надворных пабудоў зараз рознакаляровымі фарбамі радуюць петуніі, агнём гараць непатрабавальныя цыніі і аксаміткі, прыцягваюць увагу царыцы-ружы, гладыёлусы, астры. Калі ў многіх сальвіі асацыіруюцца выключна з чырвоным колерам, то на гэтым падворку ёсць больш рэдкія фіялетавыя і белыя. За цянёк пад дрэвам і пастаянны догляд пышным цвіценнем аддзячылі бальзаміны. Самым жа яркім Раіса Мікалаеўна лічыць ліпень – месяц, калі зацвітаюць любімыя ёю лілеі і лілейнікі, іх на клумбах больш 15 відаў. Кветкавы спіс можна пералічаць яшчэ вельмі доўга, як і любавацца такім малюнкам. Прычым, кожная клумба тут дасканала прадумана, ёсць і цікавыя рашэнні ў афармленні: напрыклад, звычайны бачок у спалучэнні з трубкай ад пыласосу пасля афарбоўкі пераўтварыўся ў вазон, у такім жа амплуа яшчэ служаць і старыя пакрышкі. Незвычайнага антуражу падворку надае бусел і ружовыя чаплі, маленькія зайкі, якія прытаіліся пад кустом папаратніку. У штучным вадаёме плаваюць качкі, якіх здалёк можна зблытаць з сапраўднымі, а таксама ўсё лета цвітуць німфеі, толькі ўжо рэальныя. Каб вырасціць такое эфектнае ўпрыгожанне, канечне, прыйшлося пастарацца, але вынік таго варты. Ёсць на ўчастку і туі, якія выдатна глядзяцца не толькі ўлетку, а і зімой. З дапамогай стрыжкі яны набываюць незвычайныя формы. Аднойчы мінчане, якія адпачывалі на Вечаллі, праходзячы міма сядзібы Журко, спыніліся, дзівіліся парадку і заўважылі: “Гэта ж колькі працаваць трэба!” Сапраўды, мала проста пасадзіць, усё патрабуе пастаяннага догляду. Хоць і знаходзіцца гаспадыня на заслужаным адпачынку і жыве на беразе маляўнічага возера, аднак адпачываць няма калі. “Гэта хутчэй не работа, а маё даўняе захапленне. У плане добраўпарадкавання вельмі дапамагаюць дочкі Ірына і Ганна, унучка Лера, якія часта прыязджаюць з Мінска ва Ушачы. Што і як рабіць, ім не трэба казаць. Нават расаду ў горадзе вырошчваюць”, – гаворыць Раіса Мікалаеўна. Ёсць тут і мужчынскі ўклад, напрыклад, Генадзь Арцёмавіч зрабіў дэкаратыўны млын і домік, надаў прыгожы выгляд калодзежу, а дарожкі “апрануў” у плітку. Нельга не адзначыць, што бачаць гэтыя працавітыя людзі і далей сваёй агароджы: не толькі садзяць за ёй дэкаратыўныя расліны, а і абкошваюць траву і высякаюць кустоўе. Ідэальны парадак пануе і на ўсім прысядзібным участку, а таксама падсобнай гаспадарцы, у якой шмат птушкі, ёсць пчаліныя домікі, у садзе ў цяперашні час радуюць выдатным ураджаем суніцы, буякі, маліна. Лета толькі заканчваецца, а ў гэтай сям’і ўжо будуюць планы на наступны цёплы сезон, каб штосьці ўдасканаліць, акультурыць, упрыгожыць. У працавітых людзей інакш не бывае. Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Такая прыгожая сядзіба! Ходзім міма па вуліцы Вечальскай і любуемся, удыхаем водар шматлікіх кветак. Абавязкова напішыце на старонках газеты пра гэты адрас...
|
|